Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марголін: Сацыяльная напружанасьць расьце, а ўлада робіць асобныя сутаргавыя рухі


Леў Марголін

Леў Марголін

Лідэр абвешчанай акцыі пратэсту грузаперавозчыкаў Сяргей Штода сёньня, 3 лютага, быў арыштаваны на 15 сутак. Ці азначае гэта, што ўлады ўсур’ёз занепакоеныя магчымым пратэстам грузаперавозчыкаў? Ці можна казаць пра імклівае нарастаньне сацыяльнай напружанасьці ў Беларусі, і ў якіх сфэрах яно найбольш выяўляецца? На гэтыя пытаньні адказвае палітык і прадпрымальнік Леў Марголін.

— Ці можна меркаваць, што ўлады дастаткова сур’ёзна паставіліся да намеру грузаперавозчыкаў зладзіць акцыю пратэсту і таму пайшлі на такі жорсткія крокі ў дачыненьні да лідэра гэтага пратэсту?

— Безумоўна, гэта быў прэвэнтыўны захад. Па-першае, Сяргей выступаў ня толькі ад свайго імя і мог павесьці за сабой даволі шмат людзей. Па-другое, улады заўсёды вельмі рэзка ставяцца да тых, хто загадзя абвяшчае пра нейкія акцыі. Тут для ўладаў лепш «перапільнаваць», чым «недапільнаваць», — каб потым не тлумачыць, чаму не зрабілі захады.

— Беларускія грузаперавозчыкі фактычна абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную ім амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll. Чаму ўлады так і ня здолелі дамовіцца з грузаперавозчыкамі ў гэтым пытаньні? Няўжо пытаньне напаўненьня бюджэту настолькі крытычнае, што дзеля гэтага ўлады пайшлі на канфлікт і стварэньне кропкі сацыяльнай напружанасьці?

— Я ня думаю, што тут нехта асабліва дбаў пра напаўненьне бюджэту. Проста ў краіне склалася такая сытуацыя, калі ніхто ня можа ўзяць на сябе адказнасьць. Бо калі камусьці нешта выплаціць з бюджэту, то праз тыдзень начальства цябе абвінаваціць у разбазарваньні. Таму я думаю, яны спадзяваліся, што ўсё неяк вырашыцца само сабой.

— Сёньня ж, 3 лютага, трыста прадпрымальнікаў на рынку ў Горадні заступіліся за свайго калегу перад міліцыяй і падатковымі органамі. Апошнім часам усё больш адбываецца такіх канфліктаў у самых розных галінах? Ці можна сказаць, што адбываецца рост сацыяльнай напружанасьці і ў якіх сфэрах?

— Безумоўна, рост сацыяльнай напружанасьці назіраецца. Сытуацыя нагадвае мне дзіравы мех — не пасьпяваюць улады зацыраваць у адным месцы, як ірвецца ў іншым. І гэта сьведчыць пра сытуацыю ў эканоміцы ў цэлым. Тут ужо нельга рабіць нейкія асобныя захады — трэба карэнным чынам рэфармаваць усю эканоміку.

Я нават не вазьмуся сказаць, у якой сфэры найбольш напружаная сытуацыя, бо «куды ні кінь, усюды клін». Гэта можна казаць і пра буйныя прадпрыемствы, дзе скарачаюцца і людзі і заробкі, гэта можна казаць і пра прадпрымальнікаў. Складваецца ўражаньне, што ўлада ня ведае, што рабіць, і проста робіць асобныя сутаргавыя рухі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG