Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: У архівах Беларусі няма Катынскага сьпісу


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

У архівах Беларусі няма так званага «апошняга Катынскага сьпісу», заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

«У беларускіх архівах, ні ў дзяржаўным, ні ў нацыянальным архіве, ні ў архівах ведамстваў, такога дакумэнту няма», — цытуе Макея Інтэрфакс.

«Трэба вывучыць мэтады дзейнасьці сталінскай спэцслужбы НКВД. Я думаю, не заўсёды ўсе дакумэнты захоўваліся на рэгіянальных узроўнях. Магчыма, ёсьць нейкія дакумэнты, якія захоўваюцца толькі ў цэнтральным архіве», — дадаў міністар.

Макей сказаў, што летам гэтага году, у адпаведнасьці з дамоўленасьцю зь міністрам замежных спраў Польшчы Вітольдам Вашчыкоўскім, польскі бок перадаў беларускаму тры сьпісы, наконт якіх яны хацелі б атрымаць адказ у рамках Катынскай справы.

«Мы паглядзелі ў нашых архівах. Нейкія рэчы нам удалося адшукаць, і нейкую інфармацыю мы перадамо на сустрэчы са спадаром Вашчыкоўскім і іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі. Але што тычыцца Катынскага сьпісу, то мы ўжо па даручэньні нашага прэзыдэнта два разы прагледзелі ўсе архівы, у тым ліку архівы спэцслужбаў, і хачу адназначна сказаць, што ў нашых архівах такога сьпісу не існуе», — сказаў Макей.

Адказваючы на пытаньне журналіста пра магчымасьць стварэньня ў Курапатах польскіх вайсковых могілак, міністар падкрэсьліў, што Менск ня можа сказаць, што гэта месца пахаваньня польскіх вайскоўцаў або польскіх грамадзян.

«Можа, там і маглі быць польскія грамадзяне, але сказаць, што гэта адназначна было месцам, дзе былі расстраляныя, забітыя толькі польскія грамадзяне, мы ня можам. Таму мне здаецца, што на гэтым этапе гаварыць пра стварэньне польскіх могілак не выпадае», — сказаў міністар.

Пад беларускім катынскім сьпісам маюцца на ўвазе дакумэнты з імёнамі прынамсі 3870 палякаў, забітых НКВД на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспасьпяхова дамагаецца ад Расеі, каб гэты сьпіс быў знойдзены. Некаторыя беларускія і польскія гісторыкі лічаць, што расстраляныя ў 1940 годзе афіцэры польскай арміі могуць быць пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG