Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па-людзку б яго назвалі, дык можа і буяў бы цяпер», — магілёўскі парк 60-годзьдзя Кастрычніка не расьце


Парк імя 60-годзьдзя Кастрычніка заклалі ў 1977 годзе ў магілёўскім Задняпроўі, але за чатыры дзясяткі гадоў ён так і не разросься. Пра ўпарадкаваньне парку як зоны адпачынку гаворка вядзецца даўно, аднак мала што робіцца дзеля гэтага.

Старажылы згадваюць, што некалі на месцы парку была ўзьлётная паласа аэрадрому. Пазьней на намытым зь Сьвятога возера пяску і заклалі парк.

«Я памятаю, як школьнікам яго высаджваў. Настаўнікі, збольшага былыя вяскоўцы, сумняваліся, што саджанцы ліпаў прымуцца. Яны цяпер нібыта і вырасьлі, але выглядаюць чэзлымі, — казаў адзін з заўсёднікаў парку. — Тады ж, у савецкі час, ня думалася пра кепскае. Усё называлі ці то імем Леніна, ці то Вялікага Кастрычніка. І парк назвалі ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі. Каб іначай, па-людзку, яго назвалі б, дык можа буяў бы цяпер».

Ці то парк, ці то поле

Ці то парк, ці то поле

«Дык на пяску ж нічога не расьце», — з усьмешкай выказаўся яшчэ адзін суразмоўца.

«Я тут жыву больш за сорак год, дык як высаджваем ля дамоў таполі, то ў яміну даводзіцца шмат чарназёму сыпаць, бо адзін пясок, — працягнуў ён. — У парку ж дрэвы самі па сабе растуць. Штогод падсаджваюць новыя, але яны ці то сохнуць, ці то сабакі, якіх выгульваюць, ламаюць. Як назвалі парк — гэтак ён і расьце».

Маладая падсаджаная алея. Ці вырасьце?

Маладая падсаджаная алея. Ці вырасьце?

Па ўскрайках парку нядаўна павыстаўлялі лаўкі са сьметніцамі. Такое ўпарадкаваньне жыхары прылеглых дамоў называюць паказухай. У слоту, як сёньня, па парку не прайсьці. Ходнікаў не праклалі, толькі вытаптаныя гразкія сьцежкі.

«Як улады ўзгадалі б, што парк для людзей і пачалі ў ім што рабіць дзеля іх можа нешта і зьмянілася, а так усё тут застылае. Толькі, паказушна, ля дарогі паставілі лаўкі. Улетку тут прайсьці можна, а як восеньская непагадзь, дык боты абувай», — выказаўся яшчэ адзін мінак.

У слоту толькі спорт ці выгул сабакі змусіць наведаць парк

У слоту толькі спорт ці выгул сабакі змусіць наведаць парк

Ён прыгадаў, як некалькі год запар у парку ладзілі гуляньні на Купальле. «Традыцыя, аднак, была перарваная, як пад Шкловам у Александрыі пачалі купаліць», — заўважыў хлопец.

Упарадкаваньне для людзей

Упарадкаваньне для людзей

«Парк на суботніках прыбіраюць дзеці зь недалёкіх ад яго школаў», — паведаміла яшчэ адна жыхарка прылеглага да парку раёну.

«Спачатку пʼянтосы кідаюць за сабой сьмецьце, а потым дзеці прыбіраюць за імі, таму і чыстым парк выглядае. А як дзяцей не было б, то сьмецьця было б не прайсьці», — з абурэньнем зазначыла жанчына.

Дрэвы не растуць на пяску

Дрэвы не растуць на пяску

Не растуць і непатрабавальныя беларускія сасонкі

Не растуць і непатрабавальныя беларускія сасонкі

За тры кілямэтры ад парку найбуйнейшае ў Магілёве прадпрыемства — «Хімвалакно», якое перажывае не найлепшыя свае часы. Істотна скараціўся працоўны калектыў. У савецкія ж часы да назвы прадпрыемства абавязкова дадавалі «імя Леніна». Цяпер пра Леніна ня згадваюць.

Сьвятое возера, найглыбейшае на Магілёўшчыне, — забруджанае

Сьвятое возера, найглыбейшае на Магілёўшчыне, — забруджанае

Купацца забаронена ў ім некалькі гадоў

Купацца забаронена ў ім некалькі гадоў

Возера, зь якога намывалі пясок для будаўніцтва жылога масіву, таксама ў «крызісе». Апошнія тры гады ў ім забаронена купацца. Яно забруджана. Як яго ачысьціць, улады ня ведаюць.

Карцінна выстаўленыя лаўкі ў парку. Дабрацца дапамогуць боты

Карцінна выстаўленыя лаўкі ў парку. Дабрацца дапамогуць боты

На ўскрайку парку ўзводзяць касьцёл сьвятога Антона. Можа ён ажывіць парк

На ўскрайку парку ўзводзяць касьцёл сьвятога Антона. Можа ён ажывіць парк

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG