Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Купава прадае карціны, каб аплаціць помнік Жызьнеўскаму


На аўкцыён выстаўленыя паўтара дзясятка графічных прац, якія мастак стварыў у 80-я гады. Сярод лотаў — «Шляхамі Янкі Купалы», «Вільня», «Вязынка», «Дом Марыі Каменскай», «Якуб Колас», «Янка Купала», «Францішак Багушэвіч», «Няміга».

Грамадзкія актывісты ўжо сабралі 3000 даляраў. Мінімальны кошт помніка, які ўзяўся вырабіць скульптар Алесь Шатэрнік, складае 4500 даляраў.

У сядзібе Партыі БНФ прэзэнтавалі онлайн-аўкцыён карцін мастака Міколы Купавы. Большая частка грошай ад продажу карцін пойдзе на помнік Міхасю Жызьнеўскаму.

Як распавяла арганізатарка аўкцыёну, грамадзкая дзеячка Вольга Нікалайчык, з такой ідэяй да яе зьвярнуўся сам мастак. Сустрэўшыся з бацькамі Міхася Жызьнеўскага ў Менску, cябра зьвязу мастакоў «Пагоня» Мікола Купава вырашыў прадаць праз аўкцыён паўтара дзясятка графічных працаў і ахвяраваць сродкі на карысьць сям’і Жызьнеўскіх.

«Мой сябра Алесь Шатэрнік робіць помнік Міхасю Жызьнеўскаму. Я ведаю, што там не хапае сродкаў. І вырашыў дапамагчы. Гэтыя карціны я рабіў у 80-я гады. Але і пасьля гэта я шмат працаваў, і цяпер яшчэ маю пляны на будучыню. Мне не было складана арганізавацца і дапамагчы», — сказаў Мікола Купава.

Пачатковы кошт графікі, выстаўленай на аўкцыён, вагаецца ад 40 да 200 даляраў.

Аўкцыён стартуе на старонцы Вольгі Нікалайчык у Фэйсбуку.

Помнік на магілу Міхася Жызьнеўскага робіць скульптар і мастак Алесь Шатэрнік. Папярэдні кошт скульптуры — 4500 даляраў, 3000 зь якіх ужо сабралі праз ахвяраваньні.

Мікола Купава
Мікола Купава

«Хочацца прымеркаваць адкрыцьцё помніка да таго моманту, калі Міхась Жызьнеўскі атрымае званьне Героя Ўкраіны», — сказала Вольга Нікалайчык.

Міхал Жызьнеўскі загінуў 21 студзеня 2014 году, стаўшы адным зь першых ваяроў «Нябеснай сотні». Падчас супрацьстаяньня дэманстрантаў Эўрамайдана зь «Беркутам» на вуліцы Грушэўскага беларус атрымаў кулю ў вобласьць сэрца. 26 лістапада 2014 году на месцы гібелі Міхала Жызьнеўскага адкрылі мэмарыял у яго памяць, а 28 лістапада прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўручыў бацькам Жызьнеўскага ордэн Героя Нябеснай Сотні.

Міхал Жызьнеўскі пахаваны пад Гомелем, каля пасёлку Сьцяг Працы.

Сям’я Міхася Жызьнеўскага і грамадзкія актывісты зь Беларусі і Ўкраіны працягваюць дамагацца званьня Героя Ўкраіны для загінулага беларуса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG