Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя беларуса «Дока»: вайна з прарасейскімі сэпаратыстамі і ўкраінскімі бюракратамі


«Док» — пазыўны аднаго зь беларускіх добраахвотнікаў, якія паехалі абараняць Украіну ад расейскае агрэсіі, а цяпер змагаюцца з украінскімі чыноўнікамі за тое, каб атрымаць афіцыйны статус. Пра сваю барацьбу ён пагадзіўся распавесьці Свабодзе.

Шлях у батальён «Данбас»

Украінскія падзеі мяне пачалі цікавіць у часы Майдана. Я спачатку не разумеў, што адбываецца, але потым пачаў глядзець відэастрымы пастаянна, чытаць артыкулы незалежнае прэсы. У выніку зразумеў, што сапраўды народ змагаецца за свае правы супраць дыктатуры.

Я, вядома ж, як жыхар Беларусі адразу зразумеў, што гэта важная справа. Але ва Ўкраіну не прыяжджаў, меркаваў, што ўкраінцы гэта самі ўсё завершаць. Ну, і, акрамя таго, у мяне сэсія на той момант сканчалася. Я на трэцім курсе вучыўся на праграміста.

Потым ужо надыходзіць 1 сакавіка, Расея абвяшчае, што будзе ваяваць з Украінай, паволі забіраюць Крым. У траўні Сямён Сяменчанка, кіраўнік батальёна «Данбас», за якім я сачыў у сетцы, піша: прыяжджайце да нас, беларусы і расейцы, будзем разам змагацца супраць захопнікаў і прарасейскіх дыктатур.

Ну, я зьвязаўся зь ім, спытаўся, што і як — грамадзянства няма, ці трэба нейкая мэдкамісія, дакумэнты. Сказалі: нічога ня трэба, трэба самому прыехаць фізычна, усё астатняе дадуць. Ну, я сказаў — добра.

21 траўня я ўжо быў на базе батальёна. Як высьветлілася, гэта быў партызанскі атрад, нідзе не аформлены. Прайшоў літаральна тыдзень — і мы паехалі ў Нацыянальную Гвардыю афармляцца як афіцыйнае падразьдзяленьне.

Па прыезьдзе нас сустрэў Антон Герашчанка — дарадца міністра ўнутраных спраў Авакава. Людзі пачалі задаваць пытаньні, як і што. Ён, вядома: дакумэнты, усё будзе афіцыйна, будзеце афіцыйнымі вайскоўцамі, афіцыйная пэнсія і ўсё іншае.

Ну, мы людзі законапаслухмяныя, асабліва замежнікі, асабліва беларусы, таму спыталі — а што рабіць тым, у каго няма грамадзянства? — «Нічога страшнага, мы зараз за некалькі тыдняў выпішам вам дакумэнты, выпішам грамадзянства і — дакладна як і ўкраінцам — аформім вам кантракт. То бок вы будзеце афіцыйнымі вайскоўцамі з афіцыйнай зброяй — і ніякіх прэтэнзіяў да вас ня будзе».

Ілавайскі кацёл

Мы пачакалі месяц, паўтара месяца. За гэты час да нас прыяжджаў ужо і сам Арсен Авакаў, і Юры Луцэнка прыяжджаў — усе яны казалі адно і тое ж: выпішам зараз грамадзянства, паедзеце ваяваць. Тым ня менш прыходзіць час выяжджаць у зону АТА, мы выяжджаем у зону АТА, а дакумэнтаў па-ранейшаму не далі. Мы разумеем, што ў краіне надзвычайнае становішча, магчыма, у іх там часу няма — тым больш міністар паабяцаў, такія высокія людзі — чаму бы і не паверыць. Асабліва калі кажуць: вось вы зараз будзеце ваяваць, а пакуль вы будзеце ваяваць — мы вам выпішам усе неабходныя дакумэнты, вам проста ў акопы дашлем палявой поштай. У выніку мы падчас правядзеньня антытэрарыстычнае апэрацыі проста паміж баявымі дзеяньнямі падыходзілі да камандзіра, пыталіся, дзе дакумэнты. У прыватнасьці, да камбата падыходзілі, камбат казаў: маўляў, зараз мы вам усё аформім, цяпер, вось цяпер. Сканчаецца ўсё тым, што надыходзіць Ілавайск, нехта ў яго трапляе, хтосьці не трапляе, але ў выніку ўсе замежнікі шчасьліва вяртаюцца на базу батальёна ў Курахава, і нам паведамляюць, што мы едзем на ратацыю ў Кіеў.

Ідзіце па дамах

Прыяжджаем мы ўначы на тэрыторыю вайсковай часьці, нас тут выгружаюць і кажуць: ну што, хлопцы, ідзіце па дамах. У каго было куды прыткнуцца — тыя пайшлі, а астатнім дазволілі некалькі дзён на голых ложках пракантавацца. Скончылася гэта тым, што я пайшоў да сваіх пабрацімаў, якія ў такіх жа ўмовах, як і я, апынуліся, таму што яны з акупаваных тэрыторыяў. Разам зь імі я некаторы час жыў — паколькі з восені кіраўніцтва батальёна прыняло рашэньне, што ў нас цяпер ваююць толькі афіцыйныя вайскоўцы, а вам дакумэнты мы выпісаць ня можам.

Потым ужо яны разьехаліся, частка паехала на вайну. Мне, шчыра кажучы, ужо падзецца было няма куды, я патэлефанаваў адзінаму чалавеку, якога ведаў да гэтага ў Украіне — сябру, зь якім пазнаёміўся праз сацсеткі да прыезду ва Ўкраіну. Мне вельмі пашанцавала, што яго бацькі дазволілі жыць у іх — з таго часу я жыву ў іх, бо іншых варыянтаў банальна няма. Атрымалася яшчэ паехаць да сваіх землякоў у «Правы Сэктар» — але, зноў-такі, потым усе казалі, у тым ліку і кіраўніцтва ПС, і галоўныя людзі краіны, што «Правы Сэктар» будзе афіцыйнай структурай. Я падумаў: добра, калі так, то хоць там выпішуць нейкія дакумэнты нарэшце. Зноў-такі, вайна ішла сур’ёзная, Данецкі аэрапорт толькі прайшоў. Удалося там месяц паваяваць. Пасьля гэтага паехаў «Правы Сэктар» на ратацыю на базу, бо неафіцыйныя падразьдзяленьні пачалі выганяць з зоны правядзеньня АТА.

Дайшлі да ўраду

Ну і вось, уласна, з таго часу я апынуўся ў падвешаным стане. Калі вярнуўся на першую ратацыю з батальёна «Данбас» — дзесьці месяц адыходзіў ад вайны, і з таго часу пачаў прабіваць вырашэньне пытаньня па сваіх дакумэнтах. Пачалі мы ўсё гэта з камандзіраў аддзяленьняў, дзе мы былі. У выніку за паўтара года нам удалося дайсьці на ўзровень Кабміна. Аж да таго, што мы на працягу паўгода мелі кантакты са СМІ, раз на тыдзень давалі на розных каналах інтэрвію пра тое, што нам ніякіх дакумэнтаў не даюць, мы ня можам нават застацца «на гражданцы», каб банальна жыць і працаваць. У многіх сем’і, жонкі, дзеці, іх трэба карміць, а мы да гэтага часу ня можам атрымаць дакумэнты.

У выніку адзінае, чаго нам удалося дамагчыся, — гэта тое, што Авакаў напісаў нам хадайніцтва на наданьне грамадзянства. Мы падалі гэта ў міграцыйную службу — і яна адправіла наверх.

Прывязіце даведку

Хлопцы-замежнікі з батальёна «Азоў» тое ж самае зрабілі яшчэ вясной мінулага году. Праз 9 месяцаў ім прыйшоў адказ: у вас няма даведкі аб несудзімасьці, прывязіце даведку аб несудзімасьці з Расейскае Фэдэрацыі. У нас — пройдзе пару месяцаў — будуць патрабаваць абсалютна тое ж самае. Тым хлопцам, у якіх ёсьць гэтая даведка — яна нічым не дапамагла, таму што яны дакопваюцца да нейкіх дробных агрэхаў, потым кажуць: ой, прабачце, яна ў вас скончылася.

Я паглядзеў на ўсё гэта — а ў мяне ўжо пратэрмінаваны быў тэрмін знаходжаньня — я каля паўгода жыву незразумела як, у выніку разумею, што ніякіх дакумэнтаў мне не дадуць. Каб мяне банальна не дэпартавалі — я зьвярнуўся па статус бежанца ў Украіне. Як выявілася, бежанства — гэта дакладна такая самая праблема, ня толькі ў тых, хто ваяваў — але і ў простых грамадзян: хто ўдзельнічаў у Майдане ці хто проста ўцякае ад дыктатуры.

Уласна, прайшло ўжо амаль паўтара года з таго часу, як прэзыдэнт Парашэнка 2 сьнежня 2014 году з трыбуны Вярхоўнай Рады сказаў: беларусы, расейцы, вы мае пабрацімы, вы ваявалі за маю краіну, я падпішу вам указ, надам вам усім грамадзянства. Нам гэта ніяк не дапамагло. Нават атрымалася напісаць онлайн-пэтыцыю — яна сабрала больш за 25 000 галасоў. Парашэнка адказаў на гэтую пэтыцыю, сказаў: калі будуць паступаць такія просьбы аб грамадзянстве — я буду іх неадкладна падпісваць і надаваць грамадзянства. «Азоўцам» неадкладна адмовілі паўгода таму, нам неадкладна адмовяць праз пару месяцаў.

Пра пляны

Шчыра кажучы, цяпер у мяне ня можа быць ніякіх плянаў. Назад вярнуцца нельга, таму што ў турму пасадзяць — пра гэта кажуць два гады запар КДБ, МУС і сам прэзыдэнт Лукашэнка — што мы найміты, атрымліваем зарплату, хоць па факце нам ніхто нічога ня даў, акрамя валянтэраў, каб мы банальна не памерлі з голаду. Застацца тут і прасіць на агульных падставах дакумэнты — то нават тыя, хто тут шмат гадоў жыве — ім з-за таго, што яны ваявалі, кажуць «прывязі даведку» — а яны ня могуць прывезьці даведку, а чыноўнікі кажуць «а нам усё роўна».

Нікому не даюць грамадзянства, ня лічачы некалькіх асобаў. Два чалавекі, наконт якіх я ведаю, што яны атрымалі грамадзянства, — Кароткіх і Багданаў. Багданаў — былы супрацоўнік ФСБ, Кароткіх — былы член РНЕ, яго падазраюць у сувязях з ФСБ, КДБ. Да прыезду ва Ўкраіну ён сядзеў у Беларусі, агітаваў за ідэі «русского мира» — яго не чапаў КДБ, тут ён прыехаў ва Ўкраіну — яму раптам надае грамадзянства прэзыдэнт сваім указам, выступае перад камэрамі. А ўсіх астатніх банальна пасылаюць.

Калі б была магчымасьць зьехаць кудысьці ў Эўропу — то людзі б паехалі, але тут такая сытуацыя, што ў самой Эўропе наплыў бежанцаў. Усе краіны ня хочуць зьвязвацца зь людзьмі, якія ваявалі, у прынцыпе — ня важна, за каго, за што — гэтыя людзі лічацца асабліва рызыкоўнымі, таму іх стараюцца нікуды не прымаць. Немагчыма будаваць ніякія пляны, калі ты фактычна загнаны ў глухі кут.

Мы вас сюды ня звалі

Некаторыя ўкраінцы часам нават кажуць: маўляў, мы вас сюды ня звалі. Ёсьць адсотак людзей, якія будуць казаць што заўгодна. Гэта не з-за таго, што мы замежнікі: самі ўкраінцы сваіх суграмадзян часам так ацэньваюць. Да прыкладу, Тацяна Чарнавол цяпер у Вярхоўнай Радзе кажа: гэтыя добраахвотнікі, яны паехалі на сафары, грошай падзарабіць, павесяліцца, а цяпер чагосьці хочуць, нейкія патрабаваньні. Менавіта такое стаўленьне да людзей: што мы вось не гатовыя чымсьці ахвяраваць — значыць, і яны туды пайшлі па грошы. Кожны па сабе ацэньвае.

Я ж у першую чаргу прыехаў сюды змагацца супраць расейскай інтэрвэнцыі, супраць акупацыі. Беларусы самі не адзін раз з гэтым сутыкаліся на працягу апошніх 500 гадоў — калі расейскія захопнікі акупоўвалі частку нашых зямель.

Чаго можна чакаць

Сытуацыя ў нашым рэгіёне цяпер складаная, але, думаю, у Прыбалтыку Расея ўрывацца ня будзе — ім не патрэбны канфлікт з НАТО. А ў Беларусь — навошта? Беларусь і так цалкам кантралюецца Расейскай Фэдэрацыяй, яна ня больш незалежная фактычна, чым Бранская нейкая вобласьць. Палітыкі, КДБшнікі, сілавікі — усе ключавыя пасады занятыя прарасейскімі афіцэрамі, людзьмі з прарасейскімі поглядамі. Чым гэта скончылася ва Ўкраіне — мы выдатна бачым. Пакуль усё як цяпер — нічога ня будзе, але калі народ ускалыхнецца ці ўлада задумаецца — адразу ж прыйдуць расейскія танкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG