Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове спалілі аўто бізнэсоўцы, які дапамог раскрыць міжнародную схему кантрабанды садавіны празь Беларусь


За некалькі дзён да падпалу зь ягоным партнэрам у Беларусі сустрэўся беларускі бізнэсовец, які папярэдзіў, што ў таго «хутка пачнуцца праблемы».

У малдоўскім горадзе Гладэнь спалілі аўтамабіль коштам 40 тысяч эўра, перадае партал pan.md.

Ён належаў бізнэсоўцу, які дапамог раскрыць міжнародную схему рээкспарту садавіны з Заходняй Эўропы ў Беларусь і Расею. Пра тое, як польскія яблыкі пад выглядам малдоўскіх увозілі ў Беларусь, пісала Свабода.

Уначы з 15 на 16 сакавіка невядомыя ўзламалі гараж мясцовага экспартэра садавіны. Яны падпалілі ягоны аўтамабіль Mercedes-Benz ML Caught 2012 году выпуску.

Што гэта наўмысны падпал, пацьвердзілі ў мясцовай управе МУС. Паліцэйскія сказалі, што ўжо маюць падазраваных.

Аўтамабіль належыць Ігару Мырзу. Да 2013 году ён разам з экс-кіраўніком фітасанітарнай службы Малдовы Аляксандру Чабану быў сузаснавальнікам малдоўскай кампаніі «Біяпланпратэкт».

«Мяркую, што гэта папярэджаньне міжнароднай групоўкі, якую могуць курыраваць людзі з прыбалтыйскай мафіі, малдоўскі бізнэсоўца Арцём Дораш і фітасанітар Аляксандру Чабану, а таксама група афіцэраў з Нацыянальнага цэнтру па барацьбе з карупцыяй. Я лічу, што гэта намёк на тое, што ўсе малдаўскія вытворцы і экспартэры павінны працаваць па правілах згаданай групы людзей, то бок плаціць каму трэба і тады, калі скажуць», — паведаміў Мырза.

Пра міжнароднае журналісцкае расьсьледаваньне RISE Moldova і Newsmaker ужо пісала Свабода. RISE высьветліў, як чыноўнікі й бізнэсоўцы зь сямі краін увезьлі з Эўразьвязу ў Беларусь і Расею больш за 20 тысяч тон садавіны пад выглядам малдоўскіх.

Мырза апавёў, што за некалькі дзён да падпалу зь ягоным партнэрам у Беларусі сустрэўся беларускі бізнэсовец, які папярэдзіў, што ў Мырзы «хутка пачнуцца праблемы».

«Гэты беларускі пасярэднік таксама выказаў абурэньне тым, што нібыта я перадаў журналістам тэлефоны літоўскага прадпрымальніка Мадэстас», — сказаў Мырза ў камэнтары pan.md.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG