Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: Хачу, каб сырыйскі ваенны канфлікт не зачапіў Беларусь


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб камэнтуе Свабодзе расейскую вайсковую апэрацыю ў Сырыі і магчымасьці далучэньня да яе Беларусі.

Уладзімер Пуцін атрымаў ад Савету Фэдэрацыі Расеі дазвол на ўвядзеньне войскаў у Сырыю. Гэтым дазволам ён скарыстаўся ўжо ў той самы дзень.

Былы кіраўнік Беларусі Мечыслаў Грыб мяркуе, што наўрад ці Беларусь будзе браць непасрэдны ўдзел у вайсковым канфлікце ў Сырыі, але той канфлікт адаб’ецца на беларускай эканоміцы.

На пытаньне, ці зачэпіць гэты канфлікт Беларусь, якая ўваходзіць у Саюзную дзяржаву з Расеяй, а таксама ў дамову з Расеяй і іншымі аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), Мечыслаў Грыб, беларускі палітык, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1994–1996 гадах, заявіў Свабодзе, што нічога добрага расейская вайсковая апэрацыя ў Сырыі не прынясе:

«Калі ёсьць рашэньне пра ўвод абмежаванага кантынгенту войскаў на тэрыторыю замежнай дзяржавы, за гэтым можа стаяць вайна. Гэта мы добра ведаем па Аўганістану. Тады Палітбюро ЦК КПСС прыняло рашэньне аб уводзе абмежаванага кантынгенту войскаў СССР — што з гэтага атрымалася, усе добра ведаюць: колькі ваявалі, колькі людзей паклалі, чаго дамагліся і што з гэтага атрымалася. Гэтая навіна, на мой погляд, даволі непрыемная для расейцаў.

Магчымасьцяў дапамагчы Беларусі ў выхадзе з эканамічнага крызісу ў Расеі будзе значна менш

Але і для нас, беларусаў, яна непрыемная, бо мы знаходзімся ў Саюзнай дзяржаве. Наўпрост юрыдычна мы не зьвязаныя з гэтым рашэньнем. Ды нават калі нас не прыцягнуць наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаць у гэтых ваенных дзеяньнях, то гэтыя дзеяньні будуць затратныя для Расеі, запатрабуюць укладаньня дадатковых сродкаў у абарону. А значыць, магчымасьцяў дапамагчы Беларусі ў выхадзе з эканамічнага крызісу ў Расеі будзе значна менш. І мы будзем гэта ведаць — нават прасіць будзе няёмка ў ваюючай краіны нешта некаму пазычаць».

Афіцыйна беларускія войскі ня бралі ўдзелу ў ваенных дзеяньнях, якія вяла Расея як незалежная дзяржава, калі не лічыць паасобных добраахвотнікаў. Грыб нагадвае, што Беларусь нават не прызнала незалежнасьць Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі, што відавочна было б у інтарэсах Расеі.

Тым ня меней, існуе АДКБ — арганізацыя калектыўнай бясьпекі, да якой Беларусь далучылася ў 1993 годзе і ў якой бярэ ўдзел Расея. Мечыслаў Грыб кажа, што ў адкрытай частцы дамовы не прапісаны абавязак Беларусі браць удзел у расейскіх баявых дзеяньнях, дый у закрытых пагадненьнях Беларусь наўрад ці абавязалася да нейкага непасрэднага ўдзелу. Тым больш, лічыць ён, Расея не скарыстаецца АДКБ:

«Думаю, што Беларусь не падпісалася на такі ўдзел (сваіх войскаў у вайсковых апэрацыях краін АДКБ. — РС), гэта вельмі адказны подпіс. І ні разу нідзе АДКБ як такая не прымала непасрэднага ўдзелу ў канфліктах на баку Расеі. І я ня думаю, што калі зараз Расея будзе ўжываць свой абмежаваны вайсковы кантынгент у Сырыі, яна будзе выкарыстоўваць АДКБ.

Я хачу, каб гэты ваенны канфлікт не зачапіў Беларусь. Хопіць нам гэтых войнаў, ужо столькі нахавáлі!

Пакуль што такіх прыкмет, што гэта адразу зачэпіць Беларусь, у мяне няма. І наагул, я супраць усіх такіх канфліктаў, калі нехта за некага вырашае пытаньне шляхам баявых дзеяньняў. Гэта прыкра, гэта не XXI стагодзьдзе, гэта бог ведама што».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG