Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія нацыяналісты запрашаюць на шэсьце ўлёткамі з выявай забойцы беларусаў


У сацыяльных сетках арганізатары маршу хваляцца, што днямі распаўсюдзілі ў Бельску Падляскім тысячы ўлётак з выявай "Бурага".
У сацыяльных сетках арганізатары маршу хваляцца, што днямі распаўсюдзілі ў Бельску Падляскім тысячы ўлётак з выявай "Бурага".

У нядзелю ў Гайнаўцы на Падляшшы адбудзецца Марш Выклятых жаўнераў. Летась гэтая акцыя польскіх нацыяналістаў выклікала вялікі скандал у Польшчы. Прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда быў вымушаны адмовіцца ад патранажу над акцыяй.

У 2016 годзе ўдзельнікі маршу несьлі партрэт Рамуальда Райса «Бурага», камандзіра антыкамуністычнага падпольля, адказнага за забойства беларусаў на Падляшшы ў ваенны і пасьляваенны час. Беларуская грамадзкасьць у Польшчы рэзка асудзіла гэтую акцыю ў Гайнаўцы, дзе па афіцыйных дадзеных чвэрць насельніцтва — беларусы, а паводле неафіцыйных ацэнак — каля паловы.

Выклятыя жаўнеры

Выклятыя жаўнеры — гэта ўдзельнікі польскага антыкамуністычнага падпольля пасьля ІІ сусьветнай вайны. Некаторыя асяродзьдзі ў Польшчы ўключаюць у «Пантэон выклятых жаўнераў» атрад Рамуальда Райса псэўданім «Буры». Пацыфікацыю ягоным атрадам беларускіх вёсак і праваслаўных беларусаў польскі Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў злачынствам з прыкметамі генацыду.

Сёлета мэр Гайнаўкі не дазволіў праводзіць шэсьце ў гонар «выклятых жаўнераў». Гарадзкая рада сваё рашэньне матывавала тым, што маршрут шэсьця праходзіць каля праваслаўнага сабору сьвятой Тройцы, дзе ў той час будзе адбывацца набажэнства перад пачаткам Вялікага посту.

«Правядзеньне дэманстрацыі можа парушыць урачысты характар гэтага набажэнства» — напісалі ў звароце дэпутаты Гарадзкой рады Гайнаўкі.

Але арганізатары акцыі зьвярнуліся ў суд, які сёньня ануляваў забарону на нядзельнае шэсьце.

«Асоба Бурага ў нашым горадзе зьяўляецца кантравэрсыйнай, адказнай за забойства 79 жыхароў (мірныя людзі: жанчыны, дзеці, мужчыны) наша рэгіёну» — гаворыцца ў заяве Гарадзкой рады.

У мінулым годзе шэсьце адбылося пад лёзунгам «Буры — наш герой». Яго выява ёсьць і на ўлётках, якія запрашаюць наведаць акцыі і сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG