Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі смуткуюць па забітых францускіх журналістах


Да амбасады Францыі ў Менску прыходзяць людзі, каб ушанаваць памяць забітых журналістаў сатырычнага часопіса Charlie Hebdo. Менчукі выказваюць падтрымку і салідарнасьці ўсяму францускаму народу.

Першыя наведнікі да будынку францускай амбасады пайшлі ад дзявятай ранку. Паасобку і невялікімі групамі людзі падыходзілі цягам усяго дня. Свой жаль і спачуваньне яны выказвалі прынесенымі кветкамі і запаленымі сьвечкамі, а салідарнасьць з расстралянымі журналістамі — пакладзенымі на брук алоўкамі. У пераважнай бальшыні — гэта звычайныя менчукі, якіх прывяла сюды ўласная грамадзянская пазыцыя. Размаўляю зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Ваш прыход сюды — гэта што?»

Юначка: «Знак салідарнасьці. Адчуваю жалобу, жаль за тое, што гэта здарылася ў эўрапейскай краіне».

Юнак: «Так — з францускім народам, з эўрапейскімі каштоўнасьцямі. Мы лічым, што свабода слова — гэта вельмі важна і ніхто ня можа забіваць людзей беспакарана».

Юнак: «Здараецца тэракт, гінуць людзі — гэта як бы сусед памёр — і кожны нармальны чалавек таксама пачувае сябе цяжка. А калі такое здарэньне адбываецца ў маштабе ўсёй краіны, то вы прыходзіце і выказваеце сваю салідарнасьць».

Спадарыня: «Я спэцыяліст па міжнародных зносінах і маю ў Францыі знаёмых, сяброў. Таму гэта мая акцыя салідарнасьці і мой заклік да міжнароднай супольнасьці — аб’яднацца супраць тэрарызму, бо гэта недапушчальна».

Спадар: «Я прыйшоў аддаць даніну памяці загінулым францускім журналістам, бо праца журналіста ў нас цяпер самая небясьпечная і складаная. І, на жаль, вось гэтыя людзі, якія адстойвалі асноўныя францускія прынцыпы — свабоды, роўнасьці і братэрства — за іх і загінулі. Я ўпэўнены, што прарок Мухамэд нашмат больш крыўдуе не на карцінкі ў часопісах, а на тых людзей, якія ў ягонае імя чыняць такія злачынствы».

Супрацоўнікі аховы францускай амбасады паведамілі, што ўдзень кніга жалю ў амбасадзе яшчэ не была адкрытая, не наведвалі дыпляматычнае прадстаўніцтва і афіцыйныя дэлегацыі. Але да будынку амбасады з кветкамі і сьвечкай прыйшоў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Старшыня БАЖу Жанна Літвіна з нагоды трагедыі сказала:

«Гэта, пэўна, чарговы знак усім людзям нашай прафэсіі — наколькі мы ў небясьпецы. Наколькі мы можам разьлічвацца за сваю прынцыповасьць, за свой прафэсіяналізм. І можам разьлічвацца проста сваімі жыцьцямі. Нашы спачуваньні сёньня ўсяму францускаму народу, ураду Францыі, ну і, вядома ж, сем’ям загінулых нашы спачуваньні і ўсёй журналісцкай супольнасьці Францыі».

XS
SM
MD
LG