Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Вашынгтон абмяркоўваюць акрэдытацыю вайсковых аташэ


Майкл Карпэнтэр (Michael Carpenter) на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску

Майкл Карпэнтэр (Michael Carpenter) на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску

У аўторак намесьнік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр сустрэўся зь міністрам абароны Рэспублікі Беларусь Андрэем Раўковым і правёў прэс-канфэрэнцыю для журналістаў.

28–30 сакавіка ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца намесьнік памочніка міністра абароны ЗША доктар Майкл Карпэнтэр. У Пэнтагоне Майкл Карпэнтэр адказвае за Расею, Украіну і Эўразію. У сьнежні 2015 году дэлегацыі міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША правялі кансультацыі, а цяпер Карпэнтэр наведвае Беларусь.

У аўторак высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік правёў сустрэчу зь міністрам абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-лейтэнантам Андрэем Раўковым і правёў прэс-канфэрэнцыю для журналістаў. 30 сакавіка Майкл Карпэнтэр сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Я падкрэсьліваю, што вельмі важна абмяркоўваць пытаньні эўрапейскай бясьпекі ў тым ліку і зь Беларусьсю. На ўсходзе Ўкраіны, зусім побач з поўднем Беларусі, працягваецца канфлікт, і гэта яшчэ адна прычына, чаму мы павінны весьці дыялёг, працягваць кансультацыі. Мы высока цэнім тую нэўтральную ролю, якую выконвае Беларусь, арганізаваўшы ў сябе сустрэчы па вырашэньні ўкраінскага канфлікту. Ёсьць і іншыя шляхі — праз АБСЭ, міжнародныя структуры. Але нішто не заменіць двухбаковага дыялёгу», — такім чынам спадар Карпэнтэр абгрунтаваў важнасьць свайго візыту ў Беларусь.

«Падчас сустрэчы зь міністрам абароны генэрал-лейтэнантам Андрэем Раўковым абмяркоўваліся пытаньні рэгіянальнай бясьпекі, а таксама магчымасьць акрэдытацыі вайсковых аташэ пры амбасадах. Нейкіх канкрэтных тэрмінаў і графіку пакуль няма. Пакуль была толькі прапанова. Але беларускі бок вельмі спрыяльна паставіўся да гэтай прапановы. Спадзяёмся, што гэта будзе рэалізавана бліжэйшым часам».

Прадстаўнік Пэнтагону таксама спадзяецца на большую празрыстасьць і адкрытасьць у вайсковай сфэры.

XS
SM
MD
LG