Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар эскізу талераў: Калі не закласьці ў грошы сэнсавую нагрузку, яны адпачатку будуць пустыя


Мастак Лявон Бартлаў

Мастак Лявон Бартлаў

Менш як праз паўгода ў Беларусі пачнуць хаджэньне грашовыя купюры новага ўзору. Ці паспрыяе тэхнічнае «абразаньне» нулёў падвышэньню аўтарытэту нацыянальнай валюты?

Ад 1 ліпеня 2016-га беларусы атрымаюць дэнамінаваныя банкноты. Візуальна грошы зазнаюць радыкальныя пераўтварэньні, упершыню за ўвесь час сувэрэнітэту зьявяцца капейкі, але нязьменнай застанецца намінальная назва — беларускі рубель.

Між тым, чвэрць стагодзьдзя таму фінансавая сыстэма краіны магла атрымаць прынцыпова іншую грашовую адзінку. У 1990-м Савет міністраў БССР даў дазвол на ўтварэньне беларускага Дзяржзнаку. У тым жа годзе мастак Уладзімер Крукоўскі падрыхтаваў канцэпцыю і абгрунтаваньне нацыянальных грошай: «талеры» ў якасьці банкнотаў і «грошы» ў якасьці манэт. Эскізы купюраў з выявамі нацыянальных герояў намаляваў мастак Лявон Бартлаў.

Як адзін з аўтараў-распрацоўнікаў першай незалежнай валюты ацэньвае сёньняшні вынік працы сваіх калегаў? Найперш Лявон Бартлаў падкрэсьлівае, што відавочнае калькаваньне з ужо вядомых аналягаў, таму пра нейкую адметнасьць можна гаварыць хіба з нацяжкай:

«Мог бы больш дакладна, доказна выказаць свае адчуваньні па прапанаваных грошах, каб меў іх на руках. Давядзецца пачакаць... Зьмена, напэўна, усё ж будзе, тым больш — пра гэта абвешчана з высокіх трыбунаў. Зрэшты, рознае магчыма — божа мой, няўжо першы раз? Заўтра прачнёмся, і нам скажуць, што прыдумалі нешта іншае. Але калі ўявіць, што ўсё так, як прапісана ў партытурцы, то магу апісаць унутраныя адчуваньні.

Эскізы талераў Лявона Бартлава

Эскізы талераў Лявона Бартлава

Асноўнае — шмат падабенства з эўраасыгнацыямі. Не сказаў бы, што зусім абязьлічаныя, але, як ужо казаў, партытурка вось такая. Па-першае, лічбавае нанясеньне, графэма, асабліва ў манэтным шэрагу — трэба быць вялікім спэцыялістам, каб з ходу адрозьніць напісаньне на рублях і на эўра.

Па-другое, графічны прынцып пабудовы таксама падобны. Ня будзем казаць, наколькі візуальна прыгожа, эстэтычна прывабна і абаронена тэхналягічна, але яно такое, як ёсьць».

Хоць Лявон Бартлаў і не эканаміст, прашу зрабіць прагноз — колькі часу пры цяперашніх тэмпах інфляцыі пратрымаюцца на плыву капейкі? Абясцэньваньне беларускага рубля — самае значнае на постсавецкай прасторы, і трымаць гэтыя ўдары ўдаецца з дапамогай пэрманэнтных дэнамінацыяў. А калі вярнуць усе папярэднія абразаньні нулёў, то ў эквіваленце амэрыканскі даляр ужо перасягнуў 200 мільёнаў рублёў:

«Ох, люблю даваць прагнозы, мая слабасьць... Калі сур’ёзна — нікуды мы сваёй сьцежкай ня пройдзем. Вось глядзім на „самага роднага, блізкага, лепшага старэйшага брата“ — дык што там адбываецца з капеечкамі, алтынчыкамі, рублямі, тое ж будзе з самымі абароненымі беларускімі грашыма.

Я калі даведаўся, што будзе яшчэ і дробязь, толькі махнуў рукой.

Мы да гэтага слова нават псыхалягічна не пасьпелі прызвычаіцца, хоць памятаю грошы, якія хадзілі яшчэ да 1959 году. Дробязь — гэта ня толькі візуальная, а матэрыяльная характарыстыка стабільнасьці. А калі стабільнасьці няма, то эквівалентам можа стаць што заўгодна: мыла будзем мяняць на хлеб, хлеб — на тканіну, тканіну — на соль. Вядома, утрырую, але калі стабільнасьці няма, эквівалентам каштоўнасьці робіцца ўсё. Можа, глыток вады ці паветра хутка будзе за эквівалент.

Колькі ўтрымаецца капейка? Думаю, да наступных прэзыдэнцкіх выбараў будзе трымацца. Дзеля прыстойнасьці. Гэта мне так думаецца. А далей жа ідуць тэмы, якія ніяк немагчыма спрагназаваць, бо веды нашы ня ў той вобласьці. Што адбываецца ў сьвеце і як гэта будзе ўплываць на асобна ўзятыя краіны, прывязаныя да вялікіх караблёў? Мы маленькі караблік, а побач — гіганты. І вось куды прыцягне, куды прыб’е — сказаць цяжка».

Цікаўлюся ў суразмоўцы, наколькі карэктна параўноўваць сучасныя беларускія рублі так і ня ўхваленыя і зь нейкіх прычынаў талеры? Што сутнасна закладалася ў першыя грошы-прывіды?


«Буду гаварыць пра ўласныя ўражаньні, таму што прафэсійна я не займаюся каштоўнымі паперамі, не спэцыяліст у галіне друку грошай і г.д. Але паўстала пытаньне ў сувязі зь візуальнай зьменай савецкіх купюр, трэба было яго вырашаць. Калі казаць менавіта пра талеры, то канцэпцыя ўвасабленьня была надзвычай сур’ёзная, да справы прыцягнулі дасьведчаных людзей, працавалі самааддана. Прынамсі, у прыцэле пытаньня грошай усю адказнасьць гэтага мерапрыемства, гэтага працэсу кожны разумеў правільна. І глыбіня была адпаведная. Уладзімер Крукоўскі зрабіў цудоўную канцэпцыю, якая легла ў аснову графічнай намэнклятуры. Навукоўцы, дасьледчыкі займаліся гістарычным насычэньнем, тлумачэньнем, што нясе з сабой кожная грашовая купюра, што чалавек, які бярэ ў рукі гэты разьліковы білет, павінен адчуваць — ня толькі ўручыў і мне за гэта нешта далі, а нешта большае. З такім жа посьпехам можна і каменьчыкі, і фішкі, і ракавінкі ўжываць, думаючы, што гэта і ёсьць абменная манэта. Ён павінен дзяліць сваю частку сьвету, якую разумее і якая ў яго на руках, на тую каштоўнасьць, якую за гэта набывае. Магчыма, занадта складана, але гэта так».

Спадар Бартлаў расказвае, што кожны намінал талера меў навукова-гістарычнае абгрунтаваньне — чаму на купюры разьмешчаная выява таго ці іншага героя. У гэтым сэнсе беларускія рублі адпачатку абязьлічаныя, бо абмяжоўваюцца архітэктурнымі збудаваньнямі, ухваленымі зь невядома чыёй прыхамаці:

«Ня ведаю, канечне, якія будуць закладзеныя прынцыпы ў графічных пастулятах, у чым новыя грошы будуць мець сваю гістарычную характарыстыку і нумізматычную каштоўнасьць. Магу толькі сказаць, што ў нашай канцэпцыі мы ішлі ад велічыні ў 1 талер, і далей для кожнага наміналу была ясная пазыцыя, што там павінна быць адлюстравана. Скажам, дробныя паперкі — на кожны дзень, а самая вялікая тысячная купюра — яна рэдкая ў абарачэньні, адпаведна, яе глыбіня сыходзіла ў паганства і змыканьне з хрысьціянствам. Вось якое пагружэньне. А на талерах меншага наміналу — асобы, якія духоўна блізкія кожнаму з нас».

Карэспандэнт: «Згадаеце, якія выбітныя асобы плянаваліся на купюрах?»

«Дык іх усе ведаюць — чужых не было. Натуральна, усе нашы песьняры, як мы іх называем. Не вялікі ансамбль Уладзімера Мулявіна, а песьняры ў паэзіі: Багдановіч, Купала, Колас, асьветнікі — Францішак Скарына, Эўфрасіньня Полацкая. У асноўным партрэты тых, хто спрычыніўся да пабудовы, умацаваньня і памнажэньня славы зямлі беларускай. Гэта нашы духоўныя лідэры, духоўныя стаўпы. Гэта абсалютна правільная пазыцыя. Скажам, у ЗША на грашах партрэты прэзыдэнтаў. Кіраўнікоў нашмат больш, чым зьмясьцілася на купюрах, але своечасова спыніліся, сказалі: хопіць, ня будзем расьцягваць галерэю да Клінтана ці Абамы. Так і тут — відавочная адказнасьць, каго прапануем. Грошы, іх нанясеньне — гэта не плякат, які запрашае на вечарынку, баль, канцэрт ці гулянку. Гэта сур’ёзнае пранікненьне чалавека ў глыбіню канкрэтнай формы. Чалавек зачастую гэтага кантакту нават не разумее, але калі ён штодня сутыкаецца з выявамі, фармуецца ягоны сьветапогляд. Бярэ купюру, глядзіць — ага, гэты і гэты. І ўсё клішыруецца ў галаве назаўсёды».

З вышыні прамінулага часу можна зрабіць некаторыя высновы. Найперш — ці была неабходнасьць уводзіць талер як прыкмету рэальнай палітычнай незалежнасьці Беларусі? Ці ўсё ж рубель гэтыя функцыі выканаў? Лявон Бартлаў перакананы, што тагачасныя беларускія кіраўнікі зрабілі вялікую памылку, прагаласаваўшы за савецка-расейскі дублікат:

«Калі я правільна разумеў той час, то зьмены, якія пачалі адбывацца ў дзяржаўным уладкаваньні пасьля распаду камуністычнай імпэрыі, безумоўна, патрабавалі і рэвізіі апорных візуальных велічыняў. Канечне, свае грошы павінны былі быць.

І каб мы ў свой час усё ж адважыліся на зьмену самой назвы грошай (зразумела, што дэвальвацыя адбывалася, можа, толькі не ў такім маштабе), талер за гэтыя 25 гадоў стаў бы ясным, лёгкім і зразумелым для ўсіх навокал.

Таму што катэгорыя клішыраваньня паняцьця „рубель“ патрабуе расшыфроўкі — расейскі ён ці беларускі?

Тое ж самае, што амэрыканскі даляр, канадзкі ці аўстралійскі. Уласна кажучы, пачынаецца дэвальвацыя самога сувэрэнітэту. Які лепшы рубель? Ну дык факт, што расейскі. Хоць хто яго ведае, можа, пасьля чэрвеня ўжо наш будзе ў больш выгоднай пазыцыі. Але калі ідзе беларускі, а потым — рубель, для мяне пачынаецца чляненьне. І як яшчэ паўстануць больш сур’ёзныя эўразійскія ці іншыя аб’яднаньні, як пачнуць узьнікаць у задумах грошы для гэтага саюзу, тады зноў рэжце талёнчыкі ды купончыкі і ў кожнай краіне па-свойму іх размалёўвайце. Канечне, павінен быў быць талер. Гэта было б разумна, правільна, неабходна. А галоўнае, на гістарычна абгрунтаваным для нашай краіны прынцыпе — назьве „талер“».

Эскіз талера Лявона Бартлава

Эскіз талера Лявона Бартлава

Лявон Бартлаў дадае, што грошы, апроч сваёй асноўнай функцыі, павінны выконваць і асьветніцкую місію — каб чалавек, беручы ў рукі купюру і бачачы на ёй выяву выбітнага прадстаўніка нацыі, разумеў сваю датычнасьць да этнасу:

«Безумоўна, гэта так. Калі вярнуцца, то грошыкі, якія знаходзяцца на руках у людзей, — гэта і ёсьць, скажам так, пэўны духоўны посах. Хай даруюць мне малітвеньнікі, аскеты, але ў прынцыпе гэта посах. Ён нябачны і не заўважны навобмацак, але калі я ўзяў у рукі купюру, я павінен ганарыцца, што дакрануўся да гісторыі сваёй зямлі. І тады, магчыма, я асабіста буду імкнуцца да таго, каб спрыяць яе стабільнасьці, каб купіць на яе больш, каб яна мела большую платаздольнасьць. За грашыма — наша гісторыя. А ня тое, што голь прыйшла з поля, на лодцы пераплыла рэчку — і, маўляў, давай цяпер мне грошы, іначай буду вокны біць, як гэта адбываецца ў Эўропе. Не, гэта пытаньне сур’ёзнае».

Тым ня меней намінальнае абнаўленьне рубля, прынамсі, мае на ўвазе, што на бліжэйшую пэрспэктыву ён застанецца на варце фінансавай незалежнасьці краіны. Калі прыгадаць, яшчэ ня так даўно Беларусі мэтанакіравана навязваліся грошы расейскія. Ці згодны з гэтым Лявон Бартлаў?

«Прабач мне, ня факт, што гэта ўрэшце ня здарыцца. Тое, што мы хочам — так, гэта лепш, мець свой рубель. Ва ўсялякім разе, сёньняшні ўрад пад кіраўніцтвам прэзыдэнта вырашыў яшчэ раз вызначыць сябе самастойнай незалежнай дзяржаўнай адзінкай. І гэта добра, бо свая валюта — першая прыкмета незалежнасьці. А каб прыйшоў расейскі рубель, усё хутка-хутка растапілася б і зьнікла б этнаграфічнае разуменьне самога ўтварэньня Беларусь. Толькі з-за таго, што зьявіўся расейскі рубель.

Таму хай паціху, але ідзе дыстанцыяваньне ад Расеі. Ня ведаю, ці абавязкова сямімільнымі крокамі, можа, не адразу ў апэрацыйную, можа, паспрабаваць на таблетках праехацца, хоць наўрад ці ўдасца. Але ўсё ж сваю незалежнасьць трэба зацьвярджаць, разумець. І што мяне радуе — гэта тое, што новыя пакаленьні асэнсавана групуюць ня толькі сваё жыцьцё, але сьвядомасьці, думкі. Я кантактую са студэнтамі, маёй унучцы ўжо 21 год, і бачу, што такія катэгорыі як Расея-Беларусь, браты непадзельныя, абнімуся і больш не разыдуся, іх наагул не хвалююць. Вось гэта сыходзіць. Пра „саюз“ ведаюць, але гэта іх ніяк не кранае».

Пры гэтым спадар Бартлаў лічыць, што грошы, пазбаўленыя выразнай канцэптуальнай нагрузкі, адпачатку рызыкуюць стаць «пустымі» — нават калі яны будуць выкананыя ў найсучасьнейшай паліграфіі і валодаць шматкрокавымі ступенямі абароны:

«Грошы самі па сабе ня маюць праўдзівай глыбіні — мы ж ня можам на беларускіх купюрах разьмясьціць гістарычныя і духоўныя пласты іншай краіны, іншай рэлігійнай культуры. Вядома, не, гэта проста немагчыма. Але калі і наша ў гэтым пляне будзе недастаткова зразумела, асэнсавана і прадстаўлена, то грошы ў сваім малюнку, у сваёй глыбіні, чытаньні і кантакце з чалавекам таксама будуць пустыя. Як іх ні расфарбоўвай, якія эстэтычныя формы ні прымай, якія прыёмы ні выкарыстоўвай. Які б ні быў мастацкі сьветапогляд, яны адпачатку будуць пустыя. Таму, канечне, гэта неразрыўна зьвязана.

У талерах, якія мы распрацоўвалі, гэта было на ўзроўні фор-ідэі, фор-эскізу. І каб урадам было прынята сур’ёзнае рашэньне рыхтаваць іх да выпуску, то і працэс быў бы цікавы і хутка пайшоў бы ў масы. Бо аснова была правільная. А ці адзін мастак, ці пяць іх працавала б — розьніцы няма. Галоўнае, што існавала правільная, граматная канцэпцыя, якая трымаецца на відавочных рэчах: на разуменьні, што такое краіна, у якой ты жывеш, што такое культура, у якой ты існуеш, што такое духоўнае асяродзьдзе, якое цябе атачае. То бок — гісторыя, яе глыбіня і непазьбежнасьць будучыні. Мы ведаем, што мінулае непазьбежнае, бо яно мінулае і яго ня зьменіш. А будучае непазьбежнае, таму што яго можна ўяўляць па-рознаму, але яно ўсё роўна будзе. І калі гэтага не разумець, то проста выпусьцім чарговую прадукцыю, якую можна ўмоўна назваць грашыма».

1 ліпеня 2016 году будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:10 000. Банкноты ўзору 2000 году заменяць на банкноты ўзору 2009-га. Такім чынам, за 10 тысяч беларускіх рублёў старога ўзору можна будзе атрымаць 1 рубель новага ўзору. Адпаведна, 1 цяперашні беларускі рубель будзе раўняцца 100 беларускім капейкам.

Да 31 сьнежня гэтага году грашовыя знакі ўзораў 2000 і 2009 гадоў будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэньні і будуць аднолькава абавязковыя да прыёму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG