Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькі футбол у маленькай краіне


Вожык — талісман ХI Чэмпіянату сьвету па футзале
Вожык — талісман ХI Чэмпіянату сьвету па футзале

Сёньня ў Беларусі распачынаецца ХІ чэмпіянат сьвету па футзале — адной з разнавіднасьцяў футболу на крытых пляцоўках. 16 камандаў, якія прадстаўляюць Эўропу, Амэрыку, Азію, Афрыку і Акіянію, на папярэднім этапе будуць кватараваць у пяці гарадах — апроч Менску, таксама ў Барысаве, Берасьці, Маладэчне і Пінску.

Турнір адкрые асабіста Аляксандар Лукашэнка — пасьля леташняга чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску гэта чарговая вялікая міжнародная імпрэза. Кіраўнік Беларусі неаднойчы хваліўся, што гуляў у футбол на «высокім узроўні» і завязаць зь любімай гульнёй давялося толькі з-за «прафэсійнай траўмы». Цяпер тройчы на тыдзень разам са сваімі сынамі ён удасканальваецца ў хакеі. Дарэчы, у Віктара, Дзьмітрыя і Мікалая Лукашэнкаў асаблівай цягі да футболу не заўважана.

Афіша матчу-адкрыцьця чарговага чэмпіянату сьвету па футзале адпаведная: Беларусь — Бразылія. Зрэшты, з такой пампэзнасьці асэнсавана ці спантанна, але кпяць нават арганізатары, якія адзначылі ў сваім прэс-рэлізе: «Шыльда, гучней за якую можна ўявіць хіба што прыезд мадрыдзкага „Рэалу“ ў Старыя Дарогі».

Спартовы журналіст парталу by.tribuna.com Антон Рогач удакладняе, што іронія небеспадстаўная: з-за ўнутраных супярэчнасьцяў футзал ня стаў структурным падразьдзяленьнем FIFA (Міжнароднай фэдэрацыі футболу), а падпарадкоўваецца AMF — Усясьветнай асацыяцыі футболу ў залях (Asociación Mundial de Fútbol de Salón). Гэта наўпрост адбіваецца на ўзроўні прэстыжнасьці «адгалінаваньня». Да таго ж, з гэтай прычыны часьцяком здараецца блытаніна паміж футзалам ад AMF і міні-футболам ад FIFA:

Антон Рогач
Антон Рогач

«Пачнём з таго, што ёсьць два варыянты футзалу: чэмпіянаты сьвету ў фармаце AMF — той, што праходзіць у Менску, якраз з гэтай катэгорыі — і ёсьць яшчэ ўсясьветныя першынствы па міні-футболе, якія праводзіць FIFA, апошні такі турнір адбыўся ў Тайляндзе ў 2012 годзе. Зразумела, што спаборніцтвы пад эгідай FIFA больш прэстыжныя: міні-футбол прадстаўлены ў 160 дзяржавах сьвету, зь іх паўсотні — эўрапейскія. Футзал культывуецца толькі ў 33 краінах, зь якіх толькі тузін прадстаўляюць Стары Сьвет. Тым ня меней, калі Беларусі зрэдку перападае нейкі чэмпіянат высокага рангу, то гэтай імпрэзе аддаецца вялізная дзяржаўная ўвага, на яе раскрутку кідаецца шмат прапагандысцкіх высілкаў. Але як на мяне, то, скажам, бясконцая рэкляма ў мэтро выглядае неяк недарэчна».

Суразмоўца ня верыць, што аднымі абвесткамі можна сабраць поўныя залі на футбол пад дахам. Але ёсьць шматразова правераны спосаб — так званы адміністрацыйны рэсурс, які ці абавязвае распаўсюджваць квіткі ў працоўных калектывах, ці мабілізуе на трыбуны вайскоўцаў, студэнтаў, школьнікаў:

«Давайце паглядзім, на якіх пляцоўках будзе праходзіць чэмпіянат сьвету: з аднаго боку — „Менск-Арэна“, зь іншага — дадатковыя залі, зьмяшчальнасьць якіх не перавышае і 1 тысячы чалавек, як у Маладэчне. Першы матч зборнай Беларусі на групавым этапе пройдзе якраз у „Менск-Арэне“, два астатнія — у Палацы спорту. Гэта значыць, 15 тысяч гледачоў і 3 тысячы адпаведна. На маё перакананьне, без адміністрацыйнага рэсурсу ніяк ня можа быць, каб на першы матч сабралася 15 тысяч ахвотных, а на другі — адразу плянка паніжаецца амаль у пяць разоў. Якраз зірнуў на тэмпы продажу квіткоў, дык практычна няма вольных месцаў на сёньняшнюю гульню Беларусь — Бразылія. Вядома, паглядзім, як усё будзе насамрэч. Асабіста я буду вельмі рады, калі ўсё абыдзецца без адміністрацыйнага рэсурсу. Але гэта практычна нерэальна. Асабліва ўлічваючы, якая ў нас папулярнасьць нават традыцыйнага футболу».

Уладзімер Жыгалка адбірае мяч у партугальскага гульца падчас матчу па футзале ў сакавіку 2012 году. Фота ©Shutterstock
Уладзімер Жыгалка адбірае мяч у партугальскага гульца падчас матчу па футзале ў сакавіку 2012 году. Фота ©Shutterstock

Пасьпеў адзначыцца непісьменнасьцю афіцыйны сайт чэмпіянату сьвету па футболе ў залях, надрукаваўшы інтэрвію з Валерыем Ахумянам — прэзыдэнтам Фэдэрацыі футзалу Эўропы і Фэдэрацыі футзалу Расеі ў адной асобе. І ў загалоўку, і ў тэксьце фігуравала выключна назва «Белоруссия». Толькі калі на некарэктнасьць назвы краіны-гаспадыні чэмпіянату зьвярнулі ўвагу беларускія спартовыя журналісты, памылку выправілі.

Кідаецца ў вочы і спроба падцягнуць да ўзроўню фаварытаў першынства каманду Беларусі. На тым жа сайце разьмешчана інтэрвію з галоўным трэнэрам зборнай Бразыліі Даніэлем Кастыльё, які выступае з зусім капітулянцкіх пазыцыяў:

«Мы трапілі ў досыць складаную групу — галоўным чынам таму, што гэта група краіны, якая прымае чэмпіянат і якая будзе вельмі моцным супернікам. У прынцыпе, як мне падаецца, Беларусь — адна з асноўных прэтэндэнтак на перамогу». Гэта пры тым, што Бразылія двойчы была чэмпіёнам сьвету, а найлепшае дасягненьне беларусаў дагэтуль — выхад у чвэрцьфінал.

Згодна з вынікамі лёсаваньня, на папярэднім этапе каманды згуляюць у наступных квартэтах:

група А — Беларусь, Уругвай, Бразылія, Аўстралія;

група В — Парагвай, Бэльгія, Нарвэгія, Марока;

група С — Калюмбія, Чэхія, Вэнэсуэла, Кюрасао;

група D — Аргентына, Расея, Славаччына, Кіргізстан.

Талісманам усясьветнага першынства ў Менску абраны вожык з узьнятым вялікім пальцам і ў футбольнай форме колеру дзяржаўнай атрыбутыкі. У аргкамітэце ўдакладнілі, што вобраз пэрсанажа, які славіцца хуткасьцю рэакцыі ў экстрэмальнай сытуацыі (што важна для любога гульца высокага ўзроўню), увасобіў мастак-дызайнэр Віталь Арцюх — аўтар зубра Волата, які стаў сымбалем хакейнага чэмпіянату сьвету-2014.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG