Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага ў паклёпе на Лукашэнку прыяжджалі забіраць у псыхіятрычны шпіталь аўтаматчыкі


Міхаіл Лукашэвіч
Міхаіл Лукашэвіч

Берасьцеец Міхаіл Лукашэвіч, у дачыненьні да якога завялі крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, вярнуўся з псыхіятрычнай экспэртызы ў Навінках.

Спадар Лукашэвіч сустрэўся з праваабаронцамі і карэспандэнтам Свабоды ў гарадзкой лякарні Берасьця. Кажа, што адразу пасьля вяртаньня з Навінак захварэў на пнэўманію.

Міхаіл Лукашэвіч распавёў, як яго даставілі на экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню:

«Патэлефанавала сьледчая, прапанавала мяне завезьці машынай. Я кажу, што ня трэба, бо я ўсё праходзіў. Раніцай прыяжджае ўчастковы маёр на машыне, а за ім — „Газэль“, зь якой выходзяць чалавек пяць-сем з аўтаматамі. Праз гадзіну прыехала сьледчая з пракурорам. Пайшлі, зрабілі агляд памяшканьня. Адзін залез на велатрэнажор ды круціць... Потым яшчэ сарвалі з плота пару плякатаў, хоць там ужо і зафарбавана было. Далей — у легкавую машыну, па баках ад мяне два міліцыянты сядзяць, і павезьлі».

Міхаіл Лукашэвіч кажа, што ехаць у Навінкі не пагаджаўся, але не супрацьстаяў волі міліцыянтаў.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін распавёў, што сьледчая ў тэлефоннай размове казала яму, што Лукашэвіч паехаў на псыхіятрычную экспэртызу добраахвотна.

Большасьць надпісаў на плоце Міхаіла Лукашэвіча зафарбаваныя
Большасьць надпісаў на плоце Міхаіла Лукашэвіча зафарбаваныя

Спадар Лукашэвіч кажа, што ў Навінках прабыў два тыдні:

«Там я ніводнага подпісу нідзе ня ставіў, нават калі здаваў рэчы... Там як у турме, вар’ятня ў турме... Адно тэлефанаваньне я зрабіў сястры, і ўсё, тэлефон забралі. Уколаў ніякіх не калолі, проста псыхоляг даў свае паперкі з малюнкамі, „павук“ з прысоскамі на галаву, кардыяграму сэрца рабілі. Сядзелі дзьве дзяўчыны, псыхоляг ды загадчык аддзяленьня, які быў маім экспэртам. І ён усё правакаваў мяне, каб прызнаўся — маўляў, я пісаў на плоце. Ну, я і казаў, што нічога не пісаў. Даваў мне паперу, каб я напісаў нейкі тэкст, які быў на плоце, ды кажа, што вось, маўляў, памылка супадае, як і там».

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што справу Лукашэвіча распачалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, каб запалохаць грамадзкасьць:

«Пакуль вельмі мала інфармацыі з боку сьледзтва, што яны там маюць. Таму вельмі цяжка цяпер нешта прагназаваць. Але калі казаць пра тое, як чалавека аўтаматчыкі прымусова забралі ды завезьлі ў Навінкі безь ягонай згоды, то я думаю, што ўлады мэтанакіравана ідуць на тое, каб яго прыцягнуць да адказнасьці. Каля дзесяці гадоў гэты плот існаваў, але менавіта цяпер пачалі ціснуць. Лічу, гэта зьвязана з набліжэньнем выбараў прэзыдэнта. Проста хочуць паставіць усіх актывістаў на месца».

Некаторыя надпісы засталіся
Некаторыя надпісы засталіся

У сьнежні 2014 году Сьледчы камітэт Берасьця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі — паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта. Падставай для крымінальнай справы сталі надпісы палітычнага зьместу на плоце Міхаіла Лукашэвіча. Праваабаронца Ўладзімер Малей распавядаў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Дома ў Лукашэвіча адбыўся ператрус — забралі фарбы і пэндзлі, якімі мужчына быццам бы рабіў надпісы.

Цяпер большасьць палітычных надпісаў на гэтым плоце зафарбаваныя.

Лукашэвіч — дысыдэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе яго затрымалі ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасьля таго затрыманьня Лукашэвіча зьмясьцілі ў вар’ятню.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG