Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Суботкін прасіў аб памілаваньні, але Лукашэнка яму адмовіў


Максім Суботкін

Максім Суботкін

Экс-гендырэктар хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Максім Суботкін зьвяртаўся са сьледчага ізалятара да Аляксандра Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні, але яму было адмоўлена. Пра гэта стала вядома сёньня, у першы дзень працэсу над Максімам Суботкіным у Першамайскім судзе Менску. Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Аляксандар Андрэеў хадайнічаў аб далучэньні адпаведнага дакумэнту да матэрыялаў справы.

Далей пракурор амаль дзьве гадзіны зачытваў абвінавачаньне Максіму Суботкіну. Яно складаецца з 4 эпізодаў аб завалоданьні сродкамі хакейнага клюбу «Дынама-Менск» і нанясеньні клюбу стратаў праз службовыя злоўжываньні.

У адным з эпізодаў фігуруюць страты ў 1,6 мільярда рублёў, зь якіх 513 мільёнаў рублёў Суботкін нібыта незаконна атрымаў у якасьці заробку дырэктара кансалтынгавай фірмы «Маркетынг ХК «Дынама», якую ўзначаліў нібыта незаконна.

Яшчэ ў адным эпізодзе фігуруе 1 мільярд 145 мільёнаў рублёў стратаў. Паводле сьледзтва, гэтымі грашыма Максім Суботкін незаконна завалодаў разам з былым генэральным мэнэджэрам клюбу Ўладзімерам Беражковым.

З адвакатам

З адвакатам

Сьледзтва выклала падрабязную схему, у якой фігуруе нейкі Леанід Сагындыкаў. Гэты знаёмы Беражкова быў фіктыўна аформлены ў клюб на пасаду адмыслоўцы па разьвіцьці дзіцячага і юнацкага хакею. Паводле сьледзтва, грошы на заробак, бонусы, пражываньне, камандзіроўкі і нават прэміі да юбілею Сагандыкава зь ягонай банкаўскай карткі рэгулярна здымаў Уладзімер Беражкоў. Гэтак топ-мэнэджэры, паводле сьледзтва, прысабечылі больш за мільярд рублёў.

Дзяржабвінаваўца

Дзяржабвінаваўца

Вядома, што Ўладзімер Беражкоў падчас сьледзтва кампэнсаваў нанесеныя страты і быў памілаваны. Чаму памілаваньня не атрымаў Максім Суботкін, магчыма, стане вядома падчас судовага сьледзтва.

На пытаньне судзьдзі Дзьмітрыя Цыкалы, ці прызнае ён сваю віну, Максім Суботкін адказаў, што дасьць тлумачэньні пасьля допыту сьведак. Суд зацьвердзіў адпаведны парадак судовага сьледзтва.

Паводле адваката Дзьмітрыя Гарачкі, у працэс заяўлена больш за 80 сьведак. «Магчыма, сярод іх будзе і Беражкоў», — сказаў адвакат карэспандэнту Свабоды.

Адвакат Дзьмітры Гарачка

Адвакат Дзьмітры Гарачка

Справа Максіма Суботкіна складаецца больш як з 20 тамоў. Абаронца мяркуе, што працэс будзе доўгі.

На першы дзень працэсу над Максімам Суботкіным прыйшло шмат журналістаў зь дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў. Максім Суботкін з лавы падсудных усьміхаўся журналістам і не забараняў сябе здымаць на фота і відэа.

Былы топ-мэнэджэр хакейнага «Дынама» быў арыштаваны ў ліпені 2015 году і цяпер выглядае значна схуднелым. Дома Максіма Суботкіна чакаюць жонка і трое малых дзетак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG