Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія апазыцыянэры адзначылі Дзень незалежнасьці бел-чырвона-белымі сьцягамі


У Магілёве гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі ініцыятыўныя групы шасьцярых апазыцыйных вылучэнцаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адзначылі супольным пікетам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Супольны пікет апазыцыйных вылучэнцаў на вуліцы Ленінскай

Супольны пікет апазыцыйных вылучэнцаў на вуліцы Ленінскай

Сваю ўрачыстую акцыю актывісты з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ ды Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі правялі надвячоркам на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Увечары гэтая вуліца асабліва шматлюдная. Інцыдэнтаў зь міліцыяй, пакуль стаялі ў пікеце, не было.

Адзін зь пікетоўцаў, прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты ад АГП Уладзімер Шанцаў сказаў, што 27 ліпеня застаецца нацыянальным беларускім сьвятам, нягледзячы на намаганьні ўладаў, каб яго забылі. «Таму мы вырашылі пешаходную вуліцу расфарбаваць у беларускія нацыянальныя колеры. Мы не прызнаем рэфэрэндуму 1995 году, на якім была прынятая іншая сымболіка», — сказаў партыец.

Тыя з вылучэнцаў, якія наважыліся абазначыць сябе нацыянальнай беларускай сымболікай

Тыя з вылучэнцаў, якія наважыліся абазначыць сябе нацыянальнай беларускай сымболікай

«Калі б мы выйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі без такога антуражу, які называецца „перадвыбарчы пікет“, то супраць нас былі б выкарыстаныя санкцыі, — дадаў ён. — Але цяпер у нас разгул дэмакратыі, і з партрэтамі будучых кандыдатаў у дэпутаты маем магчымасьць да 11 верасьня адкрыта хадзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам, які для нас каштоўнасьць».

Два тыдні пад бел-чырвона-белым сьцягам праводзяць свае пікеты актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Паводле партыйнага актывіста, прэтэндэнта на дэпутацтва Алега Аксёнава, няшмат людзей ведаюць пра падзею, якая адбылася ў 1990 годзе і стала лёсавызначальнай для незалежнасьці Беларусі.

Алег Аксёнаў і пікет БХД

Алег Аксёнаў і пікет БХД

«Гэты дзень паволі забываецца, і каб ня наша супольная праца, яшчэ меней людзей ведала б пра дзень, калі была абвешчана Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі. Што да бел-чырвона-белых сьцягоў, то мінакі ўжо прызвычаіліся да іх. У першыя ж дні, калі мы зь імі выйшлі, людзі шарахаліся ад іх. Тлумачым людзям, што гэта за сьцягі. Сёньняшні агульны пікет і мае на мэце нагадаць людзям пра сапраўдную нацыянальную сымболіку», — сказаў Алег Аксёнаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG