Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малайзійскі «Боінг» быў зьбіты расейскім «Букам» пад нумарам 332 — Bellingcat


Раней незалежным экспэртам не ўдавалася разгледзець адну зафарбаваную лічбу ў нумары машыны. Цяпер вядома, што нумар «Бука» — 332.

Міжнародная незалежная група дасьледчыкаў Bellingcat анансавала ў эфіры ўкраінскага espreso.tv справаздачу пра зэнітна-ракетны комплекс «Бук», які зьбіў малайзійскі самалёт «Боінг-777» MH17 над Украінай у 2014 годзе.

Паводле словаў экспэрта Bellingcat Арыка Толера, раней заставалася невядомаю адна лічба ў нумары машыны, бо яна была зафарбаваная. Цяпер жа экспэрты выявілі: нумар машыны — 332, і яна належыць расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе. Раней экспэрт Bellingcat называў іншы нумар «Бука» — 312 — і іншую вайсковую частку.

Пазьней дасьледчыкі пісалі, што самалёт, як выявілася, быў зьбіта «Букам» з 53-й брыгады — і распавядалі пра выкрытыя імёны некалькіх дзясяткаў людзей, датычных да катастрофы. Bellingcat тады адзначаў, што ня мае прамых сьведчаньняў таго, хто кіраваў «Букам» у час зьбіцьця самалёта, але называў верагодным, што расейцы ня проста перадалі сэпаратыстам сам комплекс, бо ён вельмі складаны, але і адаслалі разам зь ім экіпажы, прынамсі ў якасьці інструктараў.

У выніку авіякатастрофы 17 ліпеня 2014 году загінулі ўсе, хто быў на борце самалёта, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур — 298 чалавек. Большасьць ахвяраў — падданыя Нідэрляндаў. Расея не прызнае, што мела нейкае дачыненьне да зьбіцьця «Боінга», і выказвала розныя альтэрнатыўныя вэрсіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG