Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хуткасьць закону: Прынятая восеньню ў Менску пастанова ў Бярозе яшчэ ня дзейнічае


Пастанова Савету Міністраў аб скарачэньні «буфэрных зонаў» вакол сьвінафэрмаў з 5 кілямэтраў да 500 мэтраў уступіла ў сілу яшчэ 14 лістапада. У гэтых зонах вяскоўцам забаронена трымаць сьвіней на ўласных падворках. Аднак у рэгіёнах пастанова дагэтуль ня дзейнічае. На сялянаў, якія пачалі заводзіць сьвіней, складаюць пратаколы.

У мястэчку Малеч Бярозаўскага раёну людзі даўно даведаліся пра скарачэньне Саветам Міністраў ахоўных зон вакол сьвінафэрмаў. Гэтыя зоны — прафіляктычныя тэрыторыі, створаныя дзеля барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней. Паколькі ад бліжэйшай фэрмы да вёскі каля кілямэтра, людзі пачалі заводзіць сьвіней.

Завялі парсючка і пэнсіянэры Зоя і Мікалай Палейкі. Апавядае спадарыня Зоя:

«Восеньню выкапалі бульбу і вырашылі купіць парася. У першых чыслах студзеня тэлефануюць зь сельсавету, ці трымаем. Я кажу — так, у нас парася ёсьць. Прайшло пару дзён — прыходзяць дзьве дзяўчынкі з вэтстанцыі...»

На пэнсіянэраў склалі адміністрацыйны пратакол за незаконнае ўтрыманьне жывёлы ў ахоўнай зоне, ім пагражае штраф. Выявілася, што бярозаўскія чыноўнікі дагэтуль карыстаюцца старымі законамі аб пяцікілямэтровай буфэрнай зоне. Каб пастанова ўраду пачала дзейнічаць, на яе падставе райвыканкам павінен прыняць адпаведнае рашэньне, дзе трэба пазначыць канкрэтныя вёскі, дзе сьвіней трымаць забаронена. Аднак пакуль такога рашэньня няма, хоць прайшло ўжо больш за два месяцы ад прыняцьця пастановы ўрадам. Раённыя чыноўнікі кажуць, што праект рашэньня распрацаваны, але пакуль праходзіць юрыдычную экспэртызу ў аблвыканкаме.​

Бярозаўскі фэрмэр Аляксандар Аліхвер у час увядзеньня ахоўных пяцікілямэтровых зонаў быў вымушаны пазбыцца сотняў сваіх сьвіней. Ён кажа, што з прыманьнем райвыканкамаўскага рашэньня ідзе бюракратычная цяганіна:

«Тое, што нашы мясцовыя ўлады ўжо трэці месяц ня могуць прыняць рашэньне — гэта называецца цяганіна, гэта называецца бюракратыя. Ёсьць пастанова Савету Міністраў, і калі рашэньне райвыканкаму не адпавядае пастанове Савету Міністраў, то такое рашэньне аўтаматычна павінна быць адменена. Чыноўнікі нясуць пэрсанальную адказнасьць аж да звальненьня за неабгрунтаванасьць сваіх дзеяньняў. А для людзей цяпер гэта мае першаснае значэньне — утрыманьне сьвіней. Мясцовая ўлада, райвыканкам павінны зь людзьмі пагутарыць. Але яны гэта робяць самі — думка людзей іх абсалютна не цікавіць».

Мікалай Палейка, Аляксандар Аліхвер, Зоя Палейка (зьлева направа)

Мікалай Палейка, Аляксандар Аліхвер, Зоя Палейка (зьлева направа)

Абураныя жыхары Малеча сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў і накіравалі ў Бярозаўскі райвыканкам ліст з патрабаваньнем правесьці вясковы сход і растлумачыць, чаму так доўга няма рашэньня райвыканкаму аб ахоўных зонах. Вяскоўцы таксама хочуць азнаёміцца з праектам рашэньня райвыканкаму і патрабуюць улічыць іх думку, калі будзе прымацца рашэньне.

Падобны «сьвіны бунт» у Малечы ўжо быў увесну 2014 году, а празь некаторы час стала вядома, што Берасьцейскі аблвыканкам хадайнічаў ва ўрад аб зьмяншэньні буфэрных зонаў вакол фэрмаў.

У Бярозаўскім раёне ўвосень 2013 году жыхары 17 вёсак мусілі зьнішчыць пагалоўе сьвіней на сваіх падворках.

З ініцыятывы ўладаў сьвіней у вёсках забіваюць дзеля прафіляктыкі «афрыканскай чумы сьвіней». Пры гэтым бярозаўскія чыноўнікі кажуць, што ніводнага выпадку захворваньня сьвіней на гэтую чуму ў раёне не было.

Найбольшыя пратэсты жыхароў з нагоды «сьвіной» праблемы на Берасьцейшчыне адбываюцца якраз у Бярозаўскім раёне.​

XS
SM
MD
LG