Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манэтызацыя пакараньняў і магчымасьць абысьці сьмяротную кару


Праваабаронцы пазытыўна ацанілі папраўкі ў асноўныя крымінальныя законы Беларусі. Пытаньне ў тым, як яны будуць выконвацца.

У Беларусі ўступіў у сілу закон аб папраўках у крымінальнае заканадаўства, у тым ліку ў Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-папраўчы кодэксы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Як прынятыя зьмены ацанілі праваабаронцы? Ці прывядуць папраўкі да лібэралізацыі крымінальных законаў і ўмоваў утрыманьня грамадзянаў, якія апынуліся за кратамі?

Праваабаронца «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка адзначыў, што папраўкі фактычна не закранулі ўмоваў утрыманьня вязьняў, але, на яго думку, істотна паўплываюць на віды і памеры пакараньняў — а гэта важны фактар, які, сярод іншых, вызначае сытуацыю ў месцах зьняволеньня.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Вось што тычыцца Крымінальнага кодэксу, дык у ім зьявілася шмат новых паняцьцяў, якія дазваляюць лібэралізаваць сыстэму пакараньняў і зрабіць яе больш эфэктыўнай. Прыкладам, крымінальна-прававая кампэнсацыя як умова вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці ці скарачэньня пакараньня. Таксама зьявілася паняцьце „грамадзка-карысныя працы“, якія цяпер прадугледжаныя для тых, хто асуджаны з адтэрміноўкай ці ўмоўна. Мне гэта падаецца нядрэнным новаўвядзеньнем, бо раней чалавек, які асуджаны з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня ці ўмоўна, ніяк не адчуваў, што ён пакараны, нібыта няма крымінальна-прававой рэакцыі на яго дзеяньні, і гэта часта вяло да рэцыдыву. Цяпер такога асуджанага можна далучыць да пэўных грамадзкіх працаў».

Павал Сапелка лічыць таксама важным, што ў Крымінальны кодэкс уведзена паняцьце абгрунтаванай рызыкі. Цяпер закон падрабязна апісвае абставіны, якія выключаюць крымінальны перасьлед кіраўнікоў прадпрыемстваў, гаспадарнікаў, якія ў рынкавых умовах вымушаныя рызыкаваць, каб дасягнуць пэўных эканамічных вынікаў.

У Беларусі ўжо ня першы год дзейнічаюць арыштныя дамы, арышты сталі адной зь мераў пакараньня тых, што стаў на шлях правапарушэньняў. Папраўкі ў гэтай галіне тычацца зьмяншэньня тэрмінаў арышту, адзначыў Павал Сапелка. Гэтак, раней арышт быў прадугледжаны да 6 месяцаў, а цяпер — ад 1 да 3 месяцаў. Але пры гэтым раней арышт не прызначаўся асобам, якім няма 16 гадоў, а цяпер гэты від пакараньня могуць ужываць і да падлеткаў, якім споўнілася 14 гадоў, але не даўжэй за 2 месяцы.

Раней арышт не прызначаўся асобам, якім няма 16 гадоў, а цяпер гэты від пакараньня могуць ужываць і да падлеткаў, якім споўнілася 14 гадоў

«Манэтызацыяй пакараньняў» назваў праваабаронца Павал Сапелка некаторыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Замест грамадзка-карысных працаў злачынцу, які асуджаны з адтэрміноўкай, могуць прызначыць выплату грашовай кампэнсацыі памерам ад 30 да 100 базавых велічынь. Выплата кампэнсацыі ўвогуле можа стаць прычынай пазбаўленьня ад судовай адказнасьці, калі злачынства не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, зазначае Павал Сапелка. Гэтак, раней адной з умоваў было тое, каб асоба актыўна супрацоўнічала са сьледзтвам. Цяпер да ўмоваў дадаецца кампэнсацыя ў памеры 50% ад нанесеных стратаў, але ня меней за 30 базавых велічынь.

Дык ці лібэралізуюць прынятыя папраўкі сыстэму пакараньняў, ці робяць яе больш жорсткай? Паводле Паўла Сапелкі, сярод новаўвядзеньняў сапраўды досыць шмат лібэральных. Але ўсё будзе залежаць ад таго, як будуць ужывацца зьмененыя законы.

«Возьмем, да прыкладу, зьмены ў тэрміны арыштаў. З аднаго боку, іх зьменшылі, але з другога — можа атрымацца, што будуць часьцей ужываць арышт на кароткія тэрміны. І тое, што ўжо з 14 гадоў можна будзе прызначыць арышт, то бок строгую ізаляцыю, — гэта мне падаецца хутчэй больш жорсткім захадам. Хаця, калі такія двухмесячныя арышты будуць даваць падлеткам замест таго, каб накіроўваць іх у адмысловыя месцы пазбаўленьня волі, як цяпер, то гэта будзе лепш.

Яшчэ адзін супярэчлівы момант — пра абавязак выплаціць крымінальна-прававую кампэнсацыю ў прыбытак дзяржавы. Усё ж знайсьці 100 базавых велічынь усяго за 6 месяцаў — гэта будзе нялёгка асуджанаму, калі ён страціць працу, а хутчэй за ўсё, так і будзе».

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Кіраўніца праваабарончай установы «Плятформа інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч станоўча ацаніла зьмены, якія дазволяць праз дасудовае пагадненьне са сьледзтвам дамагчыся зьмяншэньня пакараньня пры ўмове актыўнага супрацоўніцтва са сьледзтвам. Гэтая мера дапаможа скараціць колькасьць сьмяротных прысудаў ці нават цалкам іх пазьбегнуць, лічыць праваабаронца.

«Калі такая асоба ўчыніла цяжкае злачынства, якое зьвязанае з замахам на жыцьцё і здароўе чалавека, то пакараньне ёй у выпадку заключэньня дасудовай дамовы ня можа быць больш за дзьве траціны тэрміну, які прадугледжаны гэтым артыкулам. То бок калі гаворка пра злачынства, за якое пагражае сьмяротная кара, то тут будзе максымум — пажыцьцёвае зьняволеньне», — адзначыла Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

Днямі Сьледчы камітэт па Менскай вобласьці паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня справы жыхара Менскага раёну, які абвінавачваецца ў забойстве трох чалавек, рабунках ды іншых злачынствах. Абвінавачанаму пагражае сьмяротнае пакараньне. Зьвестак пра тое, што зь ім было заключанае дасудовае пагадненьне, няма.

XS
SM
MD
LG