Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Угла: Падыходы Эўропы да Лукашэнкі моцна мяняюцца, ён гэтага не заслужыў


Марцін Угла, архіўнае фота
Марцін Угла, архіўнае фота

Гэтымі днямі ў Стакгольме праходзяць Дні Беларусі ў Швэцыі. У трохдзённай праграме — сэмінары на беларускую тэму, сустрэчы ў парлямэнце, а таксама культурніцкія імпрэзы.

Бяруць удзел праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Раіса Міхайлоўская, журналісты Андрэй Аляксандраў і Ірына Віданава, а таксама прадстаўнік арганізацыі «Make out» Андрэй Завалей.

Арганізатар Дзён Беларусі ў Швэцыі — швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen.

Яе кіраўнік Марцін Угла кажа, што цяпер, калі ўвага Эўразьвязу да сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі зьнізілася, вельмі важна, каб прадстаўнікі праваабарончых і журналісцкіх арганізацыяў маглі гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

— Гэтыя Беларускія дні ў Швэцыі сталі ўжо традыцыяй, мы ладзім іх апошнія некалькі гадоў. У нейкія гады было больш удзельнікаў, у нейкія — менш, але цікавасьць да гэтай падзеі ў Швэцыі застаецца. Я магу сказаць, што абʼём сустрэчаў і імпрэзаў, якія пройдуць сёньня, параўнальны з абʼёмамі, якія былі ў апошнія гады.

— А якая мэта Беларускіх дзён у Швэцыі?

— Мы бачым, што вельмі важна інфармаваць швэдзкае грамадзтва пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Асабліва гэта важна цяпер, калі афіцыйны Менск наладжвае адносіны з Эўразьвязам, але зьменаў у самой Беларусі не адбываецца. Я маю на ўвазе стан правоў чалавека. Вельмі важна, каб гэтая тэма гучала. Мы разумеем, што ў Беларусі нічога не зьмянілася, але эўрапейскія падыходы да Беларусі, да Лукашэнкі моцна мяняюцца. Менавіта таму мы хочам даць магчымасьць беларускім праваабаронцам расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы, у сваю чаргу, вельмі хочам, каб зацікаўленасьць беларускай тэматыкай у швэдзкай супольнасьці павышалася.

— З чым зьвязана тое, што Швэцыя стала менш увагі аддаваць Беларусі? Такая пазыцыя сацыял-дэмакратычнага ўраду Швэцыі?

— Пазыцыя швэдзкага ўраду зьмянілася, гэта праўда. Я б ня ўвязваў гэта наўпрост з сацыял-дэмакратамі, таму што гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве. Пасьля скандалу са швэдзкім амбасадарам у 2012 годзе нашы палітыкі сталі вельмі ціхія што да Беларусі, перасталі крытыкаваць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, сталі кіравацца эўразьвязаўскімі падыходамі да Беларусі. На мой погляд, гэта вельмі кепска. Я б хацеў, каб швэдзкі ўрад ясна і прынцыпова выказаўся наконт парушэньняў правоў чалавека. Але цяпер мы вельмі мала такога бачым.

— Як вы асабіста ставіцеся да адмены санкцыяў?

— Я быў катэгарычна супраць, бо беларускі бок нічога не зрабіў, каб санкцыі былі адмененыя. Ён не заслужыў гэтага.

— Ваша апошняя спроба прыехаць у нашу краіну была ў 2014 годзе падчас Чэмпіянату па хакеі, калі трапіць у Беларусь можна было, маючы квіток на матч. Тады вас затрымалі ў аэрапорце і дэпартавалі. Ці ёсьць магчымасьць трапіць у Беларусь цяпер?

— Я быў унесены ў сьпіс тых, каго нельга пускаць у Беларусь. Гэта з-за маёй праваабарончай дзейнасьці. Ня ведаю, можа, зараз нешта памянялася. За апошнія гады я спрабаваў разоў дзесяць, але безвынікова. Не губляю надзеі, таму што я вельмі хачу прыехаць у Беларусь. Ну, добра, што хоць беларускія прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці могуць прыехаць да нас у Швэцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG