Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі: «Алексіевіч не друкуюць, магчыма, з-за яе пазыцыі»


«Упершыню ў гісторыі ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі стала беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Але ў Беларусі яе кнігі ўжо дваццаць гадоў не друкуюць у дзяржаўных выдавецтвах. Як вы думаеце — чаму?» Адказваюць мінакі на вуліцах Менску.

Юначка: «Каб дамагчыся чагосьці ў нашай краіне, трэба вельмі моцна пастарацца. Я не магу дакладна адказаць на ваша пытаньне, бо ня дужа ў ім дасьведчаная. Але варта дамагацца. Нават у нашай краіне, калі хто чаго вельмі моцна жадае дамагчыся, то ўсё роўна даможацца».

Спадар сярэдняга веку: «Ня ведаю, што сказаць. Магчыма, таму, што цяпер любяць чытаць не такую сур’ёзную літаратуру, якую яна піша. Любяць розныя раманчыкі лёгкія. А яна піша літаратуру, над якой трэба задумвацца і разважаць. Магчыма, таму і не друкуюць».

Спадарыня маладых гадоў: «Магчыма, што прапаганда беларускай літаратуры ў нас вельмі слабая. Калі б нароўні была беларуская мова з расейскай — была б іншая сытуацыя. І падтрымка павінна была б быць з усіх бакоў».

Спадар сярэдніх гадоў: «Думаю, што ў выніку камэрцыялізацыі больш набываюць якраз камэрцыйнай літаратуры. А штосьці больш сур’ёзнае — на гэта, пэўна, меншы попыт — пэўна, таму».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Пэўна, попыт малы. Увогуле сталі менш чытаць — у кампутарах-інтэрнэтах усе сядзяць — магчыма, таму».

Юнак: «У нас увогуле глуха ў краіне шмат у чым. Таму я ня ведаю нічога адносна літаратуры».

Юначка: «Таму што ў нашай краіне не разумеюць тэмы, якія яна ўздымае. А ў замежжы ў людзей мэнтальнасьць іншая, таму яны больш глыбока яе ўспрымаюць і разумеюць».

Спадарыня: «Так, я яе чытала. Магчыма, з-за яе пазыцыі».

Іншая юначка: «Пэўна, у нас яе не ацанілі, а выдавецтвы „ня ў курсе“ ўсясьветных тэндэнцыяў».

Юнак: «Ня ведаю, можа, яны кніжак не чытаюць. Я б не сказаў, што Алексіевіч піша пра палітыку. Але, можа, яна закранае тэмы, якія не цікавяць беларускія выдавецтвы».

Спадарыня: «Сказаць складана. Пажадана, каб друкавалі, каб нашых беларускіх літаратараў друкавалі. Я — за».

Спадар: «Цяжка пра гэта казаць. Але мне вельмі прыемна, што наша Алексіевіч атрымала такую высокую ўзнагароду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG