Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю можа быць падпісанае да канца старшынства Латвіі ў Эўразьвязе, то бок да 1 ліпеня 2015 году. Пра гэта заявіў журналістам у Рызе напярэдадні саміту «Ўсходняга партнэрства» дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс:

«Наша мэта — выйсьці на канкрэтныя рашэньні да канца латвійскага старшынства. Думаю, што ў пятніцу мы будзем абмяркоўваць гэтыя тэмы, але канкрэтна падпісаць дакумэнты мы спадзяёмся ў сярэдзіне чэрвеня».

Спрашчэньне візавага рэжыму дасьць пэўныя выгоды грамадзянам Беларусі. Яны на сёньняшні дзень параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведваньня краін Эўрапейскага Зьвязу. Калі нашы суседзі плацяць за шэнгенскую візу 35 эўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць за яе 60 эўра. Калі ж пачне дзейнічаць паслабленьне, то і беларусам віза будзе каштаваць 35 эўра.

Пагадненьне таксама зьмяшчае вычарпальны сьпіс дакумэнтаў, якія грамадзяне Беларусі павінны накіроўваць у амбасаду, каб атрымаць візу. Пакуль жа даволі часта яны мусяць зьвяртацца ў амбасаду па некалькі разоў, несьці нейкія дадатковыя даведкі зь месца працы, банкаў і г.д. Прадугледжваецца ў дакумэнтах і заахвочваньне законапаслухмяных паводзінаў. На практыцы гэта азначае, што калі чалавек атрымаў аднаразовую шэнгенскую візу і скарыстаў яе згодна зь візавай мэтай, не парушаючы законаў краіны, якую наведваў, то наступным разам ён мог бы атрымаць ужо візу шматразовую і на большы тэрмін.

Перамовы паміж Брусэлем і Менскам пра спрашчэньне візавага рэжыму ўзнавіліся ў чэрвені 2014 году. Першапачаткова бакі заяўлялі, што гатовыя падпісаць неабходныя дакумэнты 22 траўня на саміце «Ўсходняга партнэрства». Аднак цяпер стала вядома, што парафіраваньне дамовы адкладаецца на месяц.

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Чэрвень выглядае вельмі рэальным часам для падпісаньня ўсіх неабходных дакумэнтаў», — сказаў сёньня Свабодзе кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Спадар Ягораў цяпер у Рызе і ведае ўсе апошнія навіны:

«Усе тэхнічныя пытаньні ўжо вырашаныя. Застаецца няўзгодненым толькі адно пытаньне — з дыпляматычнымі пашпартамі. Як толькі бакі здолеюць пераадолець гэтую палітычную праблему, дакумэнты будуць падпісаныя. І калі тут няма прынцыповага нежаданьня ўладаў Беларусі гэтага рабіць, то пагадненьне будзе падпісана.

Сутнасьць праблемы ў тым, што беларускі бок выдае пэўным сваім грамадзянам дыпляматычныя пашпарты. І афіцыйны Менск настойвае на тым, каб уладальнікі такіх пашпартоў маглі езьдзіць за мяжу бязь візаў. Але на гэта не пагаджаецца Эўрапейскі Зьвяз, бо такога пункту не было ў пагадненьнях Брусэлю зь іншымі краінамі, якія праходзілі працэдуру паслабленьня візавага рэжыму. Вось у гэтым асноўная супярэчнасьць».

А пакуль Беларусь застаецца адзінай з шасьці краін праграмы «Ўсходняе партнэрства», якая дагэтуль не падпісала пагадненьня з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Дарэчы, у Брусэлі ўжо паведамілі, што ад 23 чэрвеня ў краінах «Усходняга партнэрства» пачне дзейнічаць адзіная Візавая інфармацыйная сыстэма. Ад гэтай даты пры першай падачы хадайніцтва на атрыманьне візы ўсе заяўнікі, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў, павінны будуць зьявіцца асабіста, каб здаць біямэтрычныя дадзеныя — адбіткі пальцаў і фатаграфію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG