Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы не даюць спакою магілёўскім габрэям


4 лістапада ў Магілёве мясцовая габрэйская грамада адзначыла гадавіну зьнішчэньня фашыстамі нявольнікаў гета. Падчас жалобнага мерапрыемства габрэі ўбачылі, што вандалы на мэмарыяльным камяні абмалявалі высечаныя на ім далоні.

Памінальнае набажэнства адбылося ля мэмарыяльнага знаку «У памяць аб габрэях — ахвярах нацызму», што на вуліцы імя Лазарэнкі абласнога цэнтру. Першымі днямі лістапада ў 1941 годзе была расстраляная апошняя група габрэяў, сагнаных на агароджаную тэрыторыю па берагах ракі Дубравенка. Мэмарыяльны знак, камень з высечанымі далонямі, усталявалі на тым месцы, дзе фашысты плянавалі зрабіць уваход у гета.

Сёньня да каменя прыйшлі больш за два дзясяткі габрэяў. Ля яго ў памяць аб забітых чыталіся малітвы. Паводле іудзейскай традыцыі, да мэмарыяльнага знаку ляглі маленькія каменьчыкі ды запаленыя шэсьць сьвечак.

«Мы згадваем ахвяраў Галакосту, ахвяраў зьнішчэньня габрэйскага народу, якія загінулі ў магілёўскім гета. Іх забівалі, як кажуць, у некалькі этапаў. Апошняе буйное зьнішчэньне адбылося прыкладна на пачатку лістапада. Мы сёньня наагул згадваем тыя шэсьць мільёнаў забітых габрэяў, якія былі забітыя толькі таму, што яны былі габрэямі. Згадваючы ўсё гэта, — мы молім творцу, каб падобных трагедыяў больш не паўтаралася», зазначыў стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн.

Сёлета ў ліпені мэмарыяльны знак залілі фарбай. Міліцыя знайшла зламысьніка. Ім, як высьветлілася, быў чалавек без сталага месца жыхарства. Да вынікаў расьсьледаваньня ў габрэйскай грамадзе гораду паставіліся скептычна. Хаця ад фарбы знак ачысьцілі, наступствы апаганьваньня на камяні ўсё адно праяўляюцца. Ён пакрысе разбураецца. Габрэі дамагаюцца, каб мэмарыяльны знак быў узяты на балянс гораду і адрамантаваны за кошт дзяржаўных сродкаў. Грошы на выраб і ўсталяваньне знаку габрэі зьбіралі талакой. Сёньня габрэі ўбачылі, што нехта на камяні абмаляваў высечаныя на ім далоні.

Мэмарыяльны знак «У памяць аб габрэях — ахвярах нацызму».

Мэмарыяльны знак «У памяць аб габрэях — ахвярах нацызму».


Абмаляваная далонь на камяні

Абмаляваная далонь на камяні


Падчас памінальнага набажэнства

Падчас памінальнага набажэнства



Стараста магілёўскай сынагогі – Сымон Глазштэйн

Стараста магілёўскай сынагогі – Сымон Глазштэйн

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG