Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даяркі з Гарадоччыны баяцца страціць працу, жыльлё і дзяцей, таму гатовыя працаваць за капейкі


На фэрме ў вёсцы Верамееўка
На фэрме ў вёсцы Верамееўка

Яны баяцца наступстваў: банкруцтва ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне» прывядзе да скарачэньня работнікаў, высяленьня іх са службовага жытла, а ў пэрспектыве — адбіраньнем дзяцей зь сем’яў, дзе іх ня змогуць утрымліваць.

Менавіта так малююць сваю будучыню даяркі з фэрмы ў вёсцы Верамееўка, якая ўваходзіць у структуру прадпрыемства «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне». Пэрспэктывы няўсьцешныя, але рэчаіснасьць таксама невясёлая: заробак на фэрме мінімальны — два з паловай мільёна рублёў. І той затрымліваюць, так што людзі вымушана апынуліся ў пазыках. Нават за школьныя падручнікі заплаціць было праблемай — настаўнікі закладалі свае грошы, гаворыць маці чатырох дзяцей спадарыня Алена. Але самае страшнае для яе — застацца бяз працы, калі фэрму зачыняць:

«Вось куды потым уладкавацца? Так проста, сядзець і „бамжаваць“? Хіба гэта добра? Мы ўжо пыталіся: на птушкафабрыку нас ня возьмуць. Там сваіх хапае, і свае скарачэньні йдуць. Мы проста ня ведаем, што будзем рабіць — працы нідзе няма. А ў мяне чацьвёра дзяцей: 5, 7, 8 і 11 гадоў. Вось худы падзецца? Я ў хляўчук, а дзеці на вуліцу? Зь дзецьмі што рабіць? Ды яны хіба думаюць пра дзяцей?»

Фэрма ў аграгарадку Верамееўка
Фэрма ў аграгарадку Верамееўка

Даярка Алена
Даярка Алена

Пэрспэктыва пасяліцца ў хлеўчуку ці начаваць на вуліцы выглядае для тутэйшых работніц цалкам верагоднай. І самае страшнае, што ў такім выпадку зь бяздомных сем’яў могуць забраць дзяцей у сацыяльны прытулак. Бо тых, хто мае службовае жытло, пасьля прызнаньня прадпрыемства банкрутам і закрыцьця фэрмы чакае высяленьне.

На фэрме ў Верамееўцы
На фэрме ў Верамееўцы

Між тым, ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне» нядаўна фігуравала ў скандале з буйнымі жыльлёвымі махінацыямі. 14 дамоў у Гарадку, збудаваных за кошт ільготных крэдытаў, разьмеркавалі і прадалі ў растэрміноўку незаконна, па заніжаных коштах. Гаспадары большасьці гэтых дамоў — прадстаўнікі адміністрацыі, былыя кіраўнікі і галоўныя спэцыялісты прадпрыемства. Віцебскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту распачало крымінальныя справы на аднаго з былых дырэктараў і галоўнага бухгальтара — за злоўжываньне службовым становішчам.

Даярка Марына
Даярка Марына

Увогуле ж менавіта ранейшых дырэктараў на фэрме ў Верамееўцы лічаць вінаватымі ў праблемах прадпрыемства, гаворыць даярка, спадарыня Марына:

«Тыя дырэктары і вінаватыя. Я 5 гадоў тут працую, і за гэты час зьмянілася 8 кіраўнікоў. Цяпер прызначылі гэтага, апошняга, і „навесілі“ на яго ўсё крэдыты і ўсе пазыкі. А ён адзіны, мы бачым, хто сапраўды працуе. Сапраўды стараецца, каб мы хаця б малыя грошы, але атрымлівалі. Ён працуе, прыяжджае, у каршэнь нам дае! Мы хоць бачым, што не дарма працуе. А дзе тыя? Іх толькі апошні год трое памянялася, гэты чацьвёрты. Паставіць бы іх усіх, ранейшых, перад судом, і каб распавялі, навошта бралі крэдыты і як улезьлі ў пазыкі! Бо цяпер празь іх мы заробкі па тры месяцы не атрымлівалі, цяпер мы ўсе ў пазыках, іх у нас — во! Вышэй даху!»

Адміністрацыйны будынак ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне»
Адміністрацыйны будынак ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне»

Суд, пасьля якога ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне», выглядае, будзе абвешчана банкрутам, мае адбыцца 16 сьнежня. За падзеямі вакол прадпрыемства пільна сочыць увесь Гарадок, бо адразу 168 чалавек застануцца бяз працы, частка зь іх — без жытла. А скандал з 14 дамамі для адміністрацыі яшчэ зусім сьвежы, гаворыць мясцовы актывіст, сябар руху «За свабоду» Леанід Гаравы:

Леанід Гаравы
Леанід Гаравы

«Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне» — гэта былая «райсельгастэхніка», прадпрыемства ўвабрала ў сябе каля дзясятка былых калгасаў і саўгасаў, займае тэрыторыю каля траціны ўсяго раёну. Праблемы прадпрыемства мае праз тое, што ня можа вярнуць набраныя крэдыты, а гэта звыш 120 мільярдаў. У кастрычніку быў сход акцыянэраў наконт звароту ў эканамічны суд Віцебскай вобласьці, каб пачалі працэдуру банкруцтва. Галоўны акцыянэр — гэта Гарадоцкі райвыканкам. І гэтая кіроўная структура ня здолела наладзіць працу і весьці гаспадараньне так, каб былі выплачаны ўсе набраныя крэдыты«.

Як насамрэч вядзецца гаспадараньне, можа ўбачыць кожны, хто пабывае на фэрме ў Верамееўцы. У памяшканьні, дзе стаяць каровы, цёмна, брудна, дзьверы расчыненыя насцеж. Цяляты ўтрымліваюцца на вуліцы: проста на зямлі, а цяпер ужо на сьнезе і лёдзе пастаўлены плястыкавыя «хаткі» памерам з будку для вялікага сабакі. Каля кожнага ёсьць невялічкі загончык, але зараз яны пустыя, цяляты хаваюцца у сваіх «дамках».

Фэрма ў вёсцы Верамеева (колішняй Лажані)
Фэрма ў вёсцы Верамеева (колішняй Лажані)

Такія самыя «дамкі» для цялятаў ёсьць і на суседняй фэрме ў вёсцы Верамеева (Лажані) . Але тут яны хаця б пад дахам — у вялікім будане, сьцены якога зроблены з шыфэру. Цялятніцы Марыне 51 год, яна дужа шкадуе сваіх гадаванцаў, які і ўсе тутэйшыя работнікі. А таму, кажа, зьвесткі пра страйк, які нібыта адбыўся на фэрме 2 сьнежня, дужа перабольшаныя:

Цялятніца спадарыня Марына
Цялятніца спадарыня Марына

«Спачатку мы хацелі. Ну, у нас атрымалася не забастоўка, а паездка на сход. Зранку мы кароў падаілі, усё зрабілі і паехалі ў кантору. Там тры гадзіны адсядзелі, ніхто нам дапамагчы не захацеў. Так і сказалі: нічым дапамагчы вам ня можам! Ну, што ж, паехалі зноў на працу. Кароў і цялят пашкадавалі — яны ж есьці хочуць, даіцца трэба... А працы іншай у Гарадку няма. З гэтым дырэктарам трохі пачалі падымацца, але крэдытаў нам больш не даюць, мы ж банкруты. Нам абяцалі, што і працу знойдуць, і што з жытла высяляць ня будуць. Але мы ведаем, як бывае: ільнозавод зачынілі, а потым і высяляць пачалі. Калі каго працаўладкавалі — дык 2-3 чалавекі. Аніякай дапамогі нам няма!»

Брыгадзір Вольга Падрэз таксама кажа, што страйк на фэрме не распачынаюць толькі са шкадобы да жывёлы. Але ўпэўнена, што змагацца за прадпрыемства трэба, і што людзі спадзяюцца на цяперашняга кіраўніка, гатовыя зь ім ехаць у суд па банкруцтве:

Брыгадзір Вольга Падрэз
Брыгадзір Вольга Падрэз

«Каровы тут не пры чым, іх не пакарміць — гэта як быццам сваё дзіцё не пакарміла... Але я спадзяюся, што паміж дойкамі мы пасьпеем ва ўсе інстанцыі! У нас людзі, хоць і мала грошай, гатовыя сабраць па 30 тысяч, наняць аўтобус і ўсім паехаць на суд! Дырэктары мяняліся як пальчаткі, нам заробкі не давалі па 4 месяцы. А зараз год прайшоў, у нас заробкі каля трох мільёнаў у сярэднім. Паглядзіце — у даяркі заробак 2 мільёны 990 тысяч, вось цялятніца атрымала 3 мільёны 849 тысяч, ім за прыбаўкі вагі даплочваюць... Мы спрабуем узьняцца, а нас топяць! Але мы ўсё адно будзем імкнуцца...»

Адзінае, чаго хочуць работнікі фэрмаў — дык гэта адтэрміноўкі банкруцтва ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабесьпячэньне» на год-паўтара. За гэты час, яны гавораць, у цяперашняга кіраўніка можа атрымацца аддаць ранейшыя пазыкі. Між тым, у падпарадкаваньні прадпрыемства засталося толькі 6 фэрмаў, хоць раней было 15. Астатнія 9 пааддавалі іншым гаспадарам, і яны заняпалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG