Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ў Кішынёве: Зьявілася новая сіла — зь лёзунгамі супраць алігархіі


Майдан у Кішынёве. Маніфэстанты ўсталявалі каля 100 намётаў і назвалі намётавы гарадок, мястэчкам «Годнасьці і справядлівасьці»
Майдан у Кішынёве. Маніфэстанты ўсталявалі каля 100 намётаў і назвалі намётавы гарадок, мястэчкам «Годнасьці і справядлівасьці»

Падзеі ў Кішынёве — вачыма жыхаркі малдаўскай сталіцы Ганны Мазур, этнічнай беларускі, культуроляга і фотамастака. Зь ёю пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Кіраўніцтва Малдовы трымаецца праэўрапейскага вэктару разьвіцьця. Часта яго прыводзяць у прыклад іншым краінам СНД, якія рухаюцца ў расейскім фарватэры. З улікам гэтага фактару — які характар мае масавы мітынг на плошчы перад парлямэнтам? Чые інтарэсы адстойваюць лідэры новай палітычнай сілы, ці можна адшукаць там расейскі сьлед?

Ганна Мазур
Ганна Мазур

— Дзень учора, вядома, быў надзвычай насычаны. Увогуле, тыя, хто сабраўся на нашай плошчы Вялікага нацыянальнага сходу, прадстаўляюць новую фармацыю — палітычную пляцоўку пад назвай, калі літаральна перакласьці, «Годнасьць і справядлівасьць». І што мы бачым? Упершыню адмаўленьне і тых лідэраў, якія нібыта праэўрапейскія, і адначасовае паліваньне брудам тых, хто мае прарасейскую пазыцыю. То бок — і супраць тых, і супраць другіх, з выкрываньнем таго, што яны алігархічна інтэграваныя ў сыстэму ўлады.

Больш-менш выразна прагучала патрабаваньне, што нарэшце неабходна ўнесьці папраўку ў Канстытуцыю: прэзыдэнта павінен абіраць народ, а не дэпутаты парлямэнту. Іншымі словамі, каб прэзыдэнт быў вылучэнцам народу, а не заставаўся марыянэткай у руках нейкай палітычнай сілы. Каб не было сорамна перад усім сьветам, бо досыць шмат нэгатыўных момантаў цяпер вакол дзейнага прэзыдэнта. Адным словам, мітынгоўцы адмаўляліся і ад тых, і ад другіх.

Тым часам паралельна адбываўся яшчэ адзін мітынг, які быў арганізаваны сіламі абсалютна прарасейскіх палітфармаваньняў. Чаго хацелі тыя? Ну, прынамсі таксама дэкляравалі, каб было больш годнае жыцьцё для народа, каб паважалі людзей, не абіралі іх. Зрэшты, як заўсёды, бо сапраўды тут такая сытуацыя, што абрабавалі грамадзянаў краіны ў поўным сэнсе гэтага слова. Зь бюджэту загадкавым чынам зьнік цэлы мільярд даляраў, але ніхто не вінаваты, знайсьці грошы ня могуць. Людзі, канечне, абураныя, таму і выйшлі на вуліцу.

— Ці прасочваюцца у выступе малдаўскай грамадзянскай супольнасьці пэўныя паралелі з падзеямі ва Ўкраіне, якія ўрэшце прывялі да Майдану?

— Параўноўваць гэта з кіеўскім Майданам, думаю, ня варта, дый не падобна гэта да Майдану. Найперш, заклікі былі выключна мірнага характару, і самі прадстаўнікі гэтай новай палітычнай плятформы запэўнівалі, што ўсё пройдзе мірна і цывілізавана. Зрэшты, ня ведаю, да чаго гэта прывядзе, бо неяк так ужо заклалася, што калі няма чалавечай крыві, то нічога нікуды ня рухаецца. На жаль, у нашых суседзяў ва Ўкраіне такое адбылося, але мы зусім ня хочам, каб у нас таксама пралівалася кроў.

Тое, што вылучаюцца радыкальныя ўмовы, дык гэта ад безвыходнасьці. Людзі стаміліся жыць у жабрацтве, якое сьпісваецца не на ўнутраныя прычыны, а выключна на несканчоныя вонкавыя крызісы. Адпаведна, цяперашняе палітычнае становішча не дае ніякай упэўненасьці ў заўтрашнім дні. Усе ведаюць, бачаць, якая тут палітычная раздробленасьць, людзям хочацца большай прадказальнасьці. Гэта ўрэшце і выклікала такую вось хвалю незадаволенасьці. Тым ня меней, нягледзячы на катэгарычныя патрабаваньні — ад сыходу прэзыдэнта да адстаўкі прэм’ер-міністра і ягонага кабінэту — усё адбываецца досыць мірна. Паглядзім, да чаго гэта ўрэшце прывядзе.

Пратэсты ў Кішынёве
Пратэсты ў Кішынёве

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG