Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацкевіч: «Відавочна, з боку Расеі няма добрай волі на дасягненьне міру»


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Ці сам факт сустрэчы кіраўнікоў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі ў Менску мяняе статус Аляксандра Лукашэнкі ва ўсясьветнай палітыцы? Ці не занадта завышаныя чаканьні ад менскага саміту? Ці можна сказаць, што абодва бакі канфлікту гатовыя да ўсталяваньня трывалага міру? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

«Беларуская дыктатура згубіла актуальнасьць»

— Цяпер гучаць розныя меркаваньні наконт таго, што сустрэча ўсясьветных кіраўнікоў адбываецца менавіта ў Менску. Ці мяняе сам факт саміту ў беларускай сталіцы статус і імдж Аляксандра Лукашэнкі ва ўсясьветнай палітыцы?

— Не, я не лічу, што гэта неяк уплывае на стаўленьне да Лукашэнкі. Проста беларуская дыктатура страціла актуальнасьць, калі на першы плян выйшла расейска-ўкраінская вайна. Вось і ўсё. Так што тут ня трэба перабольшваць і спэкуляваць наконт месца сустрэчы.

— Мы запісваем нашу размову ў той момант, калі лідэры толькі зьбіраюцца на сустрэчу і ня можам ведаць пра яе вынікі. Але ці не занадта шмат ставак было зроблена, ці ня надта шмат чаканьняў ад гэтага саміту? На такім фоне любы вынік, акрамя відавочнага посьпеху, можа ўспрымацца як параза і няўдача...

— Па-першае, напружвае сам фармат перамоваў. Калі размова ідзе пра расейска-ўкраінскі канфлікт, то бакамі перамоваў зьяўляюцца кіраўнікі Расеі і Ўкраіны пры пасярэдніцтве кіраўнікоў Францыі і Нямеччыны. Калі ж, як было аб’яўлена, Украіна і Эўразьвяз маюць аднолькавую пазыцыю, то тады гэты ваенны канфлікт пераходзіць у супрацьстаяньне Расеі супраць Эўропы з асацыяванай Украінай. Такая нявызначанасьць трошкі змазвае чаканьне выніку.

Па-другое, напярэдадні адбылася сустрэча кантактнай групы. Але ж там былі агучаныя прапановы так званых прадстаўнікоў ДНР і ЛНР. Аднак калі мы маем справу з расейска-ўкраінскай вайной, то ніякія ДНР і ЛНР увогуле ня маюць права голасу і свайго меркаваньня. Яны проста марыянэткі Расеі, і таму ўсялякія перамовы павінны весьціся толькі з тым, хто адказны за разьвязваньне і вядзеньне гэтай вайны. Калі ж на перамовах пачнуць улічваць «меркаваньні» самазванцаў, то гэта можа сапсаваць магчымыя вынікі.

Што тычыцца завышаных чаканьняў, то гэта цалкам апраўдана. Прэзыдэнт Францыі Алянд агучыў агульную пазыцыю, што гэта апошні шанец, што калі гэтыя перамовы не дадуць плёну, то на першы плян выходзіць сілавы варыянт вырашэньня канфлікту.

«Расея хоча падтрымліваць вялы канфлікт на ўсходзе Ўкраіны»

— Гісторыя нас вучыць, што ваенныя канфлікты заканчваюцца мірам тады, калі абодва бакі, па-першае, стаміліся ваяваць, а па-другое, дасягнулі разуменьня, што ваенным шляхам ужо нічога не дабіцца. Мне вось здаецца, што ў канфлікце на Данбасе бакі пакуль не дасягнулі такой кропкі...

— Вядома, перамовы даюць плён толькі тады, калі ёсьць добрая воля абодвух бакоў на дасягненьне міру. На сёньня, відавочна, што з боку Расеі такой волі няма. Расея не гатовая ці стамілася весьці поўнамаштабную вайну. Але ёй гэта і ня трэба. Ёй хочацца проста падтрымліваць вялы канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, каб замарудзіць разьвіцьцё Ўкраіны, вырашэньне яе праблемаў — і тым самым па-ранейшаму кантраляваць гэтую тэрыторыю.

На жаль, з боку Эўропы гучаць таксама такія меркаваньні, што канфлікт можа быць пераведзены ў той самы стан, у якім знаходзяцца расейска-малдаўскія ці расейска-грузінскія адносіны. Калі частка тэрыторыі незалежнай краіны кантралюецца прарасейскімі сіламі, якія трымаюцца эканамічна, ваенна і палітычна толькі за кошт Крамля. Калі такое адбудзецца, то мы будзем мець ня проста адзін прэцэдэнт, а цэлую практыку кантраляваньня Масквой тэрыторыяў па-за межамі Расеі. Гэта імпэрскі варыянт кантролю постсавецкай тэрыторыі вось такім бандыцкім шляхам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG