Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрвію Свабодзе кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі тлумачыць, чаму пытаньне расейскай авіябазы — праверка Лукашэнкі на ляяльнасьць і чаму Масква гатовая пайсьці на дэстабілізацыю сытуацыі ў Беларусі.

— На мінулым тыдні беларуская грамадзкасьць горача абмяркоўвала інфармацыю пра тое, што ўрад Расеі разгледзеў праект пагадненьня зь Беларусьсю аб разьмяшчэньні тут расейскай вайсковай авіяцыйнай базы. Чым можна патлумачыць тое, што Масква зноў актывізавала гэтае пытаньне і патрабуе ад Беларусі вызначыцца ў гэтай тэме?

«Гэта праверка Лукашэнкі на ляяльнасьць»

— На маю думку, гэта спроба расейскага кіраўніцтва ўцягнуць Беларусь у так званую новую «халодную вайну» паміж Расеяй і Захадам. Па сутнасьці, гэта праверка на ляяльнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая тэма невыпадкова зьявілася перад прэзыдэнцкімі выбарамі, бо, з пункту гледжаньня некаторых расейскіх палітычных элітаў, цяпер наступіў «час ікс» для кіраўніка Беларусі, каб той вызначыўся канчаткова, на якім баку ён гуляе.

Нягледзячы на тое, што беларускае вайскова-палітычнае кіраўніцтва вельмі выразна дасылала Маскве мэсыджы, што цяпер ня той час, каб абмяркоўваць пытаньне авіябазы — Расея спрабуе прасоўваць гэтую тэму ў двухбаковы парадак дня. І, мне здаецца, гэта зьвязана з тым, што Маскве ня вельмі падабаюцца тыя дывідэнды, якія Лукашэнка атрымлівае ў новым геапалітычным кантэксьце, выступаючы з пазыцыі нэўтральнасьці ў гэтым крызісе. Бо Лукашэнка ня раз заяўляў, што немагчыма ўварваньне на Ўкраіну войскаў трэціх краінаў з тэрыторыі Беларусі. І мы разумеем, што гэтыя гарантыі маюць значэньне ня толькі для Ўкраіны, але і для ўсяго рэгіёну. Бо магчымая вайсковая групоўка Расеі ў Беларусі можа пагражаць ня толькі Ўкраіне, але і балтыйскім і цэнтральнаэўрапейскім краінам.

— Афіцыйная Расея як ніколі рана заявіла пра сваю падтрымку Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Няўжо ў Крамлі не разумеюць, што ўздыманьне тэмы расейскай базы Лукашэнку толькі пашкодзіць, таму што большая частка беларусаў відавочна супраць замежных базаў?

«Масква вядзе гульню на стварэньне ў Беларусі ўнутрыпалітычнага крызісу»

— У Крамлі ўсё разумеюць, усе наступствы падпісаньня пагадненьня аб стварэньні расейскай базы. 45 працэнтаў беларускіх грамадзянаў ставяцца да гэтай ідэі вельмі нэгатыўна. Па сутнасьці, Масква вядзе гульню на стварэньне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, які можа пачацца ў той момант, калі будзе прынята ці не прынята гэтае рашэньне. Калі яно ня будзе прынята, то гэта, відавочна, павялічыць ціск з боку Масквы. І гэты ціск можа быць ня толькі гандлёва-эканамічны, як у 2010 годзе, калі Лукашэнка доўгі час не пагаджаўся падпісваць Мытны Кодэкс. Гэтым разам ёсьць пагроза ваенна-палітычнага ціску на Беларусь.

Некаторыя колы ў Крамлі ўспрымаюць «разварот» Беларусі на Захад і ўмацаваньне супрацоўніцтва з Кітаем як зьмяншэньне ўплыву Расеі ў Беларусі. Па сутнасьці, гэта адпавядае той сытуацыі ў 2013 годзе, калі Ўкраіна ішла на ўзмацненьне супрацоўніцтва і з Захадам, і з Кітаем. І, мне здаецца, такім самым чынам група гэтак званых «хардлайнэраў» у Крамлі ўспрымае тое, што адбываецца цяпер у Беларусі — як пагрозу для ўплыву Расеі. І таму адзіны крок, на іх думку, які б замацаваў Беларусь у сфэры ўплыву Расеі — гэта было б разгортваньне тут сталай вайсковай прысутнасьці.

— Як далёка Масква можа зайсьці ў сваіх спробах дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі? Раней Крэмль часьцей толькі «тузаў» Лукашэнку, але не рабіў рашучых крокаў, каб яго зрынуць.

— Вы раней казалі, што Расея ўжо выказала сваю падтрымку Лукашэнкі на выбарах, але я б тут не пагадзіўся. Бо раней заўсёды сваю падтрымку Масква выказвала ў эканамічнай форме. А цяпер Беларусь ужо некалькі разоў прасіла аб выдзяленьні новага стабілізацыйнага крэдыту, але Масква кожны раз адмаўляла. Таму Расея падтрымлівае толькі рытарычна. Але па факце мы гэтай падтрымкі не назіраем. І калі казаць, наколькі далёка Расея можа пайсьці ў ціску на Беларусь — то мы тут ня можам выключаць ніякіх варыянтаў, асабліва пасьля крымскага крызісу.

Адзіны інструмэнт утрымліваньня Беларусі ў сваёй сфэры ўплыву — дэстабілізацыя ваенна-палітычнага становішча, як гэта было ў выпадку з Украінай

У Расеі аб’ектыўна сёньня няма нейкага пазытыўнага парадку дня, каб уцягваць Беларусь у свае інтэграцыйныя праекты. У Расеі няма рэсурсаў, каб выконваць свае абяцаньні ў межах ЭўрАзЭС. Таму адзіны інструмэнт утрымліваньня Беларусі ў сваёй сфэры ўплыву — дэстабілізацыя ваенна-палітычнага становішча, як гэта было ў выпадку з Украінай. Канфлікт у Данбасе — гэта вельмі спрыяльны інструмэнт, каб не даваць Украіне ісьці далей на Захад, інтэгравацца ў эўраатлянтычныя структуры, пазбавіць інтарэсу да яе з боку Кітая як да зьвяна новага «шаўковага шляху». Таму здаецца, што Расея пераходзіць да новага тыпу кіраваньня ў постсавецкай прасторы.

— Магчыма, беларуская ўлада ўспрымае гэта ня так драматычна, як вы, ці ня верыць у намаляваныя вамі сцэнары. Тым ня менш — якія варыянты рэагаваньня ёсьць у Аляксандра Лукашэнкі? Спусьціць справу авіябазы на тармазах ці актыўна неяк гэтаму супрацьстаяць?

— Мне здаецца, што да прэзыдэнцкіх выбараў гэтае пытаньне вырашана ня будзе. Нават калі Ўладзімер Пуцін падпіша гэтае пагадненьне, празь некалькі тыдняў. Мне здаецца, што вялікіх добрых опцыяў для Аляксандра Лукашэнкі ўжо няма. Усе разумеюць, што калі гэтае пагадненьне будзе падпісана, то наступным крокам для Лукашэнкі будзе прапанова аб стварэньні сухапутнай базы тут. І ёсьць сьведчаньні, што гэтае пытаньне ўжо знаходзіцца на парадку дня ў расейскага Генэральнага штабу. Зразумела, што павелічэньне расейскай ваеннай прысутнасьці тут будзе ў тым ліку і пагражаць уладзе Лукашэнкі. Таму мне здаецца, што ўся гэтая сытуацыя накіраваная на тое, каб справакаваць крызіс у беларуска-расейскіх адносінах, каб стварыць падставы для больш жорсткіх крокаў з боку Крамля адносна Лукашэнкі, абвінаваціць яго ў здрадніцтве, што ён не выступае на баку Расеі ў новай «халоднай вайне».

Па сутнасьці, гэта пытаньне самавызначэньня для Аляксандра Лукашэнкі, для ўсёй Беларусі і яе сувэрэнітэту.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG