Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны мастацкі музэй гатовы паспрыяць у ідэнтыфікацыі карціны Малевіча


Кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музэю гатовае дапамагчы гарадзенскім калегам у ідэнтыфікацыі працы, аўтарства якой можа належыць заснавальніку супрэматызму Казіміру Малевічу.

Няспраўджаны Малевіч: з экспазыцыі гарадзенскага музэю
Няспраўджаны Малевіч: з экспазыцыі гарадзенскага музэю

Свабода ўжо расказвала пра ўнікальную сытуацыю: у экспазыцыі Новага замку Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю экспануецца праца пад назвай «Чалавек з рыдлёўкай», аўтарства якой прыпісваецца заснавальніку супрэматызму ў авангардным мастацтве Казіміру Малевічу.

Памер карціны — 36,5×26,5 сантымэтраў, выкананая алеем на фанэры, датуецца прыблізна 20-мі гадамі мінулага стагодзьдзя. У музэйных запасьніках зьявілася яшчэ напачатку 1990-х, калі гарадзенскія памежнікі спынілі чарговую спробу незаконнага вывазу прадметаў мастацтва. Але за прамінулы час музэйнікі так і ня здолелі даказаць яе сапраўднасьць. Асабліва прыкра, што ідэнтыфікаваць аўтара не ўдалося нават у год, які рашэньнем ЮНЭСКО абвешчаны Годам Казіміра Малевіча: сёлета 80 гадоў з дня сьмерці майстра і 100 гадоў ад першага экспанаваньня ягонага знакамітага «Чорнага квадрата».

На стэндзе з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку
На стэндзе з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку

Нягледзячы на багатую творчую спадчыну беларускага пэрыяду (першыя мастацкія экпэрымэнты ў вёсцы на роднай Копыльшчыне, служба ў інтэнданцкім палку падчас Першай усясьветнай вайны пад Смаргонямі і выкладаньне ў Народнай мастацкай вучэльні ў Віцебску), лічыцца, што на тэрыторыі Беларусі не захавалася ніводнай аўтарскай працы Малевіча ці хоць бы радка зь ягоных філязофскіх трактатаў. А тут — цэлая карціна, пад якой два дзясяткі гадоў стаіць знак пытальніка.

Дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка наракае, што самастойна пацягнуць выдаткі на арганізацыю мастацкай экспэртызы ўстанова ня здольная, паколькі гэта апрыёры мае на ўвазе супрацу зь нейкім замежным музэем, у якім захоўваюцца аналягічныя працы:

Юры Кітурка
Юры Кітурка

— Як усё гэта арганізаваць на самай справе, шчыра кажучы, і ня ведаю...

— У расейскіх музэях дастаткова прац Малевіча, выйсьце павінна быць...

— Гэтым трэба займацца, трэба, каб нехта вёў гэтую справу. Бо трэба зьвязвацца з Масквой, Санкт-Пецярбургам ці далёкім замежжам, загадзя ведаючы, якога хоць бы прыблізна часу карціна. Зь імі неабходна правесьці перамовы, каб яны таксама пагадзіліся знайсьці магчымасьць ўпісаць нас у свой графік. Запатрабуецца ўзгадніць мэтодыкі, паводле якіх праводзіць дасьледаваньне. Зразумела, у тым жа піцерскім Рускім музэі мусіць быць чалавек, які займаецца пэрыядам, які нас цікаваць. Але, яшчэ раз кажу, гэтым трэба шчыльна займацца.

— Гэта патрабуе папярэдняга ўзгадненьня на ўзроўні міністэрстваў?

— Не, спачатку якраз трэба, каб музэі дамовіліся паміж сабой. Вось калі наш мастацкі аддзел гатовы гэтым займацца, то няхай шукаюць варыянты, я ж ня супраць. Але ў нас столькі ўсяго, хоць бы з тым, што ёсьць, справіцца. Шчыра кажучы, мы і без таго прымаем, што гэта аўтарства Малевіча, адзінае, што ня маем дакладнага пацьвярджэньня. Тым ня меней, лічым, што гэта Малевіч, і нам гэтага факту хапае. Бо сапраўды дастаткова іншай важнай працы.

Аўтарства — са знакам пытальніка
Аўтарства — са знакам пытальніка

Адметна, што пра існаваньне неідэнтыфікаванай працы заснавальніка супрэматызму ня ведаюць нават кіраўнікі іншых профільных установаў. Так, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў у размове са Свабодай сказаў, што зусім нядаўна быў у гарадзенскага калегі, але тэма Казіміра Малевіча ў часе размоваў нават не паўставала. Пры гэтым спадар Пракапцоў ня бачыць непераадольных бар’ераў на шляху арганізацыі мастацкай экспэртызы: ён сам мае наўпроставыя кантакты з кіраўніцтвам маскоўскай Трацякоўскай галерэі, у экспазыцыі якой дастатковая колькасьць прац Малевіча пэрыяду 1920-х гадоў.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэя Ўладзімер Пракапцоў
Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэя Ўладзімер Пракапцоў

Дарэчы, акурат заўтра ў Менску завяршае працу выстава «Ад рэалізму да імпрэсіянізму» са збору Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі, падчас арганізацыі якой Уладзімер Пракапцоў ды ягоныя падначаленыя штодня працавалі з адпаведнымі службамі знакамітай музэйнай установы суседняй краіны. І ён перакананы, што маскоўскім экспэртам было б цікава і пачэсна паўдзельнічаць у нараджэньні сэнсацыі, калі аўтарства Малевіча сапраўды ўдалося б даказаць.

Для параўнаньня: Казімір Малевіч, «Хлопчык»
Для параўнаньня: Казімір Малевіч, «Хлопчык»

Тым ня меней, спадар Пракапцоў захоўвае пэўную долю скептыцызму адносна таго, што «Чалавек з рыдлёўкай» насамрэч напісаны Малевічам. Найперш, зьдзіўляе, што за столькі гадоў не ўсплыла інфармацыя, адкуль менавіта кантрабандысты спрабавалі вывезьці працу — прынамсі ніводзін расейскі музэй не заявіў аб зьнікненьні каштоўнага экспанату. Па-другое, за прамінулы час ніякай цікавасьці да палотнішча ня выявілі сваякі Малевіча. Спадар Пракапцоў у гэтым зьвязку прыгадвае нядаўнюю гісторыю: 10 гадоў таму ў Менску за 650 тысяч даляраў была прададзеная безыменная карціна, якая нібыта належала пэндзлю Марка Шагала. Аднак сваякі мастака адразу ж заявілі, што гэта нахабная падробка, паколькі ўсе ягоныя карціны сыстэматызаваныя і менскай працы ніколі не існавала.

Тым ня меней, дырэктар галоўнага мастацкага музэя краіны перакананы, што прафэсійная экспэртыза працы, якая можа зрабіць розгалас ва ўсім сьвеце, — справа гонару. І паабяцаў асабіста пагаварыць на гэты конт з кіраўніком Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю Юрыем Кітуркам.

Для параўнаньня: Казімір Малевіч, «Дрывасек»
Для параўнаньня: Казімір Малевіч, «Дрывасек»

На пытаньне, ці можа Нацыянальны мастацкі музэй «пазычыць» карціну ў сваю калекцыю, каб паскорыць працэс ідэнтыфікацыі, спадар Пракапцоў адказаў, што ня мае фармальнага права прэтэндаваць на калекцыі іншых установаў. Але відавочна, што існуюць выключэньні з правілаў...

Першасную экспэртызу можна было б зрабіць наўпрост на месцы — Казімір Малевіч у бальшыні выпадкаў пакідаў характэрнага выгляду абрэвіятуру КМ на тыльнай частцы карціны. Аднак зірнуць на заднік адміністрацыя не дазваляе — аб’ект на сыгналізацыі. Застаецца толькі параўноўваць са стылістычна падобнымі творамі, якія не выклікаюць сумневу ў іх арыгінальнасьці.

У 1992 годзе разам з 16 іншымі прадметамі даўніны Малевіча «прыняла» Марына Загідуліна — тады яна кіравала службай мастацтвазнаўцаў Упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму. Візуальная ацэнка рэчаў, якія маглі быць клясыфікаваныя як гісторыка-культурная каштоўнасьць, была абмежаваная часам стаянкі цягніка, таму паглыбленая экспэртыза праводзілася ўжо пасьля канфіскацыі кантрабанды:

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна
Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна

«Мы дзейнічалі ў рамках таго, што найперш трэба ведаць, каб імгненна вынесьці рашэньне. Часта здаралася, што забароненыя прадметы знаходзілі ў багажы чалавека, які едзе ў цягніку. Канечне, не заўсёды канфіскоўвалі, але пры падазрэньні высаджвалі пасажыра з вагону, і трэба было дакладна, літаральна за некалькі хвілінаў, пакуль ідзе мытнае афармленьне, вызначыць: ці гэта дазволена, ці акурат той твор, які нельга вывозіць за мяжу і неабходна затрымаць?

Надзвычай складаная задача, бо гаворка пра самыя розныя прадметы культурнага прызначэньня — везьлі ж ня толькі карціны, а скульптуры, прадметы побыту, гадзіньнікі, манэты, нейкія сакральныя рэчы. І нашай задачай было вызначыць, зьяўляюцца яны культурнай каштоўнасьцю ці не. Калі зьяўляюцца, то, канечне, правіламі прадугледжвалася канфіскацыя, якая грунтавалася на Парыскай канвэнцыі 1970 году. Яе падпісалі краіны Эўропы, уключна зь Беларусьсю. То бок, правілы перавозу празь мяжу засноўваліся на гэтай канвэнцыі — аб захаваньні культурнай спадчыны, перамяшчэньні культурных каштоўнасьцяў праз мытную мяжу».

Спадарыня Загідуліна кажа, што «лапату» да мужчыны зь безыменнай карціны прыклеілі самі, а аўтарства ад пачатку пазначылі як найшырэй — «пасьлядоўнікі школы Малевіча». Але пазьней у назву ўсё ж быў уведзены Казімір Малевіч — праўда, са знакам пытальніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG