Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрываў імідж улады. Справу івейскага вэртыкальніка перадалі ў суд, нягледзячы на сплачаную шкоду


Міхаіл Ваўчэцкі

Міхаіл Ваўчэцкі

Жыхарка Іўя пра былога старшыню райвыканкаму Міхаіла Ваўчэцкага: «Пра яго казалі, што ён можа вырашыць любое пытаньне, праблема толькі ў суме».

Былога старшыню Івейскага райвыканкаму Міхаіла Ваўчэцкага арыштавалі ў чэрвені 2014 году пасьля некалькіх месяцаў «распрацоўкі і сачэньня», пра якія шмат хто ведаў у раёне, але вэртыкальшчык на гэта не зьвяртаў увагі. Такімі зьвесткамі падзялілася з карэспандэнтам Свабоды жыхарка Іўя Ірына Давідовіч. На яе думку, рэпутацыя Міхаіла Ваўчэцкага адпавядае зьвесткам пра яго, якія распаўсюдзіў Сьледчы камітэт.

«Пра яго казалі гэтак, што зь ягонай дапамогай можна вырашыць любое пытаньне, толькі праблема ў суме грошай. Верагодна, для кагосьці гэта было добра, бо гэтак можна было вырашаць пэўныя праблемы, прыкладам, уладкавацца на добрае месца, дзяцей кудысьці прыстроіць. Тыя, каму ён што добрае зрабіў, будуць на ягоным баку.

Але як мне падаецца, дык прэтэнзіі да яго сьледзтва ставіць дакладна, і нават яшчэ не за ўсё, магчыма. Бо ёсьць зьвесткі пра нібыта ягоныя дамы ў Карэлічах, у Маладэчне, і кажуць, што яшчэ ня ўсё палічылі. Папрацаваў ён тут у нас менш за 4 гады, але ўдала, ня ў кожнага такі талент.

Прычым людзі згадваюць, што за ім усталявалі сачэньне яшчэ за некалькі месяцаў да арышту, яго фатаграфавалі, здымалі на відэа, але ці ён гэтага не заўважаў, ці яму гэтыя чуткі не паведамілі, але працягваў у тым жа кірунку. Ёсьць відэа, як ён сажалку капаў, як выбіраў сосны — ад гэтага яму адмовіцца ня выпадзе, давядзецца адказваць. Ну, хіба толькі яго прабачыць самы важны чалавек».

Паводле зьвестак, арыштаваны вэртыкальшчык зь Іўя пакрыў нанесеныя ягонымі дзеяньнямі страты, якія вызначылі сьледчыя, але пры гэтым ягоную справу ўсё ж накіравалі з пракуратуры ў суд.

Сьледчы камітэт: Дзеяньні Ваўчэцкага спрыялі фармаваньню фальшывага ўяўленьня пра ўсёдазволенасьць у органах улады

Як адзначаюць у Сьледчым камітэце, чыноўнік з Гарадзенскай вобласьці цягам 2012–2014 гадоў учыніў шэраг злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці. Матэрыяльная шкода ад яго дзейнасьці склала больш як 200 мільёнаў рублёў.

Дзеяньні былога старшыні Івейскага райвыканкаму кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Сваю віну ва ўчыненых злачынствах ён прызнаў, матэрыяльную шкоду кампэнсаваў у поўным аб’ёме.

«Сьледзтвам устаноўлена, што абвінавачаны, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, даваў незаконныя ўказаньні прадпрыемствам раёну з мэтай здабываньня матэрыяльнай выгады для сябе і сваіх блізкіх.

Для асабістых патрэбаў і ў інтарэсах знаёмых былым старшынём выкарыстоўваліся тэхніка, праца работнікаў пры выкананьні будаўніча-мантажных прац пры ўзьвядзеньні свайго дома, таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці прадпрыемстваў і арганізацыяў Івейскага раёну.

Акрамя таго, былы кіраўнік райвыканкаму даваў указаньні аб прадстаўленьні зямельных участкаў ва ўласнасьць сваім знаёмым, а таксама аб адчужэньні на іх карысьць сельскагаспадарчай тэхнікі прадпрыемстваў раёну па заніжаным кошце. Гэтую тэхніку ён пасьля выкарыстаў на будаўніцтве ўласнага дома», — паведамілі ў СК Беларусі.

Таксама, як адзначаюць у праваахоўных органах, былы чыноўнік даў кіраўнікам прадпрыемстваў раёну незаконныя ўказаньні падключыць свой дом да раённай электрасеткі, а таксама абсталяваць на прысядзібным участку штучны вадаём.

«Варта адзначыць, што супрацьпраўныя дзеяньні згаданай службовай асобы прычынілі істотную шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, дыскрэдытавалі дзейнасьць выканкаму, спрыялі фармаваньню ў грамадзтве фальшывага ўяўленьня пра ўсёдазволенасьць у органах улады. У часе папярэдняга расьсьледаваньня ўстаноўлена больш за 20 эпізодаў злачыннай дзейнасьці былога чыноўніка», — адзначаецца ў паведамленьні СК.

Дзеяньні былога старшыні Івейскага райвыканкаму кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Сваю віну ва ўчыненых злачынствах ён прызнаў, матэрыяльную шкоду кампэнсаваў у поўным аб’ёме.

Цяпер чыноўнік пад вартай. Расьсьледаваньне крымінальнай справы завершана, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіраваньня ў суд.

XS
SM
MD
LG