Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіча выклікалі на беларускамоўны допыт


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч атрымаў позву ў Сьледчы камітэт на 11 верасьня. Яго выклікалі на допыт як абвінавачанага па справе аб «масавых беспарадках».

Пра гэта Алесь Міхалевіч паведаміў карэспандэнту Свабоды.

«Учора скінулі СМС-ку жонцы і папрасілі мяне пазваніць у Сьледчы камітэт. Я сёньня ператэлефанаваў, і сьледчы папрасіў падысьці ў пятніцу ў 10 раніцы. Ён сказаў, што мая справа была прыпыненая ў сувязі з адсутнасьцю мяне. Паколькі я прыехаў, мая справа ўзноўленая. Статус мой — абвінавачаны».

Паводле Міхалевіча, яму нічога не сказалі адносна таго, што ён адмовіўся падпісаць меру стрыманьня — падпіску аб нявыезьдзе. Як будуць далей разгортвацца падзеі, прагназаваць цяжка, кажа Міхалевіч:

«Але, прынамсі, ёсьць вельмі пазытыўныя вынікі, бо сьледчы сказаў, што ня будзе праблемаў, каб ён запісваў мае паказаньні па-беларуску. Бо два ці тры разы да мяне прыходзіў перакладчык, каб запісваць мае паказаньні ў перакладзе на расейскую мову. Я лічу, што гэта ўжо вельмі істотны прагрэс у сэнсе прыняцьця беларускай мовы як мовы, на якой можа весьціся справа. Таксама падчас размовы я папрасіў высьветліць лёс майго пашпарта. Ці мой пашпарт знаходзіцца ў матэрыялах справы, ці ён проста беззаконна канфіскаваны КДБ. Сьледчы абяцаў даведацца і ператэлефанаваць, каб паведаміць. Бо я на сёньняшні дзень знаходжуся без дакумэнтаў у Беларусі, і мне гэта троху не падабаецца».

8 верасьня палітыка затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Чэхіі, куды зьехаў пасьля выхаду са сьледчага ізалятара КДБ у 2011 годзе.

Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 сьнежня 2010 году, пасьля разгону Плошчы. Пратрымаўшы два месяцы ў сьледчым ізалятары КДБ, яго выпусьцілі. Праз тыдзень ён зрабіў гучную заяву пра катаваньні ў сьледчым ізалятары і пра тое, як яго вербавалі. Празь нейкі час Міхалевіч таемна пакінуў краіну і ўцёк у Чэхію, дзе атрымаў статус палітуцекача.

Цяпер у вытворчасьці знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненьні да Міхалевіча паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або збройным супрацівам прадстаўнікам улады). Яе расьсьледаваньне было прыпыненае пасьля выезду Міхалевіча за мяжу.

Як патлумачылі ў Сьледчым камітэце, з улікам таго, што Міхалевіч добраахвотна прыбыў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску са згоды пракурора прыняло рашэньне не заключаць яго пад варту, а ўжыць да яго меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG