Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан зноў патрабуе ад Менску разгледзець сьледчыя даручэньні адносна сына Курманбека Бакіева


Марат Бакіеў, архіўнае фота

Марат Бакіеў, архіўнае фота

Генпракуратура Кіргізстану запатрабавала ад генпракуратуры Беларусі разгледзець ранейшыя міжнародныя сьледчыя даручэньні. Яны тычацца Марата Бакіева — сына зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Таксама кіргіскі бок патрабуе камэнтароў адносна інфармацыі, якая сьведчыць аб пражываньні Марата Бакіева на беларускай тэрыторыі (у Раўбічах).

Марата Бакіева шукаюць праваахоўныя органы Кіргізстану.

Кіргіская генпракуратура адзначае, што яна ня раз накіроўвала ў беларускія кампэтэнтныя органы запыты аб выдачы і прававой дапамозе па крымінальных справах адносна блізкіх сваякоў экс-прэзыдэнта Бакіева, а таксама набліжаных да іх асобаў, абвінавачаных на тэрыторыі Кіргізстану ў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.

25 верасьня 2013 году ў Бішкеку прайшла двухбаковая сустрэча з удзелам генпракурораў абедзьвюх дзяржаў. Генпракурор Беларусі выказаў тады гатоўнасьць далей умацоўваць прававое супрацоўніцтва адносна прававой дапамогі па крымінальных справах вышэйзгаданых асобаў. Таму ў сьнежні 2013 году былі накіраваныя міжнародныя сьледчыя даручэньні па крымінальных справах на асобаў, набліжаных да экс-прэзыдэнта Кіргізстану, у тым ліку адносна Марата Бакіева, адзначае кіргіскі бок.

Аднак з атрыманых раней адказаў генпракуратуры Беларусі вынікае, што ў рэспубліканскай базе дадзеных аўтаматызаванай сыстэмы «Пашпарт» ніякіх зьвестак пра Марата Бакіева няма, інфармацыі пра яго магчымае месцазнаходжаньне на тэрыторыі Беларусі не атрымана. Няма і зьвестак пра тое, каб Марата Бакіева прапускалі празь дзяржаўную мяжу Беларусі ў пэрыяд з 1 студзеня 2010 году па 22 траўня 2013 году.

«На падставе вышэйсказанага, а таксама ўлічваючы дамоўленасьці, дасягнутыя па выніках двухбаковых сустрэч генпракурораў Кіргізстану і Беларусі ў жніўні 2015 году ў Астане пра супрацоўніцтва ў гэтых пытаньнях, кіргіская Генпракуратура просіць вярнуцца да разгляду раней накіраваных міжнародных сьледчых даручэньняў у дачыненьні да Марата Бакіева», — адзначае генпракуратура Кіргізстану.

Фота катэджа Марата Бакіева ў элітным пасёлку ў Раўбічах ля Менску апублікавала Свабода

21 верасьня. У Беларусі Марат Курманбекавіч з жонкай і сынам зьявіўся пяць гадоў таму ў суправаджэньні бацькі, дзядзькі ды іншых асобаў, набліжаных да колішняга кіраўніка Кіргізстану. Пасьля пратэстаў 2010-га супраць кланавасьці і карумпаванасьці дзяржаўнай улады Генпракуратура Кіргістану ўключыла Марата Бакіева пад № 4 у афіцыйны сьпіс асобаў, прыцягнутых да крымінальнай адказнасьці паводле абвінавачаньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і забойстве мітынгоўцаў на плошчы Ала-Тоо ў Бішкеку. Падчас сілавога разгону ён быў адным з кіраўнікоў Рады нацыянальнай бясьпекі краіны (аналяг беларускага КДБ).

XS
SM
MD
LG