Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія праблемы Беларусь стварала літоўскай дзяржбясьпецы? — былы кіраўнік дзяржбясьпекі Літвы пра шпіёнаў і прытулак Усхопчыку


Мячыс Лаўрынкус (Mečys Laurinkus)

Мячыс Лаўрынкус (Mečys Laurinkus)

Настасься Яўмен, Вільня — для Свабоды

Нараджэньне ў турме НКУС, маладосьць у змаганьні за нацыянальнае адраджэньне, усё жыцьцё ў служэньні свайму народу. Такая біяграфія кіраўніка ведамства дзяржбясьпекі Беларусі была б фантастыкаю. Для Літвы, аднак, гэта рэальнасьць. «Свабода» наведала Мячыса Лаўрынкуса, які ачольваў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літоўскай Рэспублікі.

Мячыс Лаўрынкус — былы дэпутат Сэйму Літвы, дыплямат і дырэктар Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы ў 1990–1991 і 1998–2004 гг.

— У вашай біяграфіі сьціпла значыцца: «нарадзіўся ў Клайпедзе». Складана здагадацца, што вы зьявіліся на сьвет не на свабодзе...

— У 1950 годзе мая маці Дануце скончыла гімназію ў Плунге, што на Жамойці. Яна ўладкавалася на працу ў бухгальтарскі аддзел, рыхтавалася да сямейнага жыцьця. Аднак гэта быў час антысавецкага супраціву, яна была сувязной у нашых партызанаў. Яшчэ даволі доўга пасьля вайны яны трымаліся ў лясах.

Маці перадавала атраду Цыртаўтаса зьвесткі пра тое, што адбываецца ў горадзе, у Міністэрстве ўнутраных спраў, паколькі мела доступ да гэтай інфармацыі. Аднак падчас аднаго з сутыкненьняў яе злавілі і, натуральна, арыштавалі. Была восень, і на той момант яна была прыкладна на трэцім месяцы цяжарнасьці. Павезьлі яе ў Клайпеду, у сьледчы ізалятар аддзелу НКУС. Ладзілі допыты.

Да ссылкі. Маці Дануце са сваімі бацькамі. Літва, канец 1940-х.

Да ссылкі. Маці Дануце са сваімі бацькамі. Літва, канец 1940-х.

— Можна ўявіць допыты савецкіх чэкістаў...

— Усім вядома, як гэта выглядала. Тэма дасьледаваная і зафіксаваная гістарычна. Пратрымалі маці да майго нараджэньня. На час родаў яе зьмясьцілі ў шпіталь, але пасьля вельмі хутка вярнулі. Пасьля чаго вынесьлі прысуд — 10 год лягераў. Павезьлі этапамі са мной, грудным дзіцем, спачатку ў віленскія Лукішкі, затым у «Крыжы» ў Ленінградзе. Адтуль — у пасёлак Інта Комі АССР, у лягер палітычных вязьняў.

— Як вам і ёй удалося выжыць?

— Выжыць трэба было ўмудрыцца, бо вакол было поўна хваробаў, эпідэміяў і, адпаведна, сьмерцяў. Там сьмерць была звыклай зьявай. Маці працавала на побытавых работах, часам у полі. Яна расказвала, што ў лягеры не было такога панятку, як чалавечая годнасьць. Ёсьць толькі мэта — выжыць. Праз тое, што лягер быў «палітычны», рэшткі чалавечнасьці там захаваліся — падтрымка, камунікацыя, самы мінімум. Былі сяброўкі з Украіны, сяброўства захавалася і пасьля лягераў. Здаецца, была знаёмая і зь Менску. А наагул паводле нацыянальнасьці найбольш вязьняў было расейцаў.

Парадак быў такі, што дзяцей зьняволеных адпраўлялі ў дзіцячы дом. Выглядаў ён як той жа лягер, толькі для дзяцей. Пэдагагічнай дзейнасьцю там ніхто не займаўся. Памятаю нейкіх бабак з самога лягера ці з суседніх пасёлкаў, якія зараблялі такім чынам лішнюю капейчыну. Вядома, каб выжыць, усе нешта кралі. Сустракацца з бацькамі дазвалялі раз на тыдзень.

Для стварэньня іміджу станоўчых дзіцячых дамоў выхаванцаў адзявалі ў самае лепшае і давалі цацкі, якіх зазвычай не было. На здымку Мячыс Лаўрынкус (зьлева) з маці. Комі АССР, 1950 г.

Для стварэньня іміджу станоўчых дзіцячых дамоў выхаванцаў адзявалі ў самае лепшае і давалі цацкі, якіх зазвычай не было. На здымку Мячыс Лаўрынкус (зьлева) з маці. Комі АССР, 1950 г.

— Ці не маглі вас пакінуць на апякунства сваякоў?

— Маці пісала прашэньні, каб яе бацькам дазволілі забраць мяне, але атрымала некалькі адмоваў. Толькі калі памёр Сталін, на палітвязьняў сталі глядзець інакш. Бабе і дзеду дазволілі забраць мяне да заканчэньня яе тэрміну. Але яны не маглі прыехаць у Комі. Па законе везьці мог нехта з пэрсаналу. Гэта была даволі рэдкая практыка. Але адна мэдсястра, расейка, пагадзілася адвезьці мяне аж у Літву.

— Такая далёкая дарога...

— Так, і цяжкая. Але яна яе адолела і адвезла мяне ў Плунге.

— Вы нешта памятаеце?

— Фрагмэнтарна. На аснове сваіх нешматлікіх успамінаў напісаў раман «Электра». Фактаграфічным яго назваць нельга. Я аздобіў сваю гісторыю рамантычнай лініяй, быццам гэтая мэдсястра засталася ў Літве і закахалася ў літоўскага партызана.

— Выходзіць, вашай першай мовай стала расейская?

— Так, калі я прыехаў да бабулі зь дзядулем, літоўскай я ня ведаў. Вывучыў зь цягам часу. А ўжо праз год датэрмінова вызвалілі маю маму.

— Ці мелі праблемы з адукацыяй праз тое, што вы зь сям’і «здраднікаў»?

— Ня меў да пэўнага моманту. Пад узьдзеяньнем усесаюзнай кампаніі «хімізацыі» я паступіў у хімічны тэхнікум. Аднак давялося мяняць спэцыяльнасьць з прычыны праблемаў са здароўем. Тады я захацеў паступіць на юрыдычны факультэт. Мае дакумэнты адкінулі ў той жа дзень, сказаўшы: «Можаш нават ня марыць». І намякнулі, што з маёй біяграфіяй паступіць магчыма хіба на факультэт літоўскай мовы і літаратуры. Так і зрабіў. У выніку перайшоў на гісторыю і філязофію. Працаваў у Інстытуце права, сацыялёгіі і філязофіі пры Акадэміі навук.

— Як вы далучыліся да «Саюдзісу»?

— У мяне была ідэя стварэньня сьпісу сасланых і зьняволеных савецкім рэжымам. Гэтую ідэю ўхвалілі, і падчас мітынгаў «Саюдзісу» мы пускалі па людзях лісты для збору такіх зьвестак. Вынікам працы стала вялізная кніга «Генацыд жыхароў Літвы».

Мячыс Лаўрынкус гартае выданьне першага сьпісу рэпрэсаваных Літвы, ініцыятарам якога быў сам

Мячыс Лаўрынкус гартае выданьне першага сьпісу рэпрэсаваных Літвы, ініцыятарам якога быў сам

— Як савецкія спэцслужбы перашкаджалі фармаваньню «Саюдзісу» і нацыянальнаму ўздыму?

— Спачатку яны паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Чэкісты былі перакананыя, што «Саюдзіс» — гэта часова. Першапачатковым плянам былі маштабныя арышты і затрыманьні. Аднак падзеі разьвіваліся настолькі дынамічна, што ў КДБ перасталі арыентавацца ў тым, што адбываецца. Тады ўнутры саміх камітэтчыкаў адбыўся падзел на маладых «лібэралаў» і кансэрватыўных «ястрабаў». Уласна, як гэта было і ў Крамлі.

Пазыцыі старых былі мацнейшыя. Яны пайшлі на перамовы з прадстаўнікамі «Саюдзісу», гаварылі жорстка, намякаючы на хуткі сумны фінал адраджэньня. А ўжо незадоўга да прыняцьця Вярхоўным Саветам Літвы Акту аб узнаўленьні незалежнасьці Літвы амаль 40 супрацоўнікаў савецкага КДБ напісалі заяву, што жадаюць падтрымаць нацыянальную ўладу, дапамагчы інфармацыяй, мэтодыкамі працы і г.д.

— Але перамагло «старое» крыло?

— Так, падзеі студзеня 1991 г. былі арганізаваныя «ястрабамі». На тэлеэкраны зноў вярнулася песенька «Спят усталые игрушки...» Да таго амаль год мы трымаліся ўласных нацыянальных законаў. Мяркую, што Гарбачоў ведаў пра гэтую апэрацыю. Калі Ельцын стаў на чале расейскай дзяржавы, Літву ўжо прызналі. Пасьля таго ўжо ніхто не спадзяваўся на вяртаньне Літвы ва ўлоньне Саюзу, як за мяжой, гэтак і ўнутры Літвы. Арганізацыя «Адзінства» ўмомант рассыпалася. Думаю, што Масква канчаткова разьвіталася з магчымасьцю вярнуць сабе Літву. Я чытаю праўладных (расейскіх. — РС) палітолягаў і бачу, што Літва не ўключаецца ў праект эўразійскай зоны. Нават Дугін (Аляксандар Дугін — ідэоляг расейскага эўразійства. — РС) прызнае, што Літва культурна, палітычна, рэлігійна належыць да іншай зоны.

Трагічныя падзеі ў Вільні, студзень 1991 г.: спроба дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненая ўзброенымі сіламі СССР. Пры штурме загінулі 14 мірных жыхароў.

— Ці займаліся вы вышукам Усхопчыка і іншых камандзіраў, якія кіравалі штурмам тэлецэнтру ў студзені 1991-га?

— ДДБ займаўся вышукам па даручэньні пракуратуры. Пры такой жа супрацы нашы спэцслужбы пераправілі зь Менску ў Вільню першага сакратара ЦК КП Літвы Мікаласа Буракявічуса.

— Чаму з Буракявічусам выйшла, а з Усхопчыкам — не?

— З Буракявічусам нам паспрыяў Менск.

— Бо гэта быў Менск да Лукашэнкі?

— Так, менавіта. Бо гэта быў студзень 1994 году. «Іншы» Менск пачаўся з 1995 г.

— Як выглядала супраца зь беларускім КДБ у пэрыяд вашага старшынства ў літоўскім ДДБ у 1998–2004 гг.?

— Я не стараўся весьці вайну, гэта бессэнсоўна. Трэба абараняць свае нацыянальныя інтарэсы і пры гэтым шукаць супольныя тэмы. Мая канцэпцыя такая: трэба наладжваць абмен інфармацыяй. Зь Беларусьсю мы ўдала супрацоўнічалі ў супрацьдзеяньні кантрабандзе. Напрыклад, мы спынялі цэлыя кантрабандныя плыні каляровых мэталаў. Пазьней актуальнай праблемай стаў міжнародны тэрарызм. Зь іншага боку, і час быў іншы. Будучыня Беларусі ўяўлялася іначай, з узмацненьнем дэмакратычнай лініі, з трансфармацыяй рэжыму.

— Ці захавалася цяпер такая супраца?

— На жаль, не. Ва ўмовах міжнародных палітычных рашэньняў зь беларускімі ўладамі ажыцьцяўляць супрацу складана. Але пры маім кіраўніцтве ДДБ такіх цяжкасьцяў не было.

— А такіх асобаў, як Ліпскі і Ашуркоў, тады не было?

— У рэальнасьці яны існавалі, але ад перасьледу і ўжываньня юрыдычных нормаў мы ўстрымліваліся. Не хацелі псаваць стасункаў. Прапаноўвалі ім па сваёй волі пакінуць Літву.

У 2015 годзе супрацоўнік дзяржаўнага прадпрыемства авіянавігацыі Рамуальд Ліпскі быў асуджаны на тры гады зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Генштабу УС Беларусі. З такім жа абвінавачаньнем асудзілі на тры гады турмы фэльчара войска Літвы Андрэя Ашуркова ў 2016 годзе.

— Вы сустракаліся з кіраўнікамі беларускага КДБ?

— Я меў сустрэчы з Уладзімерам Мацкевічам і Леанідам Ерыным. Парадак дня быў пазначаны вельмі дакладна. Ніякага палітычнага падтэксту ў ім не было. Пасьля 11 верасьня 2001 году пачаліся міжнародныя антытэрарыстычныя сустрэчы. Расея нават тады ініцыявала зьезд спэцслужбаў з розных краінаў. Але гэтае памкненьне хутка расьсеялася.

— Беларускае КДБ дзейнічае самастойна ці падкантрольнае Лубянцы?

— Не сакрэт, што яны абменьваюцца інфармацыяй. Ёсьць афіцыйныя дамовы між расейскімі і беларускімі службамі бясьпекі аб супрацы і ўзаемадзеяньні, у тым ліку ў выведцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG