У ЗША зьявіўся новы галоўны прэтэндэнт на пасаду дзяржаўнага сакратара.
Абраны прэзыдэнт ЗША рэспубліканец Дональд Трамп разглядае кандыдатуру генэральнага дырэктара нафтавай кампаніі Exxon Mobil Рэкса Тылерсана.
Пра гэта паведамілі агенцтва Reuters і газета Wall Street Journal са спасылкай на памочнікаў Трампа.
Тылерсан вядомы як праціўнік санкцый у дачыненьні да Расеі, з-за якіх канцэрн Exxon Mobil, які стварыў з «Раснафтай» супольнае прадпрыемства, страціў ня менш за мільярд даляраў. (У 2013 годзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў Тылерсана ордэнам Дружбы народаў.)
Застаюцца яшчэ тры прэтэндэнты на пасаду кіраўніка амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства: былы дырэктар ЦРУ Дэйвід Пэтрэўс, былы кандыдат у прэзыдэнты ЗША Міт Ромні, былы прадстаўнік ЗША пры ААН Джон Болтан.
9 сьнежня стала вядома, што экс-мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні выбыў зь ліку кандыдатаў на пасаду дзяржсакратара.
Чакаецца, што Трамп абвесьціць пра новае прызначэньне на будучым тыдні.