Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прымалі «Пагоню» і Сьцяг


19 верасьня Вярхоўны Савет Беларусі зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, а таксама прыняў новую назву дзяржавы — Рэспубліка Беларусь.

Пра тое, як гэта адбывалася — фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе».

«...міжнародная супольнасьць ва ўсіх краінах гэта ўжо ведае і чакае ад нас, калі ж мы зробім правільны крок»

Што да пазыцыі навукоўцаў, дык яснасьць на сэсіі Вярхоўнага Савету унёс Валянцін Голубеў:

«Ня трэба спасылацца на тое, што сярод гісторыкаў, навукоўцаў няма агульнай думкі. Яна існуе, існуе даўно. Усе гісторыкі — і тыя, якія былі ў ХVIII-ХIХ стагодзьдзях, і нашы сучасьнікі ў ХХ стагодзьдзі, сумленныя гісторыкі, якія пішуць праўду, — гавораць толькі адно: у нашага народу былі нацыянальна-дзяржаўнымі сымбалямі бел-чырвона-белыя колеры і дзяржаўны герб «Пагоня», якія пазначаныя на першай Канстытуцыі фэадальнага грамадзтва ўвогуле ў Эўропе, Статуце Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Гэты герб замацаваны на Статуце, на гэтай Канстытуцыі, якая была перакладзеная амаль на ўсе тагачасныя мовы Эўропы, якой карысталася ўся Эўропа. І там быў замацаваны ў якасьці дзяржаўнага герб «Пагоня». Тое, што ў гісторыкаў ёсьць агульная думка, сьведчаць дакумэнты, якія вам раздадзеныя. Тут ёсьць заключэньне Інстытуту гісторыі АН БССР, пытаньне разглядалася на вучоным савеце, яго рашэньне ляжыць у кожнага з вас на стале. Потым гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў аддзяленьні грамадзкіх навук Акадэміі навук, дзе прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх грамадазнаўчых інстытутаў. Рашэньне прынята таксама адназначна. І далей Прэзыдыюм Акадэміі навук Беларускай ССР вырашыў аднагалосна рэкамэндаваць Вярхоўнаму Савету прыняць зараз гэтыя сымбалі як сымбалі дзяржаўныя...

Зараз я хачу сказаць некалькі слоў пра Беларускую Народную Рэспубліку, створаную ў сакавіку 1918 году. Яна была створаная ў той час, калі Беларусь, па сутнасьці, па Берасьцейскай дамове, аддалі не фашысцкай Германіі, а кайзэраўскай Германіі аддалі. І вы ведаеце, хто і зь якога боку падпісваў гэтую дамову. І вось тыя людзі, выбраныя народам на Усебеларускі зьезд, які адбыўся ў 1917 годзе, у сьнежні, і які быў потым разагнаны, як і «Учредительное собрание» ў Расеі было разагнанае... Вось тыя людзі выступілі ва ўмовах акупацыі супраць таго, каб дзялілі нашу Беларусь бяз нашай згоды. Ні немцы, ні расейцы, ні хто іншы. Заявілі пра тое, што Рэспубліка Беларусь мае права на існаваньне. І яны ўзьнялі менавіта гэтыя нацыянальныя сымбалі. І я скажу паважанаму народнаму дэпутату вэтэрану, які гаварыў, што ў 1918 годзе фашысты былі на Беларусі і што багата пра гісторыю гаварыў: калі ласка, ня трэба. Не было яшчэ фашыстаў у 1918 годзе, і ня трэба ўсё так блытаць.

Я проста прашу сваіх калегаў. Тут усё зразумела. Мы можам займацца палітыканствам, можам гаварыць усё, што ўздумаецца, і нават крыўдзіць адзін аднаго. Давайце падумаем пра сучасны момант. Што адбываецца вакол нас? Усе суседзі — Расея, Украіна, Прыбалтыйскія дзяржавы — усе прынялі нацыянальную сымболіку ў якасьці дзяржаўнай. Вы бачыце, як гэта ўплывае на міжнародным узроўні ў адносінах іншых дзяржаваў да гэтых краін. І мы, пакуль ня прымем нашу нацыянальную сымболіку, мы ня станем у вачах міжнароднай супольнасьці сапраўды самастойнай незалежнай дзяржавай... Гэта справа вельмі і вельмі сур’ёзная. Вы можаце сказаць, што цяпер і так за мяжой, калі нешта друкуецца пра Беларусь, пакуль няма афіцыйнага сьцяга, скрозь ідзе бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта яшчэ адно пацьверджаньне, што міжнародная супольнасьць ва ўсіх краінах гэта ўжо ведае і чакае ад нас, калі ж мы зробім правільны крок«.

Вельмі важным быў выступ фармальнага лідэра вэтэранаў — Мікалая Жукоўскага:

«Я вельмі ўважліва выслухаў усхваляваны выступ па гэтым пытаньні старшыні камісіі паважанага Ніла Сымонавіча Гілевіча, аргумэнтаваныя выступы многіх народных дэпутатаў, і таварыша Трусава, таварыша Голубева і як грамадзянін сваёй рэспублікі не магу не ганарыцца тымі, хто быў пад Грунвальдам у 1410 годзе, тымі беларускімі харугвамі, якія разам з рускімі, літоўскімі прыпынілі рух на ўсход і захавалі нашыя землі... Мы можам, вядома, вельмі шмат спрачацца, але мы ведаем, што на харугвах нашых быў герб „Пагоня“ пад Грунвальдам, быў ён і ў іншыя моманты гісторыі нашай рэспублікі. Але мы не павінны забываць і іншае — прыйдзе час, і з вышыні гэтага часу самай паказальнай падзеяй у гісторыі нашай рэспублікі, відавочна, будзе ўсё ж подзьвіг, зьдзейсьнены разам з цывілізаванымі народамі ў 1941-1945 гадах... Я, Георгій Станіслававіч, з усімі Вашымі аргумэнтамі пагаджаюся, але не магу пагадзіцца толькі з адным. Так, да народных сымбаляў ніякі бруд не павінен прыліпнуць. Яны вышэйшыя за гэта. Але мы не павінны ўсё ж забываць, што два мільёны дзьвесьце тысяч нашых суайчыньнікаў на нашай роднай беларускай зямлі загінулі ў гады вайны. Засталіся іх дзеці, засталіся іх унукі, засталіся іх праўнукі. І ў іх сьвядомасьці, відавочна, яшчэ на доўгія гады застанецца, што іх блізкія — дзед, бацька, маці, бабуля — загінулі і ад тых, хто здрадзіў свайму народу, хто вывешваў вось гэтыя нашы народныя сымбалі разам з фашысцкай свастыкай. Думаю. што нам таксама гэта ў нейкай ступені трэба ўлічваць».

Выступ Жукоўскага, які займаў пасаду старшыні парлямэнцкай камісіі па справах вэтэранаў, у пэўнай ступені ўскладніў сытуацыю (бо ізноў было прыгадана, што «сымбалі выкарыстоўвалі фашысты»), але важна тое, што ён не адмаўляў гістарычнасьці нацыянальных сымбаляў. І менавіта гэта потым скарыстаў Пазьняк.

Лукашэнка: давайце ня будзем вырашаць наскокам

Аднак з вуснаў тых, хто быў нязгодны з прыняцьцем нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных, пачалі больш выразна гучаць не «лабавыя» аргумэнты наконт выкарыстаньня іх акупантамі, а прапановы наконт «давайце прыдумаем нешта новае» або «адкладзем на наступную сэсію», «давайце параімся з народам». Выявілася гэта ў выступах Пятра Пракаповіча, Міхаіла Марыніча ды Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка: «Паколькі гэта сур’ёзнае пытаньне — давайце яго ня будзем вырашаць наскокам, не адразу, не на пазачарговай сэсіі. Давайце яго вырашаць прадумана, узважана і пісьменна».

Міхаіл Марыніч: «Лічу, што Вярхоўны Савет рэспублікі павінен абвясьціць конкурс на дзяржаўную сымболіку, паколькі ўпершыню ў нашай гісторыі Беларусь атрымоўвае незалежнасьць... І конкурс, я веру, улічыць усе этапы гісторыі Беларусі, яе зямлі і людзей, нацыянальныя традыцыі беларусаў».

Пятро Пракаповіч: «Упершыню з гэтай трыбуны я выступаю не па вытворчых і эканамічных пытаньнях, а па іншых. І гэта не выпадкова. Справа ў тым, што пытаньні дзяржаўнай сымболікі — гэта пытаньні важныя, складаныя. Я за тое, каб нашая дзяржаўная сымболіка была новай, каб мы прынялі новую сымболіку. Але мне незразумела як дэпутату і як грамадзяніну нашай рэспублікі, чаму гэтае надзвычай важнае пытаньне мы абмяркоўваем так пасьпешліва, непадрыхтаваным. Пытаньне вынесенае намі на пазачарговую сэсію, хоць мы чакалі, што яно будзе абмяркоўвацца на чарговай сэсіі. Мы хацелі яшчэ ў кастрычніку сустрэцца з выбаршчыкамі, параіцца зь імі, абмеркаваць усё. Думаю, што і шырокага абмеркаваньня гэтага пытаньня не было ні ў друку, ні па тэлебачаньні... Ёсьць варыянты, ёсьць прапановы. Мы павінны іх абмеркаваць і вынесьці на рэфэрэндум... Вось тут навукоўцы кажуць што, маўляў, наш народ не сасьпеў для гэтага. Я ня веру ў гэта, гэта абраза нашага народу».

Усё тое азначала: адкласьці справу на няпэўны тэрмін, завалтузіць яе, а ў выніку — пакінуць краіну без нацыянальнай сымболікі (так, між іншым, і адбылося з гімнам, па якім абвясьцілі конкурс — замест таго, каб выбраць паміж «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа»). Гэтыя і падобныя аргумэнты давялося аспрэчваць. Выступалі ня толькі дэпутаты БНФ, але і Дэмклюбу.

Уладзімер Грыбанаў: «Не хацелася б, вядома, прыгадваць тут прозьвішча Лукашэнкі, але ён застаўся верны сам сабе. Нават у такім бясспрэчным пытаньні ён знайшоў магчымасьць самавыявіцца і заявіць пра свой пункт гледжаньня. Ён не арыгінальны. Ён кажа пра тое, што няма часу абмяркоўваць гэтае пытаньне».

Анатоль Лябедзька: «Выбачайце, але сьвядома ці несьвядома вы, шаноўныя калегі, выступаеце супраць саміх сябе. Што значыць сёньня ставіць пытаньне пра рэфэрэндум? Калі мы кажам пра грошы, то хто ацэніць, у колькі гэта абыдзецца? ... Калі мы здымем гэтае пытаньне з парадку дня, то тады мы павінны сказаць, ці давяраем мы сваёй Акадэміі навук, Інстытуту гісторыі. Не асобным гісторыкам, якія маюць права на асабісты погляд, а гэтым органам».

Яўген Цумараў: «Тут нашы паважаныя народныя дэпутаты выказвалі думку, што пытаньне непадрыхтаванае. Ну, калі лічыць, што тысячагадовая гісторыя Беларусі і гісторыя станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці за апошнія 70 гадоў не падрыхтавалі гэтага пытаньня, то, безумоўна, яно непадрыхтаванае... Якраз гісторыя нам яго падаравала і падрыхтавала. Вельмі здарыцца трагічная, недарэчная памылка, калі мы апынемся непадрыхтаванымі ўспрыняць і працягваць сваю гісторыю. Выказвалася думка, што гэтае пытаньне трэба вынесьці на рэфэрэндум. Але давайце ўспомнім, што ў нашым законе аб рэфэрэндуме нельга выносіць пытаньні гістарычнай спадчыны, культуры, маралі і духоўнасьці».

Дзьмітры Булахаў: «Мне сорамна за маё веданьне гісторыі. І толькі ў апошнія паўгода, калі я для сябе спрабаваў гэтае пытаньне вывучыць, я зразумеў, што Беларусь пачыналася не з 1917 году, хаця мяне гэтаму ў школе вучылі. Мне балюча за гэта. Яна пачыналася значна раней, і пачыналася менавіта з гэтых сымбаляў... А што тычыцца парадаў з народам, дык пры тым веданьні гісторыі наўрад ці можна пытацца ў народа адказ на пытаньне, якое патрабуе перш за ўсё спэцыяльных ведаў. Гэта не шырока даступныя веды. І гэтыя спэцыяльныя веды ёсьць — перад вамі аднадушнае заключэньне Акадэміі навук, якая просіць нас з вамі падтрымаць гэтыя сымбалі».

Анатоль Вярцінскі: «27 ліпеня мінулага году мы прынялі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня гэтага году мы надалі ёй статус канстытуцыйнага закону. Дык вось, артыкулам 9 гэтай Дэклярацыі мы сьведчым, што Беларуская ССР забясьпечвае функцыянаваньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця і захаваньне нацыянальных традыцый гістарычнай сымболікі. Давайце будзем трымацца лёгікі Дэклярацыі, лёгікі нашых пастановаў, нашых законаў».

Міхаіл Сьлямнёў: «Калі б мы зараз правялі рэфэрэндум, то хутчэй за ўсё атрымалі б адмоўныя вынікі. Мне здаецца, што на гэта і разьлічваюць тыя, хто ўносіць такія прапановы. У сувязі з гэтым я хацеў бы нагадаць выраз францускага філёзафа Дэкарта, які сказаў, што ісьціна ніколі не дасягаецца простым галасаваньнем. Яе носьбітамі спачатку зьяўляецца меншасьць людзей. І толькі зь цягам часу да яе далучаецца большасьць. І нам ня трэба сёньня падстаўляць беларускі народ, навязваць яму рэфэрэндум па тых пытаньнях, якімі ён не па сваёй віне (аб чым тут добра гаварыў народны дэпутат Булахаў) як сьлед не валодае. Гэта было б вялікім ашуканствам і абразай. Нам, народным дэпутатам, Вярхоўнаму Савету, трэба браць адказнасьць на сябе. Тыя, хто нас выбіраў, лічылі, што мы разумныя людзі, здольныя глядзець крыху ўперад. І калі мы сёньня ня прымем пастановы аб нашай новай дзяржаўна-нацыянальнай сымболіцы, палітычны імідж парлямэнту, дарэчы вельмі невысокі, упадзе да нуля. Многія ж дзяржавы проста ня сядуць з намі за стол перамоваў са сваёй сымболікай. Вельмі прашу вас, не зрабіце грубую палітычную памылку. Нам будзе потым вельмі сорамна. Як сорамна сёньня за тую ўпартасьць, зь якой дэпутацкая большасьць адмаўляла тыя парлямэнцкія прапановы апазыцыі, якія сёньня прыняты».

Пазьняк: нацыянальная дзяржава вышэйшая за партыйную ідэалёгію

У залі зьяўляецца прэзыдэнт Акадэміі навук БССР, народны дэпутат СССР Уладзімер Платонаў. (Пазьняк патэлефанаваў яму і папрасіў тэрмінова прыехаць.)

Ён пераконвае дэпутатаў прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных і разьбівае аргумэнты нязгодных: «Калі мы паспрабуем цяпер зрабіць конкурс і стварыць новы сьцяг і новы герб, дык мы адмовімся ад сваёй гісторыі і тым самым нібыта пагодзімся з тымі нашымі апанэнтамі, якія кажуць: „А вы ведаеце, у вас жа і гісторыі няма, і таму ня можа быць такога народу рэальнага, і такой дзяржавы Беларусь і няма і не было ніколі“. Было б памылкай, шаноўныя народныя дэпутаты, калі б мы сказалі: давайце праводзіць рэфэрэндум. Вось тады б мы ўцягнулі наш народ у незразумелыя выпрабаваньні і развагі. Ну як вы будзеце даносіць усе дэталі да людзей?»

Нарэшце, галасаваньне. І — адмоўны вынік. За сьцяг галасуе 201 дэпутат — а трэба 231.

Выйсьце з сытуацыі прапанавала намесьнік міністра юстыцыі Валянціна Падгруша: «Шаноўныя народныя дэпутаты, мне падаецца, ёсьць дастойнае выйсьце са становішча, якое склалася. У дзейнай Канстытуцыі ёсьць апісаньне афіцыйнага нашага дзяржаўнага сьцяга (артыкул 168). Калі мы выключым з Канстытуцыі артыкул 168, дык можна будзе прыняць закон пра сьцяг і герб простым галасаваньнем» (гэта значыць — не канстытуцыйнай большасьцю ў 231 голас, а простай — 173).

Гэта было лягічна і абсалютна прымальна: канстытуцыі шмат якіх дзяржаў ня ўтрымліваюць апісаньня дзяржаўных сымбаляў.

З такой прапановай пагадзілася і камісія па заканадаўстве — выключыць з Канстытуцыі артыкулы 168 і 169, у якіх даецца апісаньне сьцяга і герба, а ўключыць тэкст з праекту новай Канстытуцыі, над якой ужо больш як год працавала адмысловая камісія. Пры такім варыянце для прыняцьця рашэньня дастаткова было папярэдняга галасаваньня.

З гэтым не пагадзіўся дэпутат Лукашэнка:

«Скажыце, калі ласка, вось дзеля чаго нам зараз ісьці на зьмены артыкулаў Канстытуцыі, дзеля чаго мы гэта робім? Дзеля таго, каб з другога боку зайсьці і прыняць тое рашэньне, якое намі не прынята, так я зразумеў?»

(Паводле пратаколу аб пайменным галасаваньні па пытаньнях прыняцьця бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, Лукашэнка ўстрымаўся. Гэтак сама ён галасаваў і па назьве краіны.)

Шушкевіч ставіць на галасаваньне прапанову пра ўнясеньне паправак у Канстытуцыю: «за» 221 дэпутат, да патрэбнай лічбы 231 не хапае 10 галасоў.

Шушкевіч ізноў прапануе галасаваць.

Перад гэтым Пазьняк зьвярнуўся да дэпутата-вэтэрана Міхаіла Жукоўскага, таго самага, які казаў пра загіблых у часе вайны. Вось як тагачасны кіраўнік Апазыцыі БНФ прыгадвае свае словы:

«Кажу: „Міхаіл Дзьмітрыевіч, нацыянальная дзяржава вышэйшая за ўсялякую партыйную ідэалёгію. Калі мы ня будзем яе мець, ня будзем мець яе нацыянальных сымбаляў, то мы ня будзем мець нічога. Мы станем нічым. Я вельмі Вас прашу... Адзін раз у жыцьці... Прагаласуйце за сьцяг, дзеля нашай будучыні. Мы ж — беларусы!“. Ён быў ашаломлены. Але гэта быў прыстойны чалавек, і ён сказаў: „Добра. Я прагаласую“. І прагаласаваў».

Жукоўскі галасуе «за». Галасуюць «за» і дзевяць іншых дэпутатаў, якія да гэтага моманту сумняваліся.

Вынік — 231 голас. Роўна столькі, колькі трэба для станоўчага рашэньня.

«Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг робяцца дзяржаўнымі сымбалямі.

У гэты самы дзень была зьмененая назва краіны — замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яна ператварылася ў Рэспубліку Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG