Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міністэрства адукацыі пачынае з канца», — экспэрт пра рэформу школьных экзамэнаў


Міністэрства адукацыі рыхтуе чарговую рэформу, якая будзе тычыцца мэханізму кантролю ведаў выпускнікоў 9-х і 11-х клясаў.

Рэформа закране два аспэкты правядзеньня выпускных іспытаў у школах: прымаць іх будзе незалежная камісія, а ў сам экзамэн дададуць частку, скіраваную на паступленьне ў ВНУ.

Пра тое, ці прынясе карысьць такое новаўвядзеньне, Свабода пагутарыла з экспэртам Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, кандыдатам пэдагагічных навук Сьвятланай Мацкевіч.

— Як вы можаце ацаніць ідэю незалежнай камісіі для прыёму экзамэнаў?

Ідэя, каб іспыт прымалі незалежныя суб’екты, правільная, але адначасова і вельмі складаная.

— Ідэя, каб іспыт прымалі незалежныя суб’екты, правільная, але адначасова і вельмі складаная. Таму я вельмі моцна сумняваюся ў правільнасьці яе рэалізацыі ва ўмовах школы. Чаму? Таму што школа — гэта заўсёды арганізм зь яскрава выяўленымі карпаратыўнымі рысамі. Таму арганізаваць незалежную экспэртызу ацэнкі ведаў будзе немагчыма. Любы дырэктар любой школы будзе імкнуцца, каб ацэнку яго вучняў давалі яго знаёмыя выкладчыкі. Таму цалкам выключыць суб’ектывізм у ацэнцы не атрымацца. Гэта па-першае. Па-другое, рэалізацыя гэтай ідэі можа пацягнуць зьяўленьне карупцыйных мэханізмаў. Таму пакуль, ня ведаючы, як гэтая ідэя будзе рэалізоўвацца, магу сказаць толькі адно: задума добрая, але ў нашых умовах яе цяжка рэалізаваць, а нават калі і атрымаецца, то яна будзе ствараць хутчэй адмоўныя, чым станоўчыя зьявы.

— А што наконт другой прапановы міністра адукацыі? Ці пойдзе на карысьць, калі да ўжо звыклага цэнтралізаванага тэставаньня дададуцца сумоўе, творчы экзамэн ці сачыненьне?

— Магу сказаць, што цэнтралізаванае тэставаньне, якое ёсьць цяпер, вельмі недасканалы мэханізм, які цалкам выпусташыў зьмест адукацыі. Цяпер практычна адна мэта навучаньня ў школе — вымуштроўваць вучняў для ЦТ. Атрымалася акурат тое, пра што папярэджвалі экспэрты ў пачатку эпохі тэстаў. Пра гэта гавораць і цяпер: тэставаньне — зусім ня той мэханізм ацэнкі, які дазволіць аб’ектыўна ацаніць веды, але хутчэй выкліча новыя праблемы. Гэтыя праблемы мы і маем сёньня.

Цэнтралізаванае тэставаньне, якое ёсьць цяпер, вельмі недасканалы мэханізм, які цалкам выпусташыў зьмест адукацыі. Цяпер практычна адна мэта навучаньня ў школе — вымуштроўваць вучняў для ЦТ.

— У чым асноўныя хібы ЦТ?

— Сёньня студэнт, які пасьпяхова здаў тэставаньне і паступіў у ВНУ, ня ў стане выканаць элемэнтарнае заданьне іншага кшталту. Напрыклад, тыя, хто пасьпяхова здаюць ЦТ па мовах, пры напісаньні дыктанту робяць безьліч памылак. Гэта выразна сьведчыць пра тое, што тэст — ня самая добрая форма праверкі ведаў. Я ўжо не кажу пра тое, што былі выпадкі, калі нехта ішоў на ЦТ, адказваў наўгад і ў выніку набіраў балы, неабходныя для паступленьня. Таксама тэставаньне зусім не закранае такі важны аспэкт, як жывы мэханізм дыскусіі і камунікацыі. І тут маем замкнёнае кола. Бо ў прынцыпе тэставаньне і ўводзілі для таго, каб пазьбегнуць суб’ектывізму ацэнкі, які ўзьнікае падчас вуснага экзамэну. З аднаго боку, гэта непазьбежна: нехта валодае абаяльнасьцю, харызмай, нехта — не. Мэханізм ЦТ начыста выключыў магчымасьць суб’ектывізму ў ацэнцы. Але стварыў сытуацыю, калі нават на гуманітарную спэцыяльнасьць могуць паступіць тыя, хто не валодае навыкамі камунікацыі. Таму цяпер і маем у ВНУ студэнтаў, якія ўвогуле ня ўмеюць размаўляць, баяцца зносін з людзьмі і не разумеюць мэханізмаў сацыяльнага ўзаемадзеяньня. Гэта ёсьць вынік тэставаньня.

— Атрымліваецца, што прыход тэставаньня як асноўнага мэханізму для здачы выпускных і ўступных іспытаў рэзка зьмяніў падыходы да школьнай адукацыі?

— Так. Настаўнікі муштруюць вучняў для пасьпяховай здачы тэстаў і зусім не заклапочаныя працэсамі разуменьня, навучаньня. Ёсьць вельмі розныя пэдагагічныя працэсы: вымуштроўваньне і засваеньне ведаў праз разуменьне. Цяпер школа скіраваная на вымуштроўваньне, на жаль.

— Тады варта вітаць, калі ў ЦТ дададуць складнік гутаркі ці сачыненьня?

— Усё будзе залежаць ад таго, як будзе ацэньвацца гуманітарны складнік іспытаў. Важна, ці будуць ацэньвацца альтэрнатыўныя падыходы да праблемаў, незалежная думка. Калі так, то гэта добра. Але ж ёсьць верагоднасьць, што нават падчас камунікатыўнага экзамэну будуць патрабаваць ад абітурыентаў жорстка стандартызаванага падыходу. Будзем усё ж спадзявацца, што рэформа, якую рыхтуе Міністэрства адукацыі, нейкім чынам запоўніць недахопы сучаснага ЦТ, але пераход на новыя формы кантролю павінен праходзіць вельмі акуратна і паступова.

— Міністэрства адукацыі заявіла, што рэформа пройдзе толькі празь 5-6 гадоў. Выглядае, што сьпешкі няма, што ўсё рыхтуецца грунтоўна.

Міністэрства адукацыі ўвогуле няслушна падыходзіць да рэформы. Усё робіцца з канца. Насамрэч цяпер трэба думаць не пра ацэнку якасьці ведаў. Трэба думаць пра тое, якімі спосабамі гэтую якасьць дасягаць.

— Я лічу, што Міністэрства адукацыі ўвогуле няслушна падыходзіць да рэформы. Усё робіцца з канца. Насамрэч цяпер трэба думаць не пра ацэнку якасьці ведаў. Трэба думаць пра тое, якімі спосабамі гэтую якасьць дасягаць. Трэба думаць пра зьмену працэсаў адукацыі, пра захаваньне кадравага патэнцыялу. Іншымі словамі, трэба дбаць пра тыя мэханізмы, якія наўпрост ці ўскосна гэтую якасьць гарантуюць. І толькі пасьля можна думаць пра тое, як гэтую якасьць вымераць. А цяпер я бачу, што зьмястоўны складнік рэформы адсутнічае. Таму пачынаюць з канца — маўляў, давайце ацэнім. І што? Ну ацэнім. Скажам, што кепская якасьць. І што далей? Напэўна, чарговы раз кагосьці пакараюць. А праз тое, што караць ужо няма каго, адказваць зноў давядзецца настаўнікам, якім і так ужо няма калі вучыць дзяцей, бо загружаныя бюракратычнай папяровай працай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG