Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Бабруйску пабілі ў пастарунку, шпіталізавалі і аштрафавалі

  • ЯН

Максім Бунцэвіч

Максім Бунцэвіч, сын затрыманых у нядзелю Віктара і Ірыны Бунцэвічаў, трапіў у шпіталь са шматлікімі траўмамі і ўнутранымі кровападцёкамі.

Пра зьбіцьцё Максім распавёў Свабодзе:

«Пасьля званка маці, што іх забралі і прывезьлі на вуліцу Менскую, 130, я прыбег туды, стаў пытацца, дзе бацькі. Мне сказалі, што ніякіх затрыманых няма. Я зноў сазваніўся з маці — яна сказала, што сядзяць у актавай залі. Я зноў да міліцыі — што вы маніце, яны ж тут у актавай залі! Дайце пабачыцца, растлумачце, што адбываецца! Гэта ж мае бацькі! І ім ужо за 50 гадоў! Мне сказалі выйсьці, а то складуць пратакол.

Я выйшаў, сеў на лаўку непадалёк ад уваходу. На ганак выйшла група ў спартовых касьцюмах і адзін у форме. Я хацеў зайсьці зноў унутр — мне перагарадзілі шлях. Зноў сеў на лаўку. Той міліцыянт у форме падышоў, спытаў дакумэнты. У мяне з сабой не было. Ён кажа — Пройдзем! Я спытаў, на якой падставе затрымліваюць. І тады на мяне накінуліся тыя ў трэніках. Я крычаў: „Хто вы такія?! За што?!“ — мяне скруцілі й зацягнулі ўнутр у нейкае памяшканьне, дзе гуртам накінуліся й сталі біць. Я ўпаў, галаву рукамі прыкрыў — рукам, рэбрам, грудзям дасталася вельмі моцна — унутраныя кровападцёкі, шматлікія ўшыбы грудзіны, кісьцей рук».

Бацька пабітага Віктар Бунцэвіч пацьвердзіў Свабодзе, што ён з жонкай у гэты час былі затрыманыя ў пастарунку і сядзелі там у актавай залі.

У выніку па Максіма прыехала хуткая дапамога.

Паводле бацькі, у бабруйскай цэнтральнай бальніцы зафіксавалі ўнутраныя кровападцёкі й іншыя траўмы. Хлопец правёў на лячэньні два дні. Сёньня ён быў выпісаны і адразу пайшоў у міліцыю.

Зьбіты Максім Бунцэвіч мусіць заплаціць штраф 2 базавых (46 рублёў) за лаянку.

У шпіталь да Максіма 27 красавіка прыяжджалі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, апыталі і сказалі, што будзе заведзеная крымінальная справа.

Віктару Бунцэвічу таксама ў пастарунак выклікалі хуткую, бо ён быў зьбіты падчас разгону акцыі ў Бабруйску супраць дэкрэту № 3. Затрымалі яго ў краме адзеньня, калі ён прымяраў куртку.

У пастарунку Віктар адмовіўся ехаць у бальніцу без суправаджэньня жонкі. Потым іх абаіх выпусьцілі без абвінавачаньняў. Цяпер фізычны стан Віктара здавальняючы.

Кіраўнік бабруйскай міліцыі Андрэй Малахаў, выслухаўшы ад карэспандэнта Свабоды пераказ гэтай гісторыі, адмовіўся камэнтаваць яе па сутнасьці:

«А хто вы? Я размаўляю толькі зь людзьмі, якіх бачу і магу праверыць. Да пабачэньня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG