Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць кругласутачны мэдыйны маратон «Не — залежнасьці»


У Менску ў арт-прасторы «Верх» 26 траўня стартаваў першы ў гісторыі Беларусі мэдыйны «Маратон Не — залежнасьці». Акцыя прысьвечана праблеме згубных залежнасьцяў.

Маратон працягнецца суткі безь перапынку. Яго арганізатары — грамадзкія абʼяднаньні «Зьвяно», «Абуджэньне» і творчае абʼяднаньне «ПАН-студыя». У маратоне бяруць удзел вядомыя вядоўцы і экспэрты.

На адкрыцьці маратону вядоўца Тамара Лісіцкая агучыла статыстычныя дадзеныя, якія сьведчаць пра тое, наколькі сурʼёзная для Беларусі праблема алькагалізацыі і наркатызацыі грамадзтва.

«Гэта вельмі страшныя лічбы. Менавіта таму тут і цяпер, у абстаноўцы абсалютна праўдзівай тэлевізійнай гісторыі, і зьбіраюцца сустрэцца і размаўляць людзі», — сказала яна.

Удзельнік маратону Зьміцер Саладуха адзначыў:

«Мы выдатна разумеем, што маратон ня вылечыць ад залежнасьцяў. Але толькі разам, пачаўшы сурʼёзную размову, мы зможам нешта зьмяніць да лепшага. Разам мы можам многае, усё роўна, пра што мы гаворым — пра алькаголь, наркотыкі, дзяцей, пра зеляніну ў горадзе ці аўтамабілі».

Цягам сутак удзельнікі маратону будуць абмяркоўваць з экспэртамі, лідэрамі думкі, грамадзкімі дзеячамі і прадстаўнікамі ўлады крытычную сытуацыю ў краіне, зьвязаную з залежнымі людзьмі, паведамляе БелаПАН.

Адбудзецца дыскусія на тэму сапраўдных і ілжывых мэдычных, народных і нетрадыцыйных мэтадаў пераадоленьня залежнасьцяў.

Таксама прысутным распавядуць аб праграме «12 крокаў» для ананімных алькаголікаў, пра тое, як ставіцца да залежнасьцяў маладое пакаленьне беларусаў.

Сярод удзельнікаў акцыі — ізраільскі дыплямат, часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Сьпівакоў.

У маратоне таксама бяруць удзел гурты Naka, Navi, U.G.Oslavia, ZUI, «Няўрыда», музыкі Павал Аракелян і Аляксандар Кулінковіч.

XS
SM
MD
LG