Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніком адзінай ініцыятыўнай групы Статкевіча стала ягоная жонка


Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч ачоліць супольную ініцыятыўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы грамадзянаў Беларусі за вылучэньне Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2015 году. Такое рашэньне прынялі сёньня прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія будуць зьбіраць подпісы.

Кандыдатуру Адамовіч аднагалосна падтрымалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Партыя справядлівасьці і прагрэсу, прафсаюз РЭП, «Малады фронт», рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», рух салідарнасьці «Разам».

У кожнай гэтай структуры ствараецца свой штаб па арганізацыі збору подпісаў. Так, у БСДП (Народная Грамада), сябрам якой зьяўляецца Мікалай Статкевіч, штаб ачоліць Сяргей Скрабец, у АГП — Віктар Карняенка, у Партыі свабоды і прагрэсу — Уладзімер Навасяд. А каардынаваць усю працу будзе Марына Адамовіч.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы зацьвердзілі агульны мэсыдж сваёй кампаніі — «без вызваленьня Мікалая Статкевіча і поўнага аднаўленьня ў правах усіх палітвязьняў ніякія выбары ў Беларусі ня могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі».

Першапачаткова агульную ініцыятыўную групу Статкевіча ачольваў Сяргей Скрабец. Аднак сёньня было вырашана, што будзе лепей, калі ўсё сканцэнтруецца ў руках чалавека, які фармальна не належыць да ніводнай са структураў, што аб’ядноўваюцца ў агульную групу.

Каманда Статкевіча мае сабраць неабходныя для рэгістрацыі яго кандыдатам на прэзыдэнта сто тысяч подпісаў грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.

Мінімальная колькасьць сябраў ініцыятыўнай групы на прэзыдэнцкіх выбарах, паводле дзейнага заканадаўства, — 100 чалавек. Закон дазваляе адной і той жа асобе ўваходзіць у склад групаў некалькіх кандыдатаў на прэзыдэнта.

Калі выбары прызначаць на 11 кастрычніка, то збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта пачнецца 23 ліпеня. На гэтую частку выбарчай кампаніі заканадаўства адводзіць роўна 30 дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG