Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Інтэрпол не адказвае на мае запыты наконт адмены экстрадыцыі


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч ужо чатыры гады ў міжнародным вышуку Інтэрполу. Дагэтуль ён ня можа дамагчыся, каб ягоныя дадзеныя выдалілі з «чорных сьпісаў» у Расеі ды іншых неэўрапейскіх краінах. Ці працягвае Беларусь выкарыстоўваць Інтэрпол дзеля ціску на палітычных апанэнтаў?

Алесь Міхалевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітычны ўцякач, застаецца апошнім з арыштаваных 19 сьнежня 2010 году, на каго справа аб удзеле ў масавых беспарадках дагэтуль не закрытая. У лютым 2011 году, пасьля таго, як былога намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча вызвалілі з КДБ, ён уцёк зь Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Пра тое, што Беларусь праз Інтэрпол абвясьціла яго ў міжнародны вышук, беларускі апазыцыянэр даведаўся ў сьнежні 2011-га ў аэрапорце Варшавы, дзе яго арыштавалі. Пасьля ўмяшаньня Міністэрства замежных спраў Польшчы Міхалевіча вызвалілі, але ягоныя непрыемнасьці пры візытах у розныя краіны ня скончыліся: на запыт Інтэрполу палітыка затрымлівалі яшчэ ў ЗША і Латвіі. «І сёньня я застаюся ў базах дадзеных асобаў, якіх вышуквае Інтэрпол, у неэўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Расеі», — паведаміў Алесь Міхалевіч карэспандэнту Свабоды.

«Мяне аўтаматычна распаўсюдзілі па ўсіх нацыянальных базах дадзеных, і па сёньня Інтэрпол не адказвае на мае запыты пра тое, што было зроблена дзеля таго, каб зьняць мяне з гэтых базаў. Ва ўсіх базах дадзеных па-за Эўрапейскім Зьвязам я па-ранейшаму знаходжуся. То бок фактычна я магу нармальна падарожнічаць толькі па краінах Эўрапейскага Зьвязу. У тым ліку не магу наведваць Расею. Тым больш, трэба памятаць пра тое, што Беларусь падала на мяне ў вышук праз каналы СНД, таму ня толькі ў Расеі, але і ва Ўкраіне ды іншых краінах СНД я таксама знаходжуся ў вышуку».

Алесь Міхалевіч жыве і працуе ў Чэхіі, час ад часу сустракаецца зь сям’ёй, якая засталася ў Беларусі. Паводле яго, у Чэхіі ён ведае некалькі палітычных уцекачоў зь Беларусі, якіх беларускія ўлады, як і яго, спрабуюць вярнуць у родную краіну праз Інтэрпол. «Яны не захочуць лішняй агалоскі». — адказаў палітуцякач па маю просьбу даць кантакты гэтых беларусаў. Спадар Міхалевіч мяркуе, што ўлады Беларусі працягваюць па меры магчымасьці выкарыстоўваць Інтэрпол дзеля перасьледу апазыцыі:

«І ня толькі Беларусь гэта робіць. І Расея, і Азэрбайджан. Усе дыктатарскія краіны выкарыстоўваюць Інтэрпол дзеля перасьледу палітычных апанэнтаў».

Усе дыктатарскія краіны выкарыстоўваюць Інтэрпол дзеля перасьледу палітычных апанэнтаў

Палітуцекача, якога таксама спрабавалі вярнуць у Беларусь праз Інтэрпол, удалося знайсьці па тэлефоне ў Варшаве. Былы бізнэсмэн і дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Валер Кругавы ў 1996 годзе паставіў подпіс пад імпічмэнтам Аляксандру Лукашэнку. Неўзабаве пасьля таго як на яго завялі крымінальную справу нібыта за невяртаньне крэдыту, Валер Кругавы зьехаў у Польшчу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. У 1998 годзе спадара Кругавога арыштавала польская паліцыя, яму давялося прайсьці праз суд, які не пагадзіўся з выдачай былога дэпутата ўладам Беларусі. Спроба дамагчыся экстрадыцыі спадара Кругавога праз Інтэрпол паўтарылася ў 2006 годзе:

«Прыслалі дакумэнты ў адпаведныя польскія органы з патрабаваньнем мяне выдаць. Прычым спаслаліся на нейкія новыя справы, якіх, як потым высьветлілася, не было, проста пазначылі новыя даты. Гэтак па-беларуску, проста на старую справу праз 10 год пазначылі новы нумар і дату. Пакуль тут мясцовыя з гэтым разабраліся, мяне зноў правяралі. А тыя потым заявілі, што гэта была чыста мэханічная памылка».

Валер Кругавы
Валер Кругавы

Ці будуць такія «памылкі» паўтарацца? Пра сябе Валер Кругавы кажа, што даўно далёкі ад палітыкі і ўвогуле ўжо ў пэнсійным веку, таму ня думае, што давядзецца зноў праходзіць праз падобныя непрыемнасьці. Але што да ўцекачоў зь невялікім стажам, то спробаў вярнуць іх у Беларусь спадар Кругавы не выключае. Ён працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і навокал, і адсочвае, сярод іншага, некаторыя гісторыі палітычных уцекачоў. Прыкладам, Валер Кругавы нагадаў гісторыю вайскоўца Сьцяпана Захарчанкі, які два гады таму ўцёк зь Беларусі ў Літву і таксама праз суд дамагаўся адмены экстрадыцыі. Паводле Валера Кругавога, нікога зь беларускіх палітычных уцекачоў дагэтуль з краінаў Эўразьвязу ў Беларусь ня выдалі і ня выдадуць:

«Тут калі проста заявіць, што вы займаліся палітыкай і вас за гэта перасьледуюць, — гэтага мала. Дурных тут няма. Але калі ёсьць хаця б намёк на тое, што гэтак і было, ці сумненьні, што справа гэтага чалавека ў Беларусі можа быць разгледжаная неаб’ектыўна, то тут будуць прымаць рашэньне на карысьць гэтага чалавека. Беларусь зь яе судовым і палітычным апаратам мае такую рэпутацыю, што лепш ім чалавека туды не аддаваць. Але калі сапраўды крымінальнік — забіў, скраў — тут пытаньняў не ўзьнікае. Выдаюць спраўна».

За 20-гадовую гісторыю Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі сюды было экстрадзіравана 69 злачынцаў ці падазроных у злачынстве. Гэта дадзеныя на канец 2013 году, новыя зьвесткі яшчэ не агалошаныя. Колькі запытаў на экстрадыцыю па лініі Інтэрполу накіроўвалася ў суседнія краіны, але не было задаволена — такой статыстыкі ў бюро не даюць.

Зь няўрадавых крыніц вядома, што некалькі гадоў таму беларускае бюро Інтэрполу спрабавала дамагчыся экстрадыцыі з Польшчы палітуцекача Андрэя Жукаўца, з Бэльгіі дамагаліся выдачы сябра КХП-БНФ Аляксандра Янкоўскага, аднак гэтыя справы беларускі бок прайграў. Марнымі застаюцца і спробы вярнуць з Польшчы былога дырэктара «Пінскдрэва» Ларана Арыніча, намесьніка дырэктара МАЗу Аляксандра Якаўлева.

Ад некаторых спробаў дамагчыся выдачы Беларусь адмовілася сама. Прыкладам, у канцы 2013 году Беларусь падала ў Інтэрпол заяўку на міжнародны вышук расейскага алігарха Сулеймана Керымава, але празь некалькі месяцаў сама ж гэты запыт адклікала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG