Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква хоча падвесіць беларускага партнэра, — Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, тыя пытаньні, якія разглядаліся ў Менску на Вышэйшым дзяржсавеце «саюзнай дзяржавы», не настолькі важныя, каб Лукашэнка дзеля іх ганяў перад гэтым свой «Боінг» у Сочы.

«Напрыклад, бюджэт „саюзнай дзяржавы“ ў пераліку складае каля 79 мільёнаў даляраў. То бок гэта зусім каліва нават для Беларусі, якой сёлета трэба недзе наскрэбсьці больш за тры мільярды даляраў толькі на выплату зьнешняга доўгу. Натуральна, што гэтае пытаньне найперш цікавіць Лукашэнку. Тое, што сёньня па выніках пасяджэньня ні слова не сказана, сьведчыць, што бакі канчаткова не дамовіліся».

Паводле Класкоўскага, ёсьць некалькі прычын таму, што бакі не дамовіліся пра крэдыт.

«Фінансавае становішча ў Расеі далёка не бліскучае. Але два-тры мільярды Крэмль знайшоў бы. Тут пытаньне палітычнае. Масква хоча падвесіць беларускага партнэра і прымусіць яго больш строга ісьці ў сваім кільватэры. Хаця публічна не гаворыцца пра разьмяшчэньне авіябазы, усё ж Крэмль хоча ў гэтым пытаньні даціснуць беларускі бок. Хоча, каб наогул было меней самастойнасьці ў зьнешняй палітыцы. І нават гэта невялікае збліжэньне Беларусі з Эўропай напружвае Маскву. Таму расейскае кіраўніцтва ўсё ж чакае, пакуль кліент дасьпее».

Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка не пагаджаецца на непрымальныя ўмовы расейскага боку, і спадзяецца, што нейкія грошы дасьць Эўразьвяз.

«Перад Пуціным у Менск прылятала дэлегацыя з Брусэлю, у прыватнасьці віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага інвэстбанку. І ёсьць шанцы на крэдыт МВФ. Афіцыйны Менск нават спрабуе зьбіць працэнт па крэдыце МВФ, значыць, ня так ужо кепска выглядае тут пэрспэктыва. Гэта ўсё надае імпэту беларускаму кіраўніцтву ў супрацьстаяньні Маскве. Хаця ў ідэале хацелі б скасіць бабкі і з тога, і зь іншага боку. Натуральна, такая гульня рызыкоўная. Але Лукашэнка менавіта такі гулец».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG