Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд забараніў увоз 12 тон малочнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Таксама расейцы знайшлі забароненыя прэпараты ў сухім малацэ зь Беларусі.

Як паведамляе фэдэральная служба па вэтэрынарным наглядзе, на гэтым тыдні падчас вэтэрынарнага кантролю беларускай малочнай прадукцыі інспэктары ўпраўленьня Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях «выявілі парушэньні, якія сьведчаць пра адсутнасьць гарантый у яе бясьпецы і недастатковы кантроль за пастаўкай з боку вэтслужбы».

Каля 2 тон стэрылізаванага малака для дзіцячага харчавання ваўкавыскага «Беллакту» было без пасьведчаньня якасьці.

Раней Рассельгаснагляд у малочнай прадукцыі гэтага прадпрыемства выяўляў мэтранідазол і антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы.

Акрамя таго, больш за 10 тон згушчонага малака з Рагачова ўвозілася ў транспартным сродку, які не забясьпечваў патрэбны тэмпэратурны рэжым. А на індывідуальнай упакоўцы адсутнічала маркіровачная этыкетка.

Усе гэтыя грузы расейцы вярнулі ў Беларусь.

Таксама Рассельгаснагляд паведамляе пра сваю занепакоенасьць якасьцю і бясьпекай сухога малака беларускіх прадпрыемстваў. Апошнім часам практычна штотыдзень расейцы выяўляюць выпадкі неадпаведнасьці сухога малака і сухой малочнай сыроваткі патрабаваньням бясьпекі па ўтрыманьні метранідазолу.

Гэта неаднаразова тычылася прадукцыі гомельскага ААТ «Мілкавіта». Раней было забракавана 7 падобных партый.

Таксама забаронены прэпарат быў тройчы выяўлены ў абястлушчаным сухім малацэ Лепельскага малочна-кансэрвавага камбінату, двойчы — у сухой малочнай прадукцыі ваўкавыскага «Беллакту», а таксама ў пастаўках з ААТ «Бабулін гладыш», Клецкага філіялу ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», Лідзкага малочна-кансэрвавага камбінату і малочнай кампаніі «Наваградзкія дары».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG