Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адбіць ахвоту ад прыватнай гаспадаркі


Людміла Каржанеўская

Людміла Каржанеўская

Пракуратура Гарадзенскага раёну выставіла пазоў да Людмілы Кажанеўскай у памеры звыш трох з паловай мільёнаў рублёў за тое, што яе каровы нібыта нанесьлі шкоду гаспадарцы «Азёры». Справа прынятая да разгляду ў раённым судзе. Людміла Каржанеўская — адзіная ў вёсцы, хто яшчэ трымае кароў.

Сёньня судзьдзя прапанавала правесьці гутарку з пацярпелым бокам і адказчыкам, каб высьветліць абставіны адміністрацыйнай справы. Юрыстка сельгаспрадпрыемства «Азёры» Гарадзенскага раёну заявіла, што Кажанеўская выпасвала тры каровы і цяля на калгасным полі, і тым самым пасевам была нанесеная шкода.

Акрамя гэтага, юрыстка зачытала, што каровы нібыта зьелі 200 кіляграмаў буракоў на суседнім полі, і прадставіла акты з падлікамі нанесенай калгасу шкоды. Яна патлумачыла суду, што на Кажанеўскую быў складзены адміністрацыйны пратакол, паводле якога адміністрацыйная камісія аштрафавала адказчыцу на 10 базавых велічынь.

Кажанеўская, у сваю чаргу, віны не прызнала і патлумачыла суду, што ніякім чынам не магла нанесьці гаспадарцы матэрыяльную шкоду:

— Я выпасвала кароў напрыканцы кастрычніка, у пратаколе пазначана дата 28 кастрычніка. На полі, дзе растуць шматгадовыя травы, ужо даўно ўсё пакасілі і траву пазвозілі. Такім чынам, шкоды аніякай, бо на зіму травы ўсё роўна болей ня вырастуць і ўраджаю ніхто зьбіраць ня будзе. А ў пратаколе запісана, што каровы выпасваліся на пасевах. Там ніякіх пасеваў няма. І на адміністрацыйнай камісіі мяне ніхто не хацеў слухаць.

Далей Кажанеўская пачала тлумачыць суду, што ў пратаколе, які тады быў на яе складзены, нічога не гаворыцца пра тое, што каровы зьелі буракі. А цяпер зьявіліся канкрэтныя лічбы. Але, маўляў, каровам столькі за адзін раз проста ня зьесьці.

Вёска Масткі

Вёска Масткі

Яшчэ Кажанеўская прасіла патлумачыць, хто і якім чынам падлічваў страты, адкуль узяліся зьедзеныя кіляграмы і гектары стаптаных шматгадовых траваў.

Прадстаўніца сельгаспрадпрыемства адказала толькі, што ўсе акты складалі адмыслоўцы гаспадаркі. Яна нават не магла пацьвердзіць, ці расьлі ў той час на полі яшчэ буракі.

Кажанеўская патлумачыла суду, што на рашэньне адміністрацыйнай камісіі напісала скаргу ў пракуратуру раёну. Адказу не прыйшло, але пазьней атрымала позву ў суд з пазовам ужо ад пракуратуры Гарадзенскага раёну.

У суд прыйшла сталая кабета, якая жыве ў суседняй вёсцы, ведае Кажанеўскую і хацела выступіць у якасьці сьведкі. Гэта была пэнсіянэрка Ларыса Сьмірнова. Судзьдзя адмовіла ёй у гэтым і папрасіла сьведку больш на паседжаньне не прыводзіць. Я потым пацікавіўся — што яна хацела засьведчыць у судзе?

Ларыса Сьмірнова

Ларыса Сьмірнова

— Ведаеце, выган, які калгас ёй выдзеліў, знаходзіцца побач з маёй хатай, і яна пастаянна тут з сваімі каровамі і ні ў якую шкоду іх не пускае. Яна адзіны чалавек у вёсцы з тых, хто трымае кароў. Працавітая, разумная, умее весьці гаспадарку. Але я хацела яшчэ сказаць пра тое, што Людміла вельмі добры чалавек, яна дапамагае многім пэнсіянэрам, дае малако, нават сама ім носіць. Яе многія паважаюць. А з кіраўніцтвам гаспадаркі ў яе, відаць, выйшаў канфлікт.

Спадарыня Сьмірнова распавяла, што калі Кажанеўская вярнулася зь сям’ёй з гораду ў бацькоўскую хату, яе старэйшай дачцэ давялося хадзіць у школу з Масткоў у Азёры за некалькі кілямэтраў, ды яшчэ празь лес. Тады маці зьвярнулася да дырэктара школы, і дзіця пачаў забіраць школьны аўтобус. Але празь некаторы час аўтобус па адну дзяўчынку езьдзіць у вёску перастаў.

Кіраўніцтва гаспадаркі патлумачыла прычыну тым, што ні сама Кажанеўская, ні яе муж у калгасе не працуюць. Кажанеўская паскардзілася ў РАНА і нават зьвярнулася ў раённую газэту. Аўтобус ізноў пачаў забіраць яе дачку ў школу. Але кіраўніцтва гаспадаркі, напэўна, пра канфлікт не забылася.

Людміла Кажанеўская — жанчына негаваркая. Распавяла, што скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум, жыве ў бацькоўскай хаце і трымае сваю гаспадарку, бо ў яе малыя дзеці і іх трэба ставіць на ногі.

Пакуль нідзе не працуе, бо яе малодшай дачцэ толькі тры годзікі. Але марыць заняцца фэрмэрствам, бо зь дзяцінства любіць свойскую жывёлу і ведае, як працаваць на зямлі. Кажа, ужо гаварыла ў райвыканкаме, што хацела б узяць зямлі, каб займацца фэрмэрствам. Але там яе ідэю прынялі без асаблівай цікавасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG