У Стамбуле колькасьць загінулых пры выбуху каля футбольнага стадыёну Beşiktaş Vodafone Arena ў суботу ўвечары ўзрасла да 29, яшчэ больш за 160 атрымалі раненьні.
Беларусаў сярод пацярпелых падчас тэракту ў Стамбуле няма, паведамілі БелТА ў беларускім МЗС.
Затрыманыя 10 падазраваных у датычнасьці да тэракту, паведаміў міністар унутраных справаў Турэччыны Сулейман Сайлу.
Увечары 10 сьнежня ў Стамбуле адбыліся два выбухі. Ля стадыёну падарвалася машына, начыненая выбухоўкай. Пазьней сьмяротнік прывёў у дзеяньне бомбу ў бліжэйшым парку. Ніводная групоўка пакуль не ўзяла на сябе адказнасьць за ўчыненае.
Апошнімі гадамі ў Турэччыне пачасьціліся напады і тэрарыстычныя атакі, якія зьдзяйсьняюць альбо ісламісцкія групоўкі, альбо курдзкія сэпаратысты.