Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Францыі болем адазваўся ў палескай вёсцы Данілевічы


Тэракт ў рэдакцыі французкага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo болем адгукнуўся ў невялікай вёсцы Данілевічы, што ў Лельчыцкім раёне.

З прычыны трагедыі ў Парыжы смуткуюць бацькі жонкі адной з дванаццаці ахвяраў тэракту — падарожніка, фатографа й журналіст Мішэля Рэно. Палешукам, Марыі і Васілю Раманавым загіблы ад куль тэрарыстаў Мішэль Рано даводзіўся зяцем.

Марыя Раманава: «Ужо мы праплакалі тут. Перадалі толькі. Мы тут Мішэлеву фотакартку глядзелі — не знаходзім сабе месца. Ён такі харошы быў. Унучачка, дачка яго, плача, ёй адзінаццаты год: «Майго тату забралі. Я буду дзядулю называць татам».

Мішэль Рэно
Мішэль Рэно

Раманавы выгадавалі чацьвёра дзяцей — два сыны й дзьве дачкі, усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Меншая дачка Галіна скончыла інстытут замежных моваў у Менску, цяпер гэта — Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Пасьля вучобы яна працавала настаўніцай француўкай мовы у 46-й гомельскай школе на вуліцы Клермон-Фэран.

Галіна Раманава
Галіна Раманава

Гомель яшчэ з савецкіх часоў меў пабрацімскія сувязі з французкім горадам Клермон-Фэран. І калі ў мясцовы гарвыканкам запрашалі гасьцей з гэтага французскага гораду, то перакладчыкаў бралі менавіта з 46-й школы. Падчас адной з такіх сустрэчаў Галіна Раманава і пазнаёмілася з пажарожнікам і журналістам з Клермон-Фэрану Мішэлем Рэно.

Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская, якая пры канцы 80-х гадоў у складзе дэлегацыі Гомеля наведвала Францыю, у тым ліку й пабрацімскі горад, прыгадвае:

«Калі я была ў Францыі у сьнежні 1988 году, то сустракалася з гэтым Мішэлем Рэно. Ён да гэтага наведаў ужо Гомель і меў тут сяброў блізкіх. І захацеў адной зь сябровак перадаць парфум. Гэты парфум я прывезла ў Гомель і перадала ягонай дзяўчыне — Раманавай. Мішэль быў высокі й прыемны француз, такі эўрапейскі чалавек. Мы бачыліся некалькі хвілінаў у будынку мэрыі, але зараз, пасьля трагэдыі, я гэта яскрава ўяўляю. У мэрыі была такая вольная атмасфэра, усе ўваходзілі. Мы прыйшлі туды на сустрэчу з мэрам, а Мішэль ужо чакаў нас, каб перадаць парфум сваёй знаёмай у Гомель».

Неўзабаве Мішэль і Галіна Раманава пабраліся шлюбам, і яна пераехала у Клермон-Фэран. У іх нарадзілася лачка, якую у гонар лельчыцкага дзеда назвалі Васілісай.

Унучка і дачка Галіна і патэлефанвалі ў Данілевічы з Францыі, каб паведаміць пра няшчасьце.

Васіль Раманаў: «Яны ў Клермон-Фэране жывуць. Ён там у мэрыі рабіў і часопіс свой выпускаў. А ў Парыж іх паклікалі — нейкая там нарада была па часопісах, па гэтай крытыцы прарока Мухамада. Паклікалі ў Парыж, а там якраз і уварваліся гэтыя ісламісты — і вось табе бяда».

У Гомелі мясцовыя жыхары прыгадваюць, што Мішэль Рэно ў 2009 годзе ладзіў выставу ў галерэі Гаўрылы Вашчанкі. І называлася яна «Падарожжа вакол сьвету у 80 фатаграфіях».

Адзін з супрацоўнікаў галерэі прыгадвае:

«Гэта была ягоная выстава — рэпартажныя здымкі у розныя гады і з розных краінаў. Ён сам прывёз здымкі, мы іх у галерэі афармлялі і вывешвалі. Мішэль быў у нас на адкрыцьці. Пакінуў добрае ўражаньне адкрытага чалавека, які ня ставіўся ганарыста да сваіх дасягненьняў».

Нагадаем, што 7 студзеня тэрарысты ўварваліся у будынак сатырычнага часопісу Charlie Hebdo у 11-й акрузе Парыжа і адкрылі агонь з аўтаматаў па людзях і ахоўніках. Загінула 12 чалавек, у тым ліку й зяць беларускіх палешукоў Мішэль Рэно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG