Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З улікам падзеньня курсу расейскага рубля Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду Беларусі весьці разьлікі з Расеяй у валюце — далярах ці эўра.

Гэтую заяву эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін камэнтуе Свабодзе так:

«У Лукашэнкі нешта ня вельмі добра з памяцьцю. Не далей як два-тры гады таму ён казаў, што, наадварот, нам трэба адмаўляцца ад свабоднага канвэртаванай валюты ў разьліках, і нават разьлікі за нафту і газ трэба пераводзіць у расейскія рублі. Гэта — таксама валюта, нічым ня горшая за даляр і эўра.

Па-другое, на маю думку, пераход на валюту — гэта адзінае магчымае рашэньне. У сытуацыі, калі расейскі рубель так ліхаманіць, нам трэба нешта рабіць. У прыватнасьці — пераход на разьлікі ў валюце, хоць гэта і палка з двума канцамі. Бо, пераходзячы на даляр, мы губляем расейскі рынак. Там, дзе ёсьць аналягічныя расейскія тавары, нашы адразу становяцца ўдвая даражэйшымі.

Празь некаторы час кошты зраўняюцца, што мы бачылі ў 2011 годзе. Але некалькі месяцаў расейцы будуць ня ў стане браць нашу прадукцыю. Прынамсі, калі і будуць браць, то ў значна меншых аб’ёмах. Мне падаецца, што ўсё-такі лепш скарачаць вытворчасьць, нават накіроўваць людзей у вымушаны адпачынак, чым траціць грошы на выраб тавараў, якія прадаюцца ніжэй за іх сабекошт.

А як на гэта адрэагуюць у Расеі? Я думаю, па-рознаму. Там пакуль такога няма, што прэзыдэнт сказаў — і ўсе адразу ўзялі пад казырок. Там, дзе беларуская прадукцыя запатрабаваная, дзе яна канкурэнтаздольная, можна перавесьці разьлікі ў валюту. А там, дзе ёсьць расейская замена, будзе складана. Возьмем, напрыклад, лядоўні — нашы і LG, якія выпускаюцца ў Расеі. Калі перавесьці разьлікі ў даляры, то нашы стануць неканкурэнтаздольнымі. Гэта адназначна. Тое ж самае, напэўна, можна сказаць пра адзеньне і абутак. Звузіцца і рынак для нашых прадуктаў, бо яны будуць даражэйшымі за расейскія».

Уладзімер Глод, Менск

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG