Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскія прадпрымальнікі чыноўнікам: «Адмяніце ўказ № 222». Чыноўнікі прадпрымальнікам: «Крыўдзіць вас нікому не дамо»


Прадпрымальнікі кіруюцца ў аблвыканкам

Прадпрымальнікі кіруюцца ў аблвыканкам

Магілёўскія прадпрымальнікі сустрэліся з чыноўнікамі аблвыканкаму. На сустрэчы дробныя бізнэсоўцы заявілі, што ўказ № 222 памылковы, шкодзіць інтарэсам народу і варты скасаваньня.

У сваю чаргу намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч пераказаў абяцаньне кіраўніка абласной вэртыкалі Ўладзімера Даманеўскага, што «ён бізнэс у крыўду ня дасьць». Прадпрымальнікам, аднак, чыноўнік даў зразумець, што вырашаць пытаньне адмены ўказу не ў кампэтэнцыі аблвыканкаму, і папрасіў дачакацца аўторка. У гэты дзень, паводле яго, адбудзецца пасяджэньне ўраду і будуць вядомыя вынікі сходу, які ініцыюе грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

На сустрэчу ў аблвыканкам прыйшло блізу двухсот прадпрымальнікаў. Невялікая канфэрэнц-заля не змагла ўмясьціць усіх ахвотных. Людзі стаялі ў праходах. Доўжылася сустрэча больш за гадзіну.

Напачатку далі слова бізнэсоўцам. Намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч заклікаў прадпрымальнікаў да дыялёгу і пошуку кампрамісаў. Чыноўнік заявіў, што «ёсьць тыя, каго нешта не задавальняе, і якіх усё задавальняе, але якія не прыйшлі на сустрэчу».

«Таму трэба знайсьці кансэнсус на ўзроўні дыялёгу між уладай і бізнэсам. Пазыцыя кіраўніка рэгіёну ў любым выпадку: прыватны бізнэс у крыўду не дадзім, бо ён драйвэр нашай эканомікі», — зьвярнуўся да прадпрымальнікаў Віктар Некрашэвіч.

Заля поўная прадпрымальнікаў

Заля поўная прадпрымальнікаў

Амаль кожны прадпрымальнік у сваім выступе цьвердзіў, што патрабаваньні ўказу № 222 выканаць немагчыма. Чыноўнікам даводзілі: гэты ўказ вядзе да падаражэньня прывазнога тавару легпраму і пазбаўляе небагатых беларусаў даступнага адзеньня і абутку.

«Тыя цэны, якія прапануе беларуская лёгкая прамысловасьць, і той асартымэнт, які ёсьць на гуртавых складах, нас абсалютна не задавальняе», — заявіла адна з прадпрымальніц. Яна запэўніла, што на працягу году параўноўвала сытуацыю на беларускім і расейскім рынках. Паводле яе, цэны на беларускіх складах, напрыклад, на польскія тавары ўдвая вышэйшыя, чым у краіне вырабу, і ў Беларусі іх немагчыма прадаць.

Прадпрымальніца чыноўнікам: «Тыя цэны, якія прапануе беларуская лёгкая прамысловасьць, і той асартымэнт, які ёсьць на гуртавых складах, нас абсалютна не задавальняе»

Прадпрымальніца чыноўнікам: «Тыя цэны, якія прапануе беларуская лёгкая прамысловасьць, і той асартымэнт, які ёсьць на гуртавых складах, нас абсалютна не задавальняе»

Прадпрымальніца даводзіла, што, акрамя неабходнага пакету суправаджальных дакумэнтаў, якія цяжка атрымаць у Расеі, беларускія сэрвісныя структуры, якія абслугоўваюць гандляроў, не падрыхтаваныя да рэалізацыі ўказу № 222.

Яшчэ прадпрымальнік у сваім выступе паспачуваў чыноўнікам, бо тыя ня могуць, як ён выказаўся, сказаць усёй праўды. «Вас ціснулі і будуць ціснуць. Вы пазбаўленыя любой ініцыятывы», — заявіў ён.

«Але вам трэба быць і бліжэй да народу. Вам добра, ёсьць 222 указ, ён як догма, і вы яго выконваеце.

Але ж вы мусіце разумець, што падаткі мы плацім, а з падаткаў вы корміцеся.

Дык трэба ж падтрымліваць і бараніць народ», — папракнуў чыноўнікаў за бязьдзейнасьць прадпрымальнік.

Паводле яго, улада ня выканала абяцаньня стварыць гуртавыя склады з даступным па цэнах таварам. Цяпер, казаў ён, людзей пазбаўляюць выбару, што ім купляць — танны без сэртыфікатаў тавар на рынках ці дарагі ў іншых месцах.

Прадпрымальнік чыноўнікам: «Я вам спачуваю»

Прадпрымальнік чыноўнікам: «Я вам спачуваю»

Абурэньне выклікала ў прадпрымальнікаў заява адной з чыноўніц, якая спаслалася на сацыялягічнае дасьледаваньне, паводле якога нібыта больш за пяцьдзясят працэнтаў апытаных выказаліся, што гатовыя набываць даражэйшы тавар у гандлёвых цэнтрах, чым таньнейшы на рынках. Віктар Некрашэвіч кіўком папрасіў чыноўніцу, каб тая перастала спрачацца з заляй.

«Усе прадпрымальнікі просяць адмяніць 222 указ у сувязі з тым, што яго немагчыма выканаць. Мы застанемся бяз працы. Мы хочам працаваць, але нам не даюць. Гэты ўказ мы лічым памылковым», — зьвярнуўся да чыноўнікаў адзін з прадпрымальнікаў.

«Чаму ўлада ўперлася і ня хоча адмяніць гэты ўказ, хоць народ хоча гэтага? Якія існуюць прычыны, каб улада ня чула людзей?», — запыталася ў чыноўнікаў яшчэ адна прадпрымальніца.

«Вы павінны чапляцца за нас як за саломінку, а вы слухаеце нас і не разумееце, пра што мы кажам.

Нешта трэба мяняць у гэтай дзяржаве? Я ня ведаю што, але трэба», — абурана, ускочыўшы зь месца, заявіў бізнэсовец зь Віленскага рынку.

«Улада ж жыве для народу, а гэты закон, атрымліваецца, для каго? — дадала да эмацыйнай прамовы бізнэсоўца яго каляжанка. — Мы ж ня можам працаваць з гэтым указам. Для каго гэты закон, або мы не народ? Указ гэты, выходзіць, супраць народу».

Чыноўнікі аблвыканкаму. У сярэдзіне намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч

Чыноўнікі аблвыканкаму. У сярэдзіне намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч

Канкрэтных абяцаньняў чыноўнікі прадпрымальнікам не далі. Віктар Некрашэвіч перачытаў занатаваныя ім пытаньні і запэўніў, што іх сыстэматызуюць.

«Я не хачу даваць абяцаньняў, бо нам патрэбны дыялёг, а не канфрантацыя. І скончыць хачу словамі губэрнатара, што ў крыўду прадпрымальнікаў ніхто ня дасьць». Гэтымі словамі сустрэча скончылася.

«Спадзяёмся, што цяпер чыноўнікі будуць ведаць, якія ў нас праблемы, — сказаў пасьля сустрэчы прадпрымальнік з Грабянёўскага рынку. — А ня так, як СМІ пісалі, што нібыта ў нас калядныя канікулы. А гэта ж хлусьня. Мы сёньня на Віленскім рынку былі, дык там працуюць толькі тры ці чатыры працэнты гандляроў».

«Мясцовая ўлада нібыта, як сьцьвярджаецца, на нашым баку, але чакаць варта рашэньняў ад ураду, — пракамэнтавала вынікі сустрэчы прадпрымальніца зь Віленскага рынку. — Усе разумеюць, што мы апынуліся ў бядотным стане. Нам трэба працаваць. Карміць свае сем’і. Ня той час, каб гэтак ставіцца да людзей.

Мы хочам працаваць і жыць у сваёй краіне і ня хочам зьяжджаць нікуды».

У той жа час прадпрымальнікі прызнавалі, што ад чыноўнікаў аблвыканкаму нічога не залежыць. Яны выканаўцы ўказу № 222, казалі дробныя бізнэсоўцы.

Згодна з 222 указам прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Указ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG