Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі дапамаглі бадзяжным сабакам і катам перажыць халады ў прытулку


На заклік у інтэрнэце менчукі прывозілі для жывёлаў цёплыя рэчы і ежу. «Фаўна гораду» — адзіная ў Менску дзяржаўная арганізацыя, якая даглядае бадзяжных жывёл.

Холад для сабак не такі крытычны

У «жылым» памяшканьні для сабак — пакункі з адзеньнем, стосам складзеныя старыя цёплыя коўдры. «Гэта ўсё прыносяць гараджане, каб сабакі ня мерзьлі ўзімку», — кажа вэтэрынар Аляксандар.

Адразу ж распачынаецца неверагодны вэрхал: пастаяльцы заўважаюць побач з даглядчыкамі незнаёмых людзей. Такім гучным брэхам сабакі рэагуюць на чужакоў, тлумачыць вэтэрынарны ўрач.

Клеткі разьмешчаныя ў некалькі шэрагаў. У іх 94 жывёліны. Падлога бэтонная, паміж дахам і сьцяной — праёмы, зацягнутыя цыратай. Тэмпэратура мінусавая.

«Гэта халодна, але для сабак не крытычна: па-першае, не дае замерзнуць поўсьць, а па-другое — кожнаму ў будку пакладзеныя коўдры, швэдры, шалікі, палітоны, якія папрыносілі людзі. На некаторых нават апранаем», — паказвае Аляксандар апранутага ў дзіцячую куртку сабаку. Тым часам некаторыя сабакі пачынаюць супакойвацца. Радасна віляюць хвастамі, нібыта вітаючы, працягваюць лапы. Аднак большасьць усё ж брэша ці шчэрыць зубы. Колькі істот, гэтулькі і характараў.

Пакарысталіся — і зноў сюды, а яны ж на рукі просяцца

Для сабак са шчанятамі ў прытулку — асобнае, закрытае цёплае памяшканьне. Малыя на чужых не зважаюць і настойліва атакуюць сваю маці, спрабуючы нават на хаду піць малако. У іншых вальерах пухнатыя шчанюкі ўжо большыя і адлучаныя ад сваіх мам. Чарнявыя і рудыя — яны аднолькава жвавыя і сяброўскія, папіскваньнем патрабуюць увагі, а некаторыя спрабуюць нават голасна брахаць.

«Гэтых шчанюкоў прывезьлі сюды людзі разам з сабакамі: хтосьці на вуліцы падабраў, хтосьці сваіх прывёз, бо ня можа ўтрымліваць», — кажа даглядчыца, прыбіраючы за малымі. Шчаняты дагледжаныя, прыгожыя і разумныя, але забіраюць іх усё ж рэдка і мала. «Часьцей бяруць вясной — на лецішчы, — кажа жанчына. — А восеньню ўжо падрослых — ізноў сюды. Пакарысталіся і годзе, а яны ж — на рукі просяцца».

Жыхароў прытулку кормяць адзін раз на дзень гарачай ежай, згатаванай на сваёй кухні. Гэта макарона, рысавая, ячная і іншыя кашы ўперамешку зь лівэрнай каўбасой, курынымі вантробамі і мясам. «Да гарачай ежы дадаецца сухі корм», — кажа вэтурач Аляксандар:

«Упэўнены, што многія свойскія жывёлы ня маюць такога рацыёну. Вось паспрабуйце пачаставаць сабаку — ён яшчэ падумае, браць ад вас гэты пачастунак ці не. Галодныя жывёлы гэтак сябе не паводзяць».

Неўзабаве даглядчыцы пачынаюць кармленьне. 40-літровыя ёмістасьці з кашай вязуць да вальераў адмысловым вазком.

Кашу раскладаюць па місах і падаюць у клеткі. Становіцца ціха: сабакі шчыруюць над сваімі місамі.

Асобнае добрае слова вэтэрынарны ўрач кажа на адрас кухаркі. Яна перабірае кожны кавалак зваранага, каб жывёлам ня трапіліся косткі. «У нас усе вельмі старанна працуюць і добра клапоцяцца пра жывёл, бо любяць іх — інакш нельга».

У гатэлі для жывёл — далматынец і тхор

У чэрвені «Фаўна гораду» адкрыла для жывёл адмысловы гатэль — для тых хатніх гадаванцаў, якім патрэбны часовы прытулак. Гэта асобны, новы будынак зь «віп-нумарамі», з вальерамі для шпацыраў і пляцоўкай для трэніровак.

«Тут пабывалі каля сотні сабак і катоў, а таксама такая незвычайная жывёліна, як тхор», — кажа загадчыца ўстановы Тамара Царыкоўская. Паводле яе, гэта ня вельмі шмат — гатэль разьлічаны на большую колькасьць пастаяльцаў.

«Я ўжо разоў восемдзесят выказвалася пра наш гатэль, аднак, пэўна, пра яго ўсё ж мала ведаюць. Мы спрабавалі разьмясьціць на даху нашага гатэля рэклямны банэр, але нам адразу ж загадалі зьняць пад пагрозаю штрафаў за няўзгодненасьць».

Цяпер у сабачым гатэлі толькі чатыры жыхары, адзін зь іх — пародзісты далматынец.

Днямі ў сацыяльных сетках распачалася кампанія збору сродкаў на гадаванцаў прытулку, а таксама на тое, каб усталяваць вокны ў вальеры. Загадчыца Тамара Царыкоўская кажа, што ўдзячная за дапамогу, але галоўнае — ня холад і голад, а запатрабаванасьць саміх падапечных.

«Мы вельмі ўдзячныя людзям, якія нам дапамагаюць. Цяпер працягваюць прывозіць коўдры, швэдры і курткі. Мы падсьцілаем іх у будкі, а калі бачым, што сабачка мерзьне, то на яго і апранаем. Мы ўдзячныя людзям, якія ўвогуле дапамагаюць: прыносяць крупы, корм. Адзіная праблема ў нас — вельмі шмат гадаванцаў. На сёньня ў нас 94 сабакі, і мы б вельмі хацелі, каб іх у нас часьцей забіралі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG