Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Малчанаў пасьля 7-суткавага арышту: Еду жыць ва Ўкраіну


Былы палітвязень з Барысава сьцьвярджае, што стаў ахвярай правакацыі.

Аляксандар Малчанаў сёньня выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адміністрацыйнага арышту. Тыдзень таму на яго склалі пратакол за «дробнае хуліганства». Хлопцу пагражае ўзнаўленьне адміністрацыйнага нагляду.

Аляксандар Малчанаў апавёў Свабодзе падрабязнасьці свайго затрыманьня:

«21 лістапада каля 10-й раніцы я кіраваўся на чыгуначны вакзал Барысава, каб паехаць ва ўнівэрсытэт у Менск. На вакзале мяне дагналі двое мужчын гадоў 40. Яны пачалі мяне абвінавачваць, што я скраў у іх ці то магнітолу, ці то барсэтку. Я прапанаваў выклікаць міліцыю і адмовіўся размаўляць з гэтымі мужчынамі. Яны пачалі мяне біць і зьневажаць. У гэты час з машыны, якая стаяла побач, выскачылі два міліцыянты, якія, дарэчы, займаюць адказныя пасады ў кіраўніцтве Барысаўскага РУУС. Адзін зрабіў выгляд, што спрабуе дагнаць мужчын, якія мяне білі. Ясна, што нікога не дагнаў. Мяне затрымалі, даставілі ў РУУС, дзе склалі пратакол за лаянку. Што праўда, падчас гэтай сытуацыі я дапусьціў некалькі нецэнзурных выказваньняў, на судзе я гэтага не хаваў. Сёньня выйшаў з турмы, цяпер шукаю 526 тысяч, якія мушу аддаць за ўтрыманьне ў ізалятары».

Суд над Аляксандрам Малчанавым адбыўся 24 лістапада. Прысуд — 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Аляксандар Малчанаў кажа, што са жніўня жыве ва Ўкраіне. У Беларусь прыехаў на некалькі дзён, каб вырашыць некалькі асабістых пытаньняў і здаць сэсію ва ўнівэрсытэце. Каб пазьбегнуць перасьледу, хлопец мяркуе зьехаць жыць ва Ўкраіну, «прынамсі, пакуль тут ня зьменіцца сытуацыя»:

«Відавочна, што сытуацыя справакаваная штучна. Я так разумею, што ў правакацыі ўдзельнічалі пераапранутыя супрацоўнікі Барысаўскага РУУС. Я пляную пераехаць ва Ўкраіну на сталае месца жыхарства. Праўда, ёсьць шмат пытаньняў, зьвязаных з жыльлём і фінансамі. Але як толькі я іх вырашу, то думаю пераехаць ва Ўкраіну. Прынамсі, да зьмены сытуацыі ў нашай краіне. Тут мне дастаткова тры разы быць затрыманым па адміністрацыйных справах, і для мяне будзе ўзноўлены прэвэнтыўны нагляд. А прэвэнтыўны нагляд азначае немагчымасьць пакінуць горад. Адна адміністрацыйная справа ўжо ёсьць. Яшчэ дзьве такія сытуацыі — і я зноў буду несвабодным чалавекам».

XS
SM
MD
LG