Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як назваць па-беларуску жыхароў Менску — мужчыну і жанчыну? ВІДЭА


 Мянчук і мянчанка
Мянчук і мянчанка

Даводзілася чуць такі аргумэнт супраць слова „мянчук“: маўляў, тады мае быць і „мянчучка“, а гэта непрыгожа. Але і сапраўды —​ як называць жыхарку Менску?

Хто жыве ў Менску?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00

​У пачатку 1990-х Менск вяртаў сабе гарадзкі герб з выяваю Божае маці (на адпаведным магдэбурскай эпосе авальным шчыце адліты Валяр’янам Янушкевічам і вывешаны ў залі гарадзкой рады), тым жа рашэньнем № 167 ад 5 верасня 1991 г. гарсавет прыняў пастанову вярнуць беларускую назву гораду — Менск.

Выходзіла тады менская гарадзкая газэта «Добры вечар». Вось жа на старонках тае газэты мяне атакаваў пэўны гістарычны публіцыст. За слова мянчук, адраджэньню якога я тады як мог спрыяў. Асноўным контраргумэнтам было тое, што форма жаночага роду ад мянчук нібыта мае быць мянчучка, а яна — жыхарка Менску — пакрыўдзіцца. Я грунтоўна адказаў спрэчніку. Гісторыя нас рассудзіла: сёньня слова мянчук жывое і канаць не зьбіраецца. І ўсё ж нагадаю свае доказы.

Савецкі і нацыянальны сьцягі над Менскім гарадзкім саветам у жніўні 1991 г. Фота У. Кармілкіна. Са збору Грамадзкага вэб-архіву „Вытокі“
Савецкі і нацыянальны сьцягі над Менскім гарадзкім саветам у жніўні 1991 г. Фота У. Кармілкіна. Са збору Грамадзкага вэб-архіву „Вытокі“


Мянчук — традыцыйная, праўда, не летапісная (там былі мяняне) ці зафіксаваная ў ВКЛаўскіх дакумэнтах, а народная форма. Яе рэха — ва ўсходнебеларускім прозьвішчы Мінчукоў, у псэўданіме Міншчук, які, паводле Я. Карскага, прыбраў менскі пісьменьнік XIX стагодзьдзя Аляксандар Валіцкі, каб, дарэчы, падкрэсьліць сваю беларускасьць усупор польскаму mińszczanin. Заўважма, як фармант -(ч)анін у гэтым слове аб’яднаў расейскую (минчанин) і польскую мовы.

«Мянчук» («Мінчук») — менавіта гэтак звалася выдавецтва, куды перш аддаў сваю «Жалейку» ў 1906 годзе малады Янка Купала. Сярод заснавальнікаў выдавецтва — крытык і публіцыст Уладзімер Самойла, які ў адным зь лістоў заявіў сваё, так бы мовіць, credo: Я ж — не вільнюк, а мянчук. Вось так. Жыхары абодвух вялікіх гарадоў, што адыгралі знакавую ролю для беларускай гісторыі й дзяржаўнасьці, называліся ў народнай мове пачатку ХХ стагодзьдзя пры дапамозе суфіксу -ук (або -юк).

А. Крывенка. Уладзімер Самойла. ДВП, алей. 2003
А. Крывенка. Уладзімер Самойла. ДВП, алей. 2003



Што да Вільні, то былі і старадаўні вільневец, і ноўшы віленец, і, урэшце, вілянчук (сам чуў, як сябе так называў Лявон Луцкевіч). Вільнюк — больш народная форма; сёньня яе ўжываюць носьбіты так званай пальшчызны крэсовай зь Віленшчыны.

На жаль, у сучасных акадэмічных слоўніках няма назваў жыхароў паселішчаў (хаця назвы жыхароў краінаў ёсьць — напрыклад, кубінец). Яны ня трапілі таксама ў тапанімічныя даведнікі — зборы геаграфічных назваў.

Назвы жыхароў паселішчаў (навуковая назва катайконімы, ад грэцкага «паводле месца жыхарства»), апынуліся як бы паміж уласнымі назвамі, ад якіх яны ўтвораныя, і звычайнымі словамі агульнай лексыкі.

Вядомы этнограф Павел Шэйн у «Дополнениях и заметках к толковому словарю Даля» (1873) прапаноўваў фіксаваць у нарматыўных слоўніках назвы жыхароў і цікава тлумачыў, чаму гэта трэба:

Тое, што Шэйн запісаў пінчука і мінчука ў палянізмы, сьведчыць, што ён ня надта адчуваў словаўтваральныя адрозьненьні паміж мовамі. І жыхароў назваў, а жыхарак праігнараваў. Як усё ж зваць жыхарку Менску? Няўжо «мянчучка»?

Мова сьведчыць, што жаночы варыянт на -учка магчымы. Скажам, жыхар легендарнай палескай сталіцы кветак Давыд-Гарадка завецца гарадчук, а жыхарка — гарадчучка; вёска Тонеж — таняжучка, Лельчыцы — ляльчучка. Урэшце, паляшук і паляшучка; сапраўды на Палесьсі такая мадэль найбольш пашыраная.

Але неканечне мужчынскія і жаночыя формы назваў паводле месца жыхарства маюць быць блізкія, сымэтрычныя: у Коласавым Сьвержні («а ў Сьвержань пойдзе — купіць пляцку») сьвяржанін і сьвержаніца (ацаніце велічнасьць жаночага найменьня!), у палескіх Велямічах — велямюк і велямíчанка, урэшце — тураве́ц і тураўлянка.

І з агульнай лексыкі: шляхцюкшляхцянка. То зусім нармальная й гарманічная пара: мянчук і мянчанка.

(Поўная вэрсія артыкула)

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG