Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы беларускі РНЕшнік «Малюта» прыняў ад Парашэнкі грамадзянства Ўкраіны са словамі «Служу народу Ўкраіны»


Сяргей Кароткіх (Малюта). Фота: lifenews.ru

Сяргей Кароткіх (Малюта). Фота: lifenews.ru

Сяргей Кароткіх ваюе ў складзе батальёна «Азоў» ад самага пачатку яго стварэньня і зьяўляецца камандзірам выведкі.

Як паведамляецца на старонцы «Азова» Вконтакте, «вядомы рускі нацыяналіст, вядомы ў Расеі і Беларусі як Сяргей „Малюта“, атрымаў грамадзянства Украіны».

Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта, уручэньне пашпарту Сяргею Кароткіх адбылося падчас сустрэчы з вайскоўцамі, якія абараняюць Данецкі аэрапорт. Пётар Парашэнка падзякаваў Сяргею Кароткіх за мужную і адданую службу:

«Быць грамадзянінам Украіны стала модна, прэстыжна, я ганаруся гэтым і з задавальненьнем уручаю вам пашпарт грамадзяніна Ўкраіны».

Паводле Парашэнкі, «лепшыя нашы воіны, лепшыя валянтэры, якія прадэманстравалі, што яны на рускай, беларускай, ангельскай ці любой іншай мове любяць Украіну ня менш, чым яе любяць на ўкраінскай, якія гатовыя аддаць сваё жыцьцё за яе незалежнасьць, вартыя насіць вялікае і ганаровае званьне грамадзяніна Ўкраіны».

Сяргей Кароткіх падзякаваў прэзыдэнту словамі ўкраінскіх воінаў: «Служу народу Ўкраіны». Ён адзначыў, што родам з Расеі, доўгі час быў грамадзянінам Беларусі.

«Я вельмі рады, што атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Я да гэтага ішоў восем месяцаў», — сказаў ён.

Паводле Сяргея Кароткіх, усе глядзяць расейскія тэлеканалы, і большасьць людзей разумеюць, што тое, што адбываецца ва Ўкраіне, можа паўтарыцца ў Беларусі, Казахстане, Латвіі.

Раней некалькі валянтэраў і добраахвотнікаў зьвярнуліся да Пятра Парашэнкі з просьбай прыняць Сяргея Кароткіх ва ўкраінскае грамадзянства. Камісія па пытаньнях грамадзянства пры прэзыдэнце разгледзела гэтыя звароты і станоўча вырашыла пытаньне, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта.

Сяргей Кароткіх нарадзіўся ў 1969 годзе. У Расеі ён вядомы як адзін з кіраўнікоў экстрэмісцкай арганізацыі «Нацыянальна-сацыялістычная супольнасьць». Праўда, адтуль яго «выгналі» за шкоду арганізацыі.

Чуткі пра тое, што Малюта — агент ФСБ, ходзяць і ў Расеі. Больш за тое, Малюта лічыцца арганізатарам выбуху на Манежнай плошчы ў 2007 годзе.

Зь сярэдзіны 2000-х ягонае прозьвішча найчасьцей сустракаецца побач зь імем Максіма Марцынкевіча (Цесака). Сам Малюта — грамадзянін Беларусі. У Беларусі ён уваходзіў у Рускае нацыянальнае адзінства (РНЕ). І прывёў яго ў гэтую нацыяналістычную арганізацыю Валер Ігнатовіч, пазьней асуджаны за выкраданьне і забойства тэлежурналіста Зьмітра Завадзкага.

Пры канцы 90-х Малюта мог удзельнічаць у акцыях РНЕ супраць дэмакратычных актывістаў. У лютым 1999 году РНЕшнікі зьбілі Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнку і Алега Бябеніна. Ня выключана, што ў гэтай акцыі браў таксама ўдзел Малюта.

У 2013 годзе Малюта браў удзел у нападзе з нажом на трох антыфашыстаў у Менску і пазьбег адказнасьці.

Паплечнік адыёзнага расейскага нацыяналіста Максіма Марцінкевіча (Цесака) дзіўным чынам унікае пакараньня як у Беларусі, так і ў Расеі, хоць ня раз прыцягваўся па розных крымінальных справах. Паводле былога сьледчага пракуратуры Дзьмітрыя Петрушкевіча, Малюту яшчэ з часоў ягонай актыўнасьці ў РНЕ «крышуе» КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG