Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальнасьць дзяржавы пад назвай Рэспубліка Беларусь, якою не выпадае хваліцца

„Рэспубліка Беларусь прымае належныя меры для абароны і заахвочваньня разьвіцьця свайго нацыянальнага ўкладу ў агульны культурны здабытак Эўропы“

Выглядае як фрагмэнт законапраекту парлямэнцкай Апазыцыі БНФ з пачатку 1990-х гадоў, хіба не? Між тым гэта дзейны ў Беларусі праўны акт. Адзінае –замест словаў „Кожны Дагаворны Бок“ падстаўленая назва дзяржавы. Бо Эўрапейскую культурную канвэнцыю Рады Эўропы, адкуль цытата, Беларусь ратыфікавала, і Канвэнцыя набыла ў нас праўную моц 18 сьнежня 1993 году (хаця афіцыйнага перакладу на беларускую няма).

Мала таго. Аказваецца, Рэспубліка Беларусь павінна рабіць захады з мэтай забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці беларускай мовы,

„у тым ліку яе ідэнтыфікацыю, дакумэнтаваньне, дасьледаваньне, захаваньне, абарону, папулярызацыю, падвышэньне ейнае ролі, яе перадачу, галоўным чынам з дапамогай фармальнай і нефармальнай адукацыі, а таксама адраджэньне розных аспэктаў“ моўнай спадчыны.

У двукосьсі – цытата з арт. 2 Міжнароднае канвэнцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Ратыфікаваная Рэспублікай Беларусьсю ў 2004 г., набыла праўную моц у 2006 г.

Праўда, аб'ект арт. 2 у арыгінале шырэйшы – гэта ўся ахоўваная спадчына, але Канвэнцыя тлумачыць, што яна праяўляецца ў тым ліку і ў мове „ў якасьці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны“.

Брашура пра Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Выданьне Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 2008. Клясычны правапіс (тарашкевіца)

Брашура пра Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Выданьне Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, 2008. Клясычны правапіс (тарашкевіца)

Пункты на карысьць моўных правоў асобы ёсьць у іншых міжнародных дакумэнтах, фармальна падпісаных (ратыфікаваных) Рэспублікай Беларусьсю.

Гэта і Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека (арт. 27), і Міжнародны пакт Аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 1), і іншыя. Паводле Канстытуцыі, дзяржава „прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права“, „гарантуе правы i свабоды грамадзянаў Беларусi, ...прадугледжаныя мiжнароднымi забавязаньнямi дзяржавы“ (арт. 8, 21).

Такім чынам, дзяржава забавязалася перад сьветам гарантаваць культурна-моўныя правы сваіх грамадзянаў. Але калі працуе, то „навонкі“. Напрыклад, школы і ліцэі ў Падляскім ваяводзтве, дзе беларуская мова выкладаецца як прадмет (таму іх афіцыйна, хоць перабольшана, называюць „беларускімі“), раз-пораз атрымліваюць ад амбасады ці консульства Рэспублікі Беларусі камплекты падручнікаў і літаратуры на беларускай мове. Атрымлівае дапамогу і школа імя Ф. Скарыны ў Вільні.

Гэта добра (хоць дапамогі замежным беларусам катастрафічна мала). Але ў межах Рэспублікі Беларусі дзяржаўная падтрымка стварэньню і зьберажэньню беларускамоўных школаў выглядае інакш. Сярод мноства адваротных прыкладаў нагадаю хаця б скандальную зьмену моўнага статусу адзінай беларускамоўнай гімназіі ў Глыбокім – у рэгіёне, дзе беларуская мова пакуль што жыве ў вуснах і старэйшых, і моладзі, ці сытуацыю ў 1-й гімназіі Маладэчна і 4-й гімназіі Баранавічаў, дзе ўлады напярэдадні навучальнага году ігнаруюць заявы на вучобу па-беларуску.

Яся Малашчанка

Яся Малашчанка

Першы крок у нябыт зроблены

А ў цэлым беларуская мова, паводле клясыфікацыі атлясу моваў сьвету ў небясьпецы UNESCO, ужо даведзеная да стану vulnerable (аслабленай, уразьлівай)

Гэта „белая“ ступень небясьпекі, першая зь пяці прыступак уніз – да поўнага зьнішчэньня мовы. Пэрспэктыва заняпаду наступная.

Ступень пагрозы (ёсьць і крытэры яе вызначэньня):

Белая – аслабленая, уразьлівая
Жоўтая – пад выразнаю пагрозаю
Аранжавая – пад сур’ёзнаю пагрозаю
Чырвоная – пад крытычнаю пагрозаю
Чорная – вымерла

R – ажыўленая

Беларусы – адзіны сярод дзяржаватворчых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама постсавецкай прасторы, чыёй нацыянальнай мове пагражае небясьпека зьнікненьня.

Зрэшты, і ў Заходняй Эўропе сярод моваў сувэрэнных народаў пад пагрозаю (2-й ступені) толькі ірляндзкая, а таксама рэтараманская (rumantsch) – адна з чатырох дзяржаўных моваў Швайцарыі. (Манэгаскі дыялект лігурыйскай і алеманскую ў мікрадзяржавах Манака і Ліхтэнштайне тут не бярэм пад увагу.)

Пад пагрозаю 1-й ступені, падобна як беларуская, пачуваюцца башкірская, тувінская, адыгейская, асэтынская – у Расеі.

Іншым нерасейскім мовам там яшчэ горш, пад пагрозай у Расейскай Фэдэрацыі 131 мова. Акрамя расейскай, цалкам жыцьцядзейная толькі татарская.

У Эўропе маюць моўныя праблемы амаль выключна несувэрэнныя народы: на той жа ступені, што і беларуская, знаходзяцца басконская, валійская, заходнефлямандзкая, сыцылійская, фарэрская мовы (сярод ужываных у Беларусі моваў пад пагрозаю, паводле UNESCO, таксама ідыш, цыганская (ромская) і так званая „палеская мова“ ажно з польскага перапісу 1931 году (беларускія і ўкраінскія дыялекты Заходняга Палесься).

Ёсьць на страшнаватай (нагадвае эпідэміялягічную) мапе UNESCO і пазнака R (Revitalized) – мовы, ажыўленыя пасьля сыходу апошняга прыроднага носьбіта.

Гэта ліўская ў Латвіі (дзяржава канстытуцыйна гарантуе падтрымку мове маленькага карэннага народу), мэнская ды корнская кельцкія мовы ў Вялікабрытаніі (адроджаныя грамадзкім высілкам). Адроджаны раней іўрыт (старажытнагабрэйская, цяпер дзяржаўная мова Ізраілю) на мапе не пазначаецца, бо ягонай будучыні пагрозы няма. Шанец ёсьць заўсёды, але ж яго можна і назаўсёды страціць.

Ліўская азбука. 2005

Ліўская азбука. 2005

Унікальнасьць, за якую сорамна

Апрыёры лічыцца, што мовы сувэрэнных народаў, якія маюць сваю дзяржаўнасьць, надзейна абароненыя. Для дзяржаваў, што абіраюць уласную – насуперак стагодзьдзям моўнага паняволеньня – моўную ідэнтычнасьць і ўваходзяць у эўрапейскую палітычную прастору, пачынаюць дзейнічаць іншыя мэханізмы. Становішча ірляндзкай мовы горшае, чым беларускай у нас, але Ірляндзкая Рэспубліка вядзе палітыку яе адраджэньня і вяртаньня належных функцыяў. Прызнаньне ірляндзкай гэльскай афіцыйнаю моваю Эўрапейскага Зьвязу надало справе імпэту.

Сайт Эўрапейскага Парлямэнту на ірляндзкай

Сайт Эўрапейскага Парлямэнту на ірляндзкай

Дадатковай абароны патрабуюць мовы недзяржаўных народаў, у тым ліку празь міжнародныя захады. Несувэрэнныя народы (як каталёнцы, баскі, брэтонцы, шатляндцы, валійцы, фрызы; па-за Эўропаю курды, тыбэтцы, карэнныя народы абедзьвюх Амэрыкаў, многія іншыя) у барацьбе за моўныя правы сустракаюцца зь непрыхільнасьцю дзяржаваў, у складзе якіх знаходзяцца, бо паўстае канфлікт функцыяў: пашырэньне ролі мовы такой моўнай супольнасьці можа азначаць звужэньне ролі мовы дзяржаватворчай нацыі. Таму адстойваньне моўных правоў часта паядноўваецца з барацьбой за палітычны сувэрэнітэт.

Дэманстрацыя за статус каталянскай мовы ў будучай незалежнай Каталёніі

Дэманстрацыя за статус каталянскай мовы ў будучай незалежнай Каталёніі

У гэтым сэнсе Беларусь унікальная. Наша моўная сытуацыя ненармальная для Эўропы (па-за яе межамі падобна бывае ў былых калёніях). Беларускую мову назваць мінарытарнай складана, большая частка жыхароў краіны лічыць яе роднаю (53,2% y 2009 г.). Яна нібыта дзяржаўная, але функцыянальную прастору для беларускае мовы дзяржава з аднакаранёвай назвай мэтадычна абсякае. Вытлумачыць іншаземцам стаўленьне ўлады да мовы дзяржаватворчага народу (якая здолела перажыць цэлыя эпохі чужаземнага перасьледу) цяжка.

Такая дзяржава або несувэрэнная, або не адэкватная народу і краіне.

Міжнародны моўны фронт

Шукаць саюзьнікаў, уплывовых сяброў у моўным няшчасьці нам цяжка. Таму трэба цаніць міжнародна-праўныя дакумэнты, далучацца да шматбаковых супольных ініцыятываў у абароне моўных правоў – бязь іх не было б моўных пунктаў у міжнародных пактах і канвэнцыях, згаданых напачатку.

Вось жа бяруцца за такія справы найперш прадстаўнікі моўных мяншыняў. Хоць трэба ўдакладняць, стасоўна да каго яны мінарытарныя. Скажам, каталянамоўныя на сваёй тэрыторыі – бальшыня, а ў Гішпанскім Каралеўстве яны меншыня. І яны галоўны ў сьвеце матор барацьбы за моўную разнастайнасьць. Тыя, хто змагаецца за правы сваіх моўных супольнасьцяў, незалежна ад статусу моваў, ад сваіх палітычных сымпатыяў, роўню свабоды й дабрабыту ў іхных краінах, урэшце знаходзяць адзін аднаго. А мы, носьбіты мажарытарнае мовы, да мінарытараў далучаемся. Чыя салідарнасьць нас прынамсі прымусіць задумацца.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG